На трэці дзень пасля таго, як жыхары раду дамоў па вуліцы Суворава не пусцілі будаўнікоў на будоўлю аптэкі, абмеркаваць праблему на месца прыехалі чыноўнікі. Галоўная размова адбылася з намеснікам старшыні гарвыканкама Мікалаем Бясько, які вядзе пытанні кіравання камунальнай маёмасцю, і галоўным архітэктарам горада Алегам Ляшуком.
Зрэшты, размовай гэта назваць цяжка. Першыя некалькі хвілін людзі мужна трымаліся і толькі час ад часу ўстаўлялі рэплікі ў прамову Мікалая Бясько, які імкнуўся сказаць, што будаўніцтва законнае, узгодненае з усімі службамі і не супярэчыць генеральнаму плану забудовы горада Брэста. Аднак вельмі хутка сітуацыя выйшла з-пад кантролю. Народ абступіў начальнікаў і наперабой задаваў усе набалелыя пытанні, асабліва і не чакаючы на іх адказаў. Пытанні не толькі пра апэку, што будзе рэалізоўваць, як выявілася, БАДы, але і пра распараджэнне зямлёй, зарплаты, колькасць чыноўнікаў на душу насельніцтва і пра справядлівасць. І, безумоўна, асобным блокам пра школы і дзіцячыя садкі, якіх проста прагнуць жыхары новазаселеных раёнаў.
Пакуль адна група, прыпёршы ўладу да металічнай агароджы, карысталася правам на свабоду выражэння меркаванняў, другая займалася фармальным афармленнем народнага недавольства. Абраны старшынёй сходу Фёдар Петрусевіч паставіў на галасаванне тры патрабаванні: спыніць будаўніцтва, вярнуць пляцоўцы першапачатковы выгляд і распусціць гарадскі Савет дэпутатаў. Апошняе патрабаванне Фёдар Петрусевіч лёгка тлумачыць:
– Мы прасілі сваіх дэпутатаў паўздзейнічаць на гарвыканкам. Яны наша прадстаўнічая ўлада і ў іх паўнамоцтвы ўваходзіць весці перамовы з іншымі галінамі ўлады. Але нашы дэпутаты не з’яўляюцца сюды, хоць мы іх запрашаем. І гэта далёка не першы выпадак, калі нас так “кідаюць”. Мы ім больш не давяраем і хочам выбраць новых.
Пратаколы з подпісамі накіруюцца ў гарвыканкам, аблвыканкам і гарадскі савет дэпутатаў. Актывісты падумваюць адначасова звярнуцца ў суд.
За дзень да сходу жыхары вуліцы Суворава выклікалі да будоўлі інспектара ДАІ, які засведчыў, што будынак сапраўды паспрыяе небяспецы на перакрыжаванні, ля якога ён узводзіцца. Аднак чыноўнікі на сходзе заявілі, што з ДАІ пытанне ўзгодненае. Падобныя выгодкі пераконваюць берасцейцаў у карумпаванасці кіраўнічай вяршыні.
Ответить