“На абпаленых крылах” – гэта зборнік болю і пакутаў. Тут яны ў кожным аповедзе, у кожным слове. Гэта ж нялёгка – успамінаць, як цябе білі, як марылі голадам, як забіралі ў цябе кроў, як на тваіх вачах забівалі маці. Бо ўспамінаць – гэта як перажываць нанава.
У таго, хто прайшоў праз пекла, трэба вучыцца ўсёдаравальнасці. Ні ў вачах, ні ў словах былых пакутнікаў няма нянавісці. Таму кніга “На абпаленых крылах” хоць і балючая, але добрая. Можа, таму, што большая частка аўтараў – жанчыны. Кніга не пужае, а неяк па-мацярынску папярэджвае, куды не трэба лезці, каб не было бяды. “Трэба заўсёды расказваць праўду і казаць, як ўсё было на самай справе,– пісала Тамара Шыманка. – Усё павінна быць вядомым. Дабро і зло. Я дагэтуль не ведаю, што дапамагло мне тады выжыць. Гэта быў мой лёс ці мне дапамог Бог, каб я магла расказваць людзям пра жахі вайны і пра тыя страшныя пакуты. Калі я сёння чую паведамленні пра войны, я заўсёды ўяўляю сем’і, якія гэта кранула, асабліва дзяцей. Гэта так жахліва! Я жадаю ўсім і сабе міра, міра, міра!”
Яшчэ адна цытата, каб да канца зразумець, пра што кніга: “У бараку часта з’яўляліся людзі ў белых халатах, аглядалі нас, распрануўшы дагала, а пасля вялі ў нейкі барак, падобны на палату, бралі кроў для нямецкіх салдат і рабілі нейкія ўколы. Дзеці, якія трапілі ў лагерны лазарэт, рэдка вярталіся з яго, часцей паміралі”. Гэтак піша старшыня Брэсцкай гарадской арганізацыі ГА “Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму” Лідзія Дзеравянка.
Згаданыя і наступствы фашысцкага палону: “На шляху дадому яе чакалі нялёгкія выпрабаванні,– расказвае Анатоль Дзенісейка пра былую вязніцу КацярынуГрэцкую , з якой, дарэчы, мне пашчасціла пазнаёміцца зусім нядаўна.– Яна трапіла ў фільтрацыйны лагер НКУС, дзе падлегла прыніжальным допытам: “Чаму пагадзілася ехаць у Германію? Чаму не пайшла ў партызанскі атрад?”. Нейкім чынам следчыя дазналіся, што яе бацька знаходзіцца ў Канадзе. Кацярына рэальна магла папоўніць змрочныя спісы ворагаў народа”.
На прэзентацыі, што адбылася ў абласной бібліятэцы імя М.Горкага 22 чэрвеня, былыя вязні, аднак, стараліся не ўспамінаць лагеры, а казалі пераважна пра сучаснасць. Жадалі нам, сваім дзецям і ўнукам, здароўя і ўсяляк заклікалі берагчы мір. Усміхаліся, а ў вачах усё адно стаялі слёзы. Так жадаць міру можна толькі добра ведаючы, што ён не канстанта ў чалавечай цывілізацыі.
На прэзентацыі кнігі “На абпаленых крылах” былі былыя вязні, пісьменнікі, дзеці, бібліятэкары, журналісты. Не было толькі прадстаўнікоў мясцовай улады, што міжволі падштурхнула да думкі, быццам вязні фашысцкіх лагераў і прымусовыя рабочыя на нямецкіх фабрыках дагэтуль не ўкладваюцца ў дзяржаўную ідэалогію. Тыраж кнігі і тое, як цяжка шукаліся на яе сродкі, наводзіць на тую ж думку. Захаплення вартая старшыня абласной арганізацыі Беларускай асацыяцыі непаўналетніх вязняў фашызму Людміла Раманенка, якой усё ж удалося давесці задуманае да друкарскага станка. Вялікую дапамогу ёй у гэтым аказалі пісьменнік Леанід Філатаў і рэдактар газеты “Царква” Ігар Бараноўскі.
Разам з усімі шкадую пра малы тыраж, але ж правільна заўважыў госць са сталіцы Эдуард Акулін: напісанае застаецца. І, можа, калі-небудзь нам будзе больш важна надрукаваць такую кнігу для кожнай школы, чым растранжырыць грошы ў чарговым бутафорскім мерапрыемстве.
0 комментариев
Anonymous User
25.06.2013 в 10:57