Што і казаць, дзе тая няблізкая Англія, а дзе Заходняя Беларусь? Няўжо англійскія артысты былі тут з гастролямі? Малаверагодна. Але паненка, якая жыла у фальварку Шалічы і пра якую кажуць мясцовыя людзі, што яна прапіла ўсе свае грошы, напэўна, з’яўлялася фанаткай тэатру, аб чым відавочна сведчаць два знойдзеныя мною медальёны.
На адным з іх мужчына з доўгай вузкай бародкай і пышнай шавялюрай, прыплюснутай яўрэйскім чэпчыкам. Вакол партрэта надпіс “Mr. HENRY IRVING AS SHYLOK”. На другім медальёнчыку выява маладой жанчыны. На яе плечы накінута вопратка з вялікім каўняром, а на шыі віднеюцца маністы. Вакол выявы надпіс “MISS ELLEN TERRY AS BEATRICE”. Спачатку я падумаў аб прадстаўніках якой-небудзь рэлігійнай секты, але інтэрнэт паказаў, што гэта вельмі вядомыя артысты англійскага тэатру.
Сапраўднае імя Ірвінга – Джон Генры Бродрыбб. Ён быў не толькі акторам, але і рэжысёрам спектакляў. Як кажа сам пра сябе: “Тое, што я дасягнуў як актор вялікае дзіва, бо мае ногі, мой голас,- усё было супраць мяне. Для актора, які мае праблему пры хадзьбе, ня можа казаць, і не мае выразнага твару, я дасягнуў многага.” Гэтае выказваньне далёка не гульня, бо вядома, што некалькі гадоў Ірвінг лячыўся ад заікання, і ўсё жыццё пакутаваў ад хваробы ног, ну а ягоны твар мы і цяпер можам бачыць на шматлікіх фотаздымках ды малюнках. Творчасць Генры не забытая грамадзянамі Англіі і яму усталяваны помнік перад Нацыянальнай Партрэтнай Галерэяй у Лондане.
На другім пасярэбраным медальёне з бронзы з чатырмя вушкамі для мацавання іншых медальёнаў выява місс Элен Тэры ў ролі Беатрычы. Ейныя бацька і маці былі акторамі, і яна сама на тэатральнай сцэне з 9 гадоў. Як паведамляюць тагачасныя крытыкі, была здатнай ды выконвала галоўныя ролі у п’есах У.Шэкспіра.
Элен была пастяннай партнёршай Ірвінга па тэатры, (нават хадзілі чуткi, што двое пазашлюбных дзетак былі ад яго,) і толькі пасля яго смерці выконвае роль ледзі Сесіліі ў п’есе Бернарда Шоу, прысвечанай менавіта ёй.
Як бачым, мне трапіліся медальёны галоўных актораў у ролях з розных спектакляў. Калі ж маглі быць створаны гэтыя медальёны? Калі глядзець па сыграным спектаклям, дык не раней чым у 1879 годзе, таму што тады быў пастаўлены спектакль паводле п’есы Шэкспіра “Гандляр Венецыі”, у якой галоўную роль Шылока зыграў Ірвінг, а місс Тэры выконвала роль Порція. Гэты спектакль іграўся на падмостках 250 разоў.
Міс Элен Тэры абазначана на медальёне ў ролі Беатрычы. Гэта спектакль паводле п’есы В.Шэкспіра”Многа шуму з нічога”. Генры Ірвінг выконваў тут галоўную роль Бэнедыкта.
Але паколькі на медальёне Ірвінга перад іменем стаіць удакладненьне “Mr”, можна больш дакладна даціраваць знаходку. Яно не сведчыць аб рыцарскім тытуле, які каралева Вікторыя дала Генры за заслугі ў тэатральным мастацтве ў 1894 ці ў 1895 годзе, значыць, медальёны для падвескі былі выраблены не пазьней за 1894 год. Рыцарскі тытул дае права на паважны зварот (SIR) і калі б медальён быў зроблены пасля нададзенага тытула на ім абавязкова не прамінулі б змясціць такі зварот.
Цяжка з упэўненасьцю адказаць, хто быў мастаком медальёнаў, і ў якой краіне яны маглі быць зробленымі. Гэта магла быць як сам Англія, так і Амерыка, у якую тэатр здзесніў 8 гастроляў. І па падліках місс Элен тэатр прабыў там у суме 6 гадоў. Тым больш што ў сваіх успамінах “Гісторыя майго жыцьця” Элен Тэры ўзгадвае сяброўства з некаторымі амерыканскімі мастакамі.
Цікава, што на тэрыторыі сучаснай Беларусі жылі людзі, якія ведалі пра гэтых англійскіх артыстаў, і нават трацілі грошы на артэфакты, якія і мяне спарушылі да азнаямленьня з тагачасным тэатральным жыццём Англіі.
Пчаляр-паэт Мікола ПАПЕКА
Ответить