Invest Weekend – гэта дзелавое мерапрыемства, якое ставіць за мэту нос да носа сутыкнуць маладых прадпрымальнікаў і інвестараў. Адзін з арганізатараў уікэнда Аляксандр Булах дае больш дакладнае вызначэнне:
– Invest Weekend – гэта праект, закліканы збіраць найперш маладых людзей з бізнэс-ідэямі. Мы прадстаўляем для рэалізацыі гэтых ідэй і праектаў максімальную колькасць магчымасцей. Гэта магчымасць знайсці партнёра, інвестара ці кліента. Магчымасць прапрацаваць сваю бізнэс-ідэю і атрымаць зваротную сувязь ад экспертаў. Магчымасць папрацаваць з гэтымі экспертамі і цягам сутак зрабіць тую працу, на якую ў іншым рэжыме ідзе некалькі месяцаў, а то і год. Карацей, магчымасцей шмат, і якія з іх будуць рэалізаваны, ужо залежыць ад аўтараў ідэй.
Invest Weekend даўно крочыць па рэспубліцы, Брэст жа заставаўся ўбаку. Магчыма, заставаўся б там і далей, каб Дзмітрый Макарук, начальнік аддзела інавацыйнай дзейнасці БрДТУ, сам не выйшаў на сувязь з арганізатарамі. Яму даўно падабаецца ідэя стартапаў, але праводзіць ва ўніверсітэце падчас тыдня студэнцкай навукі было бессэнсоўна: добрую адзнаку студэнт, можа, і атрымаў бы, а вось інвестыцыі не. Цяпер Дзмітрый Макарук упэўнены, што Invest Weekend абавязкова прыедзе ў тэхнічны ўніверсітэт яшчэ раз. Застаецца толькі так падгадаць час, калі студэнты не занятыя сесіяй. А што ідэі ў брэсцкіх навучэнцаў выдатныя, гаворыць хаця б тое, што на цяперашнім уікэндзе аспірант БрДТУ Генадзь Вайцяховіч атрымаў сертыфікат за самы інавацыйны праект у сферы дыягностыкі ішэмічных захворванняў.
Праграма інвестыцыйных уікэндаў двухдзённая. У першы дзень удзельнікі цягам двух хвілін прэзентуюць свае ідэі перад аўдыторыяй і экспертамі. Эксперты робяць заўвагі па прэзентацыі і раяць, што перарабіць, каб прэзентацыя выглядала салідна ў вачах інвестара.
На наступны дзень аўтары працуюць у камандах з патрэбнымі ім экспертамі. Разам яны ідэі пераўтвараюць у праекты, дзе нават пралічана, колькі грошай неабходна знайсці. Праўда, грошы аўтараў цікавяць не заўсёды. Напрыклад, адміністратар сайта MaeSens.by, які спецыялізуецца на дабрачынных аўкцыёнах сустрэч, сказаў, што грошы рэсурсу непатрэбныя, але пашырыць дзейнасць на Брэст было б добра.
Сярод 14 праектаў былі самыя разнастайныя. Прэзентаваліся лекі, сайты, інавацыйнае абсталяванне, гульня, навукова-вытворчая аптэка і нават клубакавярня.
Клубакавярню, дарэчы, прыдумалі берасцейцы Аксана Бровач і Арцём Кір’янаў. Яны прапанавалі стварыць у Брэсце кавярню без алкаголю, затое з творчай пляцоўкай. На другі дзень нашы героі трохі перадумалі і агучылі ўжо другі праект – хостэл з усё той жа творчай пляцоўкай. “Нас эксперты вельмі падтрымалі, і мы вырашылі рызыкнуць,– распавядае Аксана Бровач.– Хостэл мы таксама хацелі ўжо даўно, але, шчыра кажучы, баяліся прэзентаваць менавіта на гэтым інвесце”. Каманда Аксаны і Арцёма была прызнаная лепшай, а праект зацікавіў ажно двух інвестараў. Праўда, пакуль пра нешта дакладнае гаварыць яшчэ рана. Калі судзіць па баявым настроі аўтараў, першы ў Брэсце хостэл у нас будзе.
Сярод іншых праектаў адзначу яшчэ адзін, які мне паказаўся важным. Гэта праект па стварэнні навукова-вытворчай аптэкі, якая б рабіла на заказ міністэрства аховы здароўя невялікія партыі дарагіх лекаў ад рэдкіх захворванняў. Міністэрству гэта абыходзілася б танней, чым купляць за мяжой, а хворым працягнула б жыццё. Па словах аўтара праекта Уладзіміра Малахава, прадстаўнік міністэрства нават выказаў зацікаўленасць, справа пакуль за грашыма для вытворчасці. На жаль, аўтар прадстаўляе свой праект не першы раз, але інвестараў на такую важную справу пакуль не знайшоў.
Усяго на берасцейскім інвестыцыйным уікэндзе арганізатары ўручылі тры сертыфікаты. Акрамя згаданага Генадзя Вайцяховіча, сертыфікаты атрымалі Аксана Бровач і Арцём Кір’янаў (“Найлепшая каманда”) і Сняжана Барцэвіч за праект па вентыляцыйных клапанах (“Самы камерцыйны праект”).
Ответить