Хто ён – педагог-арганізатар?
Калісьці так было і са мной. Дыплом – да нашага ўсеагульнага выдатніцкага здзіўлення не чырвоны зусім, а сіні з залацістымі літарамі – не азначаў аўтаматычнага размеркавання па спецыяльнасці. Да вялікай радасці, у выніку месца зайшлося ў Ленінскім раёне Брэста. Аднак два месяцы настройвання сябе на выкладанне дзекання, цекання ды асіміляцый змяніліся горкай праўдай жыцця: “Тое месца занята. Трэба было адразу пасля атрымання дыплома прыходзіць. Зараз можам прапанаваць толькі месца выхавацеля ў дзіцячым садку”.
Тады я зразумела, як гэта, калі аднімае мову. Калі прыгавор здаецца занадта жорсткім, каб быць праўдай, таму ты проста чакаеш новага. Новы, аднак, не нашмат лепшы – педагог-арганізатар на паўстаўкі. Ужо весялей, але адчуванне, што жыццё скончылася ў 22 гады, не праходзіць. А тут дырэктар, твой патэнцыйны бос, дабівае: “Праца педагога-арганізатара вельмі адказная, разумееце? Гэта і мерапрыемствы, і БРСМ, і макулатура, і шмат чаго іншага. Вы справіцеся?” Пару секунд думаю і на поўным сур’ёзе адмоўна хістаю галавой – не, я, лаўрэат стыпендыі Спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, не спраўлюся. І не хачу спраўляцца.
У рэшце рэшт у мяне з’явіўся новы выбар, і педагогам-арганізатарам я так і не стала. Але ў многіх маіх калег такога выбару не аказалася. І яны пайшлі арганізоўваць школьныя лінейкі, паступова сціраючы з памяці спецыяльныя веды. Адным абяцалі месца прадметніка, “як толькі яно вызваліцца”, другім не казалі нават гэтага. А навошта? Педагог-арганізатар у школе – гэта абслуга, тым больш калі ён яшчэ і малады спецыяліст. І цырымоніцца з ім зусім не абавязкова. “Ты павінна быць заўсёды пад рукой,– кажа адна з выпускніц філфака, што нядаўна закончыла адпрацоўку ў якасці педагога-арганізатара.– Цябе могуць адправіць адвезці-прывезці паперкі, аплаціць асабістыя рахункі, схадзіць за гарэлкай, калготкамі ці пракладкамі для дырэктрысы. Два гады адпрацоўкі ўспамінаю, як кашмарны сон. Ніколі ў жыцці не вярнуся на гэтую працу”.
Гарэлка і пракладкі, канешне, не абавязковыя атрыбуты працы. Тут ужо як пашансуе з начальствам. Але пра інтэлігентнасць апошняга рэдка ўзгадваюць маладыя спецыялісты. У асноўным на першым месцы працы іх чакае культурны шок.
Будні
Дырэктар, які так і не стаў мне босам, памыляўся. Найперш у абавязках педагога-арганізатара зусім не правядзенне мерапрыемстваў. “Ва ўсіх паперках, што прысылаюць у школу, на першым месцы стаіць ідэалагічнае выхаванне,– кажа маладая настаўніца, што сумяшчае выкладчыцкую працу з арганізацыйнай.– Тобок як сябе паводзяць дзеці, калі грае гімн, як яны паважаюць таго, каго трэба паважаць, і гэтак далей”.
Я ведаю маю суразмоўніцу Кацярыну ўжо гадоў пяць. Таксама выпускніца філфака, выдатніца, імянная стыпендыятка. Хлебанула гора ў працоўным калектыве пасля размеркавання, пры гэтым умудрылася не страціць крэатыўнасці, працалюбства і любові да выхаванцаў. Праўда, сімпатыі да самой сучаснай школы яна ў сабе так і знайшла, таму старанна шукае новую працу. Дык вось, добра ведаючы грунтоўнасць Кацярыны, мне асабліва цікава гутарыць з ёю пра тое, чым ёй прыходзіцца займацца.
– У БРСМ заганяеш школьнікаў?
– Бог даў так, што не заганяла. Вучні 9 класа хацелі ўступіць, але паколькі да іх двойчы так і не даехалі прадстаўнікі раённай арганізацыі, то яны перадумалі. І да мяне не было ніякіх прэтэнзій.
– І ў школе няма членаў БРСМ?
– Ёсць, але тыя, што ўступілі раней. Я іх туды не прыводзіла, таму сумленне маё чыстае.
– А што з малодшымі школьнікамі – іх таксама арганізоўваеш?
– Канешне. Малодшых школьнікаў трэба арганізоўваць па старой савецкай схеме – гэта акцябраты (з 1 па 4 класы) і знакамітыя піянеры (5-8 класы). Гадуем змену для камсамола. Бо гэта толькі малодшае пакаленне гаворыць “БРСМ”, старэйшыя людзі кажуць наўпрост “камсамол”.
– Атрымліваецца?
– Паўсюль крычаць пра гэтую піянерыю, што трэба арганізоўваць, павялічваць паказчыкі… Скажу адно: для мяне гэта найбольшая траўма жыцця – арганізоўваць піянераў. Чаму? Таму што тыя маральныя ўстаноўкі, якія прапісаны ў статуце арганізацыі, так страшэнна састарэлі, што сучасным дзецям абсалютна незразумелыя. Яны нават над тым жа гальштукам смяюцца, не кажучы ўжо пра вынас сцяга на зборы дружыны і старыя песні, якія ўсё яшчэ пяюць, бо новых не напісалі. Прыходзіцца прыдумваць нейкія сучасныя формы збораў, каб хоць неяк зацікавіць дзяцей у тым піянерстве.
– Пра Паўліка Марозава расказваеш ім?
– І пра Паўліка Марозава, і пра Марата Казея, і пра Зіну Партнову. Для гэтага ёсць спецыяльны дзень – Дзень юнага героя-антыфашыста, які адзначаецца 8 лютага. Вось тады і распавядаю пра іх усіх.
– Але піянерская арганізацыя і БРСМ не адзіныя грамадскія аб’днанні для дзяцей і моладзі. Ёсць іншыя. Ці ёсць шанец ім замацавацца ў школе?
– Арганізацыі, якія не лічацца тымі, што падтрымліваюцца дзяржавай, не прыжываюцца ў школе. Большасць з іх нават на парог школьны не пусцяць. Мне самой больш імпануюць скауты, але нічога не паробіш.
Жыццё пасля смерці
Кацярына ніколькі не перабольшвае. Дастаткова зайсці на сайт БРПА, каб зразумець, якім анахранізмам з’яўляецца гэтая арганізацыя. Тая ж арганізацыйная структура, тыя ж тэрміны, тыя ж формы працы, што і за Саветамі. Гэта толькі дэкляруецца, што “адбылася адмова ад аўтарытарызму, сталі непрымальнымі нівеліроўка асобы, масавасць, абавязковасць удзелу дзяцей ва ўсіх мерапрыемствах”. А калі капнуць глыбей і пагартаць метадычныя рэкамендацыі для педагогаў-арганізатарў, то становіцца відавочна, што ніякай асобай там і не пахне. Як была стаднасць – прабачце, калектыўнасць – так яна і засталася.
А тлумачэнне партыятызму ў адной з метадычак і зусім прымусіла ўсміхнуцца. Аказваецца, школа мусіць выхоўваць дзяцей “у непрымірымасці да ворагаў”. Напэўна, для таго, каб працягвала існаваць легенда пад назвай “Калі не Ён – то вайна”.
Сустракаюцца, канешне, зярняты здаровага сэнсу. Напрыклад, у выглядзе заўваг, што лінейкі і пабудовы атрадаў не заўсёды зараз актуальныя. Але ж і гэтыя прагрэсіўныя аўтары не прапануюць нічога прынцыпова новага на замену. Ды і што казаць – самімі назвамі і сімволікай БРПА і БРСМ паказваюць, што нічым яны ад савецкіх не адрозніваюцца.
Вось з-за гэтай ідэалагічнай працы, якую прыходзіцца выконваць, у асноўным, маладому пакаленню па загадах чыноўнікаў, што сумуюць па часах сваёй маладосці, і шкада педагогаў-арганізатараў. А цікавая ж магла б быць праца, каб не розныя дзяржзамовы.
0 комментариев
Anonymous User
05.07.2012 в 21:11Ганна
05.07.2012 в 21:11Дзякуй, цікава і надзенна. Самае страшэннае — што малады спецыяліст амаль нічога не можа сказаць супраць і ен паміж волі займае месца ў структуры замбавання хлопчыкаў ды дзяўчат…
Міхал
06.07.2012 в 19:31Спадарыня Іна, вітаю!
Артыкул вельмі спадабаўся (дзякую за яго!), а вось слова «канешне», ужытае ў ім, — не. Рэч у тым, што гэта расеізм, які за савецкім часам (ці за імперскім?) трапіў у нашую цудоўную мову.
У беларускае мове ёсьць слова «канечне», але яно вызначае скончанасьць: канец, канчатак, скончаны, канчатковы. Адпаведнікамі яму з’яўляюцца расейскія «обязательно», «во что бы то ни стало».
У мове сп. Кацярыны й Вашым артыкуле слушна будзе ужыць адно з наступных словаў: вядома, зразумела, бясспрэчна.
Посьпехаў Вам у працы й вялікі дзякуй за мову!
Станислав
09.07.2012 в 10:01Какие ужасы и проблемы? Неужели в области не была вакансии по специальности. Я в семидесятые учительствовал в районной школе-лучшее время моей жизни. На что только не идут, чтобы в жарком пыльном Бресте в самой средней школе устроиться. Мой тогдашний коллега по распределению сейчас лучший словесник Бреста, пройдя школу отличных районных учителей.
Аўтар
16.07.2012 в 13:57Міхал, дзякую за каментар. Заўважыла, што большасць каментаў пад маімі артыкуламі лінгвістычнага характару. Гэта вельмі прыемна. Значыць, мова актыўна выкарыстоўваецца і людзям не ўсё адно, якія словы ў ёй ужываць. не кажу ўжо пра ўважлівасць чытання. Слова «канешне» настолькі плотна сядзіць у маім лексіконе, што я не хутка ад яго пазбаўлюся ) Аднак усё адно ўлічваю вашыя рэкамендацыі.