Генадзь Мацур – каліграф і афармляльнік кніг. Гэтыя дзве іпастасі і злучыліся на выставе “Рукатворы”. На сценах музея “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці” вісяць мастацкія работы сталічнага аўтара, а на стэлажах стаяць кнігі, якія ён афармляў.
Каліграфічныя работы Генадзя Мацура спецыялісты раздзяляюць на тры часткі: малюнкі-росчаркі, літары і словы на беларускім скорапісе і цытаты з твораў. Прастата, з якой, здавалася б, ствараюцца гэтыя шэдэўры, абсалютна ўяўная. Бо трэба ж не проста намаляваць літару, але і стварыць пры гэтым запамінальны вобраз. Усё гэта толькі за кошт ліній, таму што каляровая гама ў работах Мацура абмежаваная. Гэта белая папера і чорная туш, да якой зрэдку дабаўляецца яшчэ нейкі колер. Напрыклад, чырвоны, чырвоная, як у працах на нацыянальную тэматыку. Выключэнне складаюць хіба тыя каліграфіі, што выкананы з прымяненнем кампутарных тэхналогій. Але і яны не грашаць буйствам фарбаў.
На адкрыцці выставы 31 траўня Генадзь Мацур пакарыў публіку, якой сабралася шмат, не толькі сваімі мінулымі працамі, але і майстар-класам у рэжыме анлайн. На вачах гасцей вернісажа Генадзь ператварыў белы ліст паперы ў плакат з гістарычнай назвай нашага горада – Берасце.
Свядома не хочацца пісаць пра “Рукатворы” шмат. Навошта траціць час на чытанне, калі ёсць магчымасць да 24 чэрвеня проста схадзіць у музей “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці” і паглядзець усё на ўласныя вочы. Дарэчы, Генадзь Мацур сам выбраў памяшканне гэтага музея сярод астатніх пляцовак горада.
Адзінае, пра што яшчэ варта сказаць,– выстава Генадзя Мацура прайшла ў межах міжнароднай канферэнцыі “Берасцейскія кнігазборы”. Менавіта Мацур афармляў зборнік артыкулаў па выніках першых “Кнігазбораў”.
Ответить