Гэта першая Ганніна выстава, і расказвае пра свае карціны дзяўчына пакуль нясмела і няўмела. Але за мастака заўсёды больш гавораць яго творы. 12 выстаўленых карцін, створаных за адзін год – вельмі прыстойны вынік. Стылістычна ўсе яны розныя, і, напэўна, менавіта таму Ганне было цяжка падабраць назву для іх усіх. На вернісажы нават наладзілі мазгавы штурм сярод сяброў дзяўчыны, але і гэта не дало жаданага выніку. У рэшце рэшт Ганна ўсё ж падышла да свайго настаўніка Уладзіміра Тулупава, каб запытаць: “А назва “Натхненне” пойдзе?”. Калектыўна вырашылі, што пойдзе.
Па работах відаць, што Ганна тая яшчэ фантазёрка. Сярод усіх работ рэалістычных усяго некалькі, астатнія сюжэты сфарміраваліся ва ўяўленні. Прыдуманыя пейзажы, прыдуманыя людзі. Паказальнай у гэтым сэнсе з’яўляецца карціна, дзе дзяўчына ідзе ў паветры па картах да такога ж застылага ў паветры картачнага доміка. Добрае ўвасабленне ідэі спалучэння паветраных замкаў і картачных домікаў. Не здзіўлюся, калі ў далейшым мы ўбачым маладую мастачку ў амплуа кніжнага ілюстратара.
Сама гераіня не адмаўляе, што хоча звязаць з жывапісам і сваё прафесійнае жыццё. Яна наведвала некалькі год мастацкую школу, вучылася ў школе №10, якая да нядаўняга часу мела мастацка-архітэктурны ўхіл. Дзяўчыне яшчэ год вучыцца да атрымання пасведчання аб сканчэнні сярэдняй школы, але Ганна ўжо настройваецца на паступленне ў польскую ВНУ. “У Польшчы больш магчымасцяў для мастакоў”,– заўважае дзяўчына.
Уладзімір Тулупаў прадказвае для сваёй вучаніцы добры мастацкі лёс. А вопытныя настаўнікі, як вядома, у такіх рэчах памыляюцца рэдка.
Ответить