Для таго, каб работы хаця б часова спынілі, мясцовы люд пайшоў на адчайны крок. У восем гадзін раніцы, у дажджлівы панядзелак, яны сабраліся перад брамай будоўлі і проста не пусцілі туды рабочых. Прараб спрабаваў нават выклікаць міліцыю, аднак сам жа яе і адпусціў, дазволіўшы людзям чакаць адказных за будаўніцтва.
З боку здаецца: ну чаго бунтаваць – аптэка ж? Аднак людзі добра аргументуюць сваю незадаволенасць: “Нашто нам тут аптэка, калі ў радыусе двухсот метраў ужо ёсць іх тры? Чаму не пабудуюць аптэку на Кар’ернай, дзе няма зусім нічога, затое ёсць два шматдзетныя дамы? Ды нават праз дарогу ёсць свабодныя пустыры. Не трэба разбураць газоны, вырываць з каранямі дрэвы, і адлегласць ад дамоў большая”.
Другія дабаўляць: “З намі ніхто не ўзгадняў гэтае будаўніцтва. Як прыбіраць і сажаць дрэвы, то нам кажуць, што мы адказваем за гэты пятачок, а як будаваць, то нас нават і да ведама не ставяць. Плюс да ўсяго тут небяспечнае перакрыжаванне. Толькі нядаўна двух дзяцей збіла машына. І такія аварыі адбываюцца часта. Гэта пры тым, што пакуль бачнасць не перакрытая, а што будзе, калі сюды ўсунуць нейкую аптэку яшчэ?”
У тым, што ля іх дамоў будуюць менавіта аптэку, жыхары Суворава таксама неяк сумняваюцца. І пашпарт аб’екта, які хуценька павесілі, як толькі пачалася акцыя пратэсту, іх таксама не запэўніў. Пашпартам яны не вераць пасля таго, як на Валгаградскай, у пары сотні метраў ад цяперашняй будоўлі, не адбыўся такі канфуз: на пашпарце значылася, што будуюць стаматалагічную паліклініку, у выніку атрымалася казіно.
“Яшчэ абавязкова напішыце,– гаворыць адна з удзельніц акцыі,– што мы выступаем тут і супраць таго, як з намі размаўляюць чыноўнікі. У прыватнасці, галоўны архітэктар горада, якому мы званілі. Ён сказаў, што яго зарплата замаленькая для таго, каб ездзіць і шукаць пустыры пад будаўніцтва”.
Праз некалькі гадзін пратэсту на будоўлю ўсё ж прыехала начальства. Ім аказаўся дырэктар ТАА “Брэст-Інвест-Сістэм” Рыгор Кусік. Ён паказаў інвестыцыйны догавар з мінскай фірмай “Формула жыцця”, падпісаны яшчэ ў мінулым годзе Канстанцінам Сумарам. Адным з пунктаў дагавора з’яўляецца прадастаўленне ўчастку, пра які ідзе зараз гаворка, у арэнду на 49 год.
Праўда, гэтыя звесткі ніякага ўражання на дэманстрантаў не зрабілі, толькі абурылі яшчэ больш. У выніку Рыгор Кусік быў вымушаны аддаць загад аб часовым спыненні будаўніцтва да далейшых распараджэнняў улад. У аўторак жыхары спецыяльна выйшлі пад будоўлю зноў, каб пракантраляваць выкананне гэтага загада.
У названых дамах жывуць пераважна ваенныя, і маленькі газон, у вуглу якога цяпер сіратліва валяюцца вырваныя дрэўцы, яны гатовыя адстойваць, як Брэсцкую крэпасць. Яны накіравалі свае подпісы і ў гарвыканкам, рыхтуюць ліст у пракуратуру, але занадта добра ведаюць, што аднымі зваротамі свае правы абараніць нельга. Не прайшло шмат часу, як тут паставілі вышку мабільнай сувязі, не вельмі звяртаючыся на пратэсты і не надта клапоцячыся пра здароўе жыхароў блізкіх дамоў.
Тым не менш людзі вельмі спадзяваюцца, што ў высокіх чыноўных кабінетах усё ж хоць ненадоўга ўспомняць і пра іх інтарэсы.
Ответить