Нагадаем, што людзі, якія пражываюць у дамах па вуліцы Суворава, выступілі з пратэстам супраць будаўніцтва аптэкі ля дома №77. На сваю карысць яны прыводзілі шмат слушных аргументаў. Двухпавярховы аб’ект забіраў у іх і так невялікую тэрыторыю землекарыстання, рабіў аварыйнае перакрыжаванне яшчэ больш небяспечным, ды і проста чацвёртая аптэка месцічам была непатрэбная. Яны развярнулі супраць будаўніцтва цэлую кампанію, якая, як бачым, мела поспех. Зараз, калі старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар даў загад зрабіць усё, як было, і нават паставіць лаўкі, можна зрабіць невялікую рэфлексію гэтай “супрацьаптэчнай кампаніі”.
Дзеянні
Першае, што зрабілі неабыякавыя жыхары вуліцы Суворава, — гэта правялі своеасаблівы сход праз пару дзён пасля з’яўлення металічнай агароджы, на якім вырашылі не пускаць будаўнікоў на аб’ект. Гэта яны і выканалі на наступны рабочы дзень, нягледзячы на дождж. Пасля запрасілі сродкі масавай інфармацыі, каб пра іх праблему пачула больш людзей. У гэты ж дзень на будоўлю прыехаў прадстаўнік заказчыка і даў распараджэнне на часовае спыненне работ. Выкананне гэтага загада пільныя жыхары выйшлі кантраляваць на наступную раніцу.
Праз два дні ля аб’екта адбыўся шматлюдны сход з нагоды сустрэчы з прадстаўнікамі гарвыканкама. Сход рабіўся “пад пратакол”: быў выбраны старшыня і сакратар, падрыхтаваныя пытанні для галасавання. 323 чалавекі выказалі нязгоду з рашэннем гарвыканкама будаваць аптэку ў тарцы дома №77 па вуліцы Суворава, а таксама ініцыявалі працэдуру адклікання дэпутата Сяргея Пухальскага, які не ішоў на кантакт па гэтай праблеме. Акрамя таго, быў выказаны недавер гарадскому Савету дэпутатаў. Да гэтага часу лісты з подпісамі і патрабаваннямі спыніць будаўніцтва ўжо былі адпраўленыя ў аблвыканкам, Савет дэпутатаў, а таксама Адміністрацыю прэзідэнта.
Гарвыканкам, нягледзячы на пратэстны настрой людзей, што было відавочна на сходзе 27 чэрвеня, аддаў распараджэнне працягваць будаўніцтва пад наглядам міліцыі. Ахоўнікі парадку казалі, што маюць загад выклікаць спецназ у выпадку, калі будаўнікам будуць чыніць перашкоды ў выкананні работ. Людзі на ражон не палезлі (яны ўвогуле ўвесь час дзейнічалі выключна законнымі метадамі), але актывізавалі працу са СМІ і пачалі рыхтаваць лісты ў Камітэт дзяржкантролю Брэсцкай вобласці і Савет Міністраў РБ, каб там праверылі інвестыцыйны праект на адпаведнасць заканадаўству.
5 ліпеня ля будоўлі прайшоў новы сход. На гэты раз на яго прыйшоў мясцовы дэпутат: ён прапанаваў стварыць ініцыятыўную групу па вырашэнні зямельнай спрэчкі. Утварылася група з 7 чалавек, якую ўзначаліў старшыня першага сходу Фёдар Петрусевіч. У склад групы ўвайшлі і два дэпутаты – папярэдні (Уладзімір Цеплякоў) і сучасны (Сяргей Пухальскі). Дзейны “народны абраннік” паабяцаў, што будаўніцтва на момант высвятлення спрэчкі прыпыніцца.
На наступны дзень будаўнікі зноў выйшлі на працу. Аднак праз 20 хвілін згарнуліся, таму што ініцыятыўная група адразу ж пазваніла дэпутату. У тую ж раніцу жыхары накіравалі новыя лісты з подпісамі ў ДАІ і пракуратуру Брэсцкай вобласці, а таксама ў Следчы камітэт.
Яшчэ праз некалькі дзён у гарвыканкаме адбылася сумесная сустрэча камісіі адказных за будоўлю асоб і ініцыятыўнай групы, якая асаблівых вынікаў не дала (Фёдар Петрусевіч назваў пасяджэнне балаганам). Чыноўнікі па-ранейшаму сцвярджалі, што ўсё законна, але ўсіх дакументаў не паказвалі і адмаўляліся здымаць копіі з іншых лістоў. Асноўны аргумент — гэта дакументы для ўнутранага карыстання.
У час сустрэчы ў гарвыканкаме на аб’ект прыехаў старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, які і падпісаў інвестыцыйнае пагадненне з заказчыкам. Людзям, якія да яго падышлі, губернатар паабяцаў, што будоўлю спыняць і адновяць газон. Гэты візіт, на думку “сувораўцаў”, і вырашыў справу.
Каментары
Мы сустрэліся з членамі ініцыятыўнай групы, каб зрабіць невялікае інтэрв’ю. Толькі рэалізаваць задуму аказалася цяжкавата, паколькі на некаторыя пытанні ў іх не было адзінадушнага меркавання. Аднак асобныя меркаванні падчас нашай размовы я ўсё ж чытачам прапаную.
Фёдар Петрусевіч, старшыня ініцыятыўнай групы: “Пасля прыезду губернатара пачалося самае цікавае: своеасаблівая рэкламная кампанія ў СМІ. Дэпутат і гарвыканкам аб’явілі, што хоць будоўля законная, але, улічваючы пажаданні людзей, будаваць аптэку не будуць. Быццам раней мы пра нязгоду не казалі і не галасавалі адзінагалосна супраць гэтага аб’екта ў прысутнасці намесніка старшыні гарвыканкама. Дэпутат, дарэчы, не зрабіў ніводнага дэпутацкага запыту, пра якія мы прасілі. Але мы лічым, што зямельная спрэчка да канца так і не вырашаная, і далей будзем патрабаваць, каб нам дакладна акрэслілі межы землекарыстання. Іначай заўтра на гэтае месца прыйдзе якое-небудзь казіно, і ўсё пачнецца па-новай”.
Зінаіда Міхнюк, член ініцыятыўнай групы: “Сакрэт поспеху гэтай кампаніі ў згуртаванасці людзей. Яны выйшлі змагацца за сваё. Акрамя таго, у іх ужо быў вопыт змагання супраць вышкі мабільнай сувязі. Праца вялася вельмі вялікая, бо акрамя згаданай ініцыятыўнай групы была і іншая, якая рыхтавала аб’явы і расклейвала іх па пад’ездах. Усё разам гэта і дало плён. Дэпутат спачатку хаваўся, але калі пайшла інфармацыя ў СМІ, ён з’явіўся, і тое, што мы так хутка трапілі ў гарвыканкам на сустрэчу, – гэта яго заслуга. Я яму асабіста казала: “У мяне наказ ад людзей, каб аптэкі не было. Таму я адсюль не выйду без станоўчага для нас рашэння”. Як жа ім пасля казаць, што мы нічога не дабіліся?”
Парады
Сітуацый, падобных да апісанай, шмат, проста не ва ўсіх хапае цярпення і досведу адстойваць свае правы. З цярпеннем, бадай, нічым не дапаможаш, а вось некаторыя парады для атрымання досведу “стрэляныя вераб’і” з ініцыятыўнай групы даць могуць. Людміла Махначова вельмі раіць кожнаму дому выбраць сваю ініцыятыўную групу ці прынамсі аднаго прадстаўніка і накіраваць яго ў гарвыканкам для вывучэння дэтальнага плана забудовы горада. Гэты план звычайна не даводзіцца да ведама зацікаўленых людзей, хаця павінен. Затое ім актыўна прыкрываюцца пасля чыноўнікі: маўляў, усё законна, усё згодна з планам. Таму калі ў вас пад вокнамі ёсць кавалачак вольнай зямлі, лепш даведайцеся загадзя, які лёс яго чакае.
Калі ж праблемная сітуацыя ўжо ўзнікла, да яе вырашэння варта падысці сур’ёзна. Лепш, калі ў складзе ініцыятыўнай групы будуць людзі, якія добра ведаюць заканадаўства. У адваротным выпадку варта не пашкадаваць грошы і наняць адваката.
А яшчэ важна весці перапіску. Няхай і здаецца, што адпіскі нічога не значаць. Бо куды менш важаць вусныя адказы, абсалютна недаказальныя ў судзе.
На фота: ініцыятыўная група на спрэчнай зямлі
Ответить