Аня ў сёлетняй уступнай кампаніі з’ява адметная. Тэст па хіміі яна напісала на максімальна магчымую колькасць балаў. Два другія тэсты – па біялогіі і рускай мове – на 98. Тым самым яна набрала 296 балаў з 300 магчымых. А сярэдні бал атэстата гэтай светлай галавы 9,9 балаў.
Абмеркаваць поспех Ганны я вырашыла не толькі з самой гераіняй, але і з яе класнай кіраўніцай і настаўніцай хіміі Святланай Мелехавец. Калі спачатку і былі сумненні, ці раскрыецца да канца былая вучаніца ў прысутнасці былой настаўніцы, то яны адпалі адразу, калі я ўбачыла іх разам. Добрая і ўсмешнівая Святлана Сяргееўна нават мяне не настройвала трымаць язык за зубамі.
– Аня, цяжка было напісаць тэст на сто балаў?
– Не, не вельмі. Галоўнае, не хвалявацца. Калі я ўбачыла заданні, то зразумела, што гэта не горшае, што магло б быць. Былі заданні, якія ставілі ў тупік, але гэта больш ад стрэсавасці сітуацыі. Калі трохі праходзіць паніка, усё становіцца на сваё месца. Трэба не губляцца і ўсё правяраць па некалькі разоў.
– А як рыхтавалася?
– Хадзіла да Святланы Сяргееўны, сама рыхтавалася ды і на ўроках я старалася не губляць часу дарма. Плюс хадзіла на ўсе пробныя тэсты. Але пісала я іх не так добра, як апошні.
– Святлана Сяргееўна, гэта праўда? Аня не губляла час дарма на вашых уроках?
– Канешне. У ліцэй навогул прыходзяць у асноўным дзеці, накіраваныя на навучанне. Усе, хто вучыўся ў нашым хіміка-біялагічным класе, засвойваў гэты прадмет з цікавасцю. І мне з імі таксама цікава. Не лёгка, не складана, а менавіта цікава. Аню я заўважыла адразу, калі яна прыйшла да нас у 9 класе. Ёй вельмі лёгка давалася хімія.
– Аня, а навошта табе хімія?
– Хімія мне падабаецца эксперыментамі. Мая мама працуе ў бальніцы, і яна, калі я яшчэ малой была, прыносіла розныя кубачкі Петры, колбачкі, і я з імі гулялася. Відаць, з гэтага ўсё і пачалося. Пазней у 8 класе пачалася хімія, і я пачала думаць пра будучую прафесію. Тады і вырашыла, што буду фармацэўцам. Паступала ў ліцэй спецыяльна, каб займацца хіміяй глыбока. Да гэтага вучылася ў гімназіі№2.
– Быць фармацэўтам не перадумала?
– Не, у мяне нават варыянтаў апошнія некалькі год не было іншых. Я цалкам настройвалася на паступленне ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.
– Святлана Сяргееўна, а куды паступаюць іншыя выпускінікі, што вывучалі паглыблена хімію ды біялогію?
– Многія, як і Аня, ідуць у медыцыну. Але становяцца і эколагамі, тэхнолагамі, настаўнікамі…
– Аня толькі што сказала, што тэст ёй было пісаць лёгка. Вы як настаўнік згодны з гэтым?
– Ані, можа, і лёгка, але толькі таму, што яна такая разумненькая дзяўчынка. Увогуле хімія – такі асаблівы прадмет, які патрабуе фундаментальных ведаў. Там вельмі шмат задач на вылічэнне, і вылічэнні не з лёгкіх, асабліва гэта тычыцца часткі Б, дзе вылічэнні ў задачах практычна на старонку. Ты можаш выдатна разбірацца ў хіміі, але зрабіць матэматычную памылку, і ад гэтага здаць тэст горш. Мне здаецца няправільным, што абітурыентам даюць толькі дзве гадзіны на рашэнне тэста. Я штогод сустракаю дзяцей пасля тэставання, і вельмі многія падыходзяць і кажуць, што ім не хапіла часу нешта палічыць. Трэба даваць хаця б дзве с паловай гадзіны ці тры.
– Плюс да ўсяго ў вас жа ўсё-такі ліцэісты, і прадмет яны здаюць профільны, а што казаць ужо пра звычайных школьнікаў?
– У тым і справа. І дзеці ж бываюць розныя па тэмпераменце. Я нават па сваіх вучнях гляджу. На кантрольных працах адны хуценька ўсё робяць, а другім трэба больш часу. Гэта не значыць, што яны дурнейшыя, проста ў іх іншы характар.
– А самі заданні вы як ацэньваеце?
– Яны сталі крыху лягчэйшыя, чым мінулыя гады. Раней дзеці ўвогуле ў паніцы выходзілі, многае не паспявалі, апошнія некалькі год выходзяць больш-менш спакойныя.
Помніцца мне, універсітэцкія выкладчыкі казалі тое ж самае, што і Святлана Мелехавец. Іх нараканні тычыліся не толькі тэстаў па дакладных навуках, а ўвогуле ЦТ.
Але гэта толькі падкрэслівае выключнасць Анінага поспеху. Ёй было лёгка, але толькі таму, што гадамі яна планава і сістэматычна ішла да сваёй мэты. Не перагружаючыся, не перавучваючыся, знаходзячы час на іншыя рэчы. У гэтым, відаць, і ёсць сакрэт поспеху. І поспеху яе настаўнікаў.
ДАРЭЧЫ
Ліцэй №1 імя А.С. Пушкіна сёлета закончылі 21 медаліст і 43 выдатнікі. Сярод выпускнікоў сёння вядомы два чалавекі, хто напісаў ЦТ на сто балаў. Акрамя Ганны Кісляк, гэта яшчэ Юля Пугач, якая адзіная ў вобласці беспамылкова справілася з тэстам па рускай мове.
Што да рэспублікі, усяго на сто балаў напісана 123 тэсты. Больш за ўсё стобальнікаў-матэматыкаў – 46 чалавек. Але найбольш у гэтым прадмеце і тых, што не набраў ніводнага бала – ажно 796 абітурыентаў. Гэта прытым, што па астатніх прадметах нулі бралі некалькі чалавек, а часам і зусім ніхто. Ёсць і прадметы, дзе няма найвышэйшай адзнакі – гэта геаграфія і сусветная гісторыя.
Па хіміі сто балаў набралі 17 выпускнікоў.
0 комментариев
Anonymous User
17.07.2012 в 20:02Людміла
17.07.2012 в 20:02Купляю папяровы «Берасцейскі кур’ер» толькі з-за артыкулаў Іны Хоміч па-беларуску. Яны заўсёды цікавыя і на нашай роднай мове. І ўсе сябры мае чытаюць, і знаёмыя газету менавіта з-за нашай мовы. Дзякуй Вам!
Вось каб і астатнія карэспандэнты пісалі па-беларуску -попыт на мову ў грамадстве з кожным годам расце, не гледзячы на тое, што яе зноў спрабуюць знішчыць. Цяпер «БК» — амаль што адзіная выспа у горадзе, дзе адукаваных людзей паважаюць і размаўляюць з імі на мове інтэлігенцыі — беларускай мове.
Што датычыцца тэмы артыкула — дзяўчынка-малайчынка! І настаўніца ў яе выдатная! Усім поспехаў =)