Друкаваліся ў часопісах “Маладосць”, “Беларусь”, “Дзеяслоў”, калектыўных зборніках “Дзень паэзіі”, “Дзядзінец”, “Берасцейскія карані”, тыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, іншых выданнях. З 1993 года сябры ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.
Анатоль ─ аўтар зборнікаў вершаў “Калядная вячэра” (1993), “Стодзівы” (1995). Васіль ─ аўтар зборнікаў вершаў “Белыя птахі”(1993), “Лісты да Марыі” (1996). У выдавецтве ААТ “Брэсцкая друкарня” падрыхтавана да друку новая кніжка вершаў В.Дэбіша “Праз дождж”.
Анатоль ДЭБІШ
НАРОД
У кашулі срэбнай немаўля ─
Здалося мне – ідзе здаля.
Такі нямоглы і слабы,
З пакуты вечнай і журбы.
Калі ж ён прыпадняў гару
Адзіным дотыкам рукі,
Я пакланіўся святару,
Я зразумеў – хто ён такі.
ДВУБОЙ
Я сёння выйшаў на двубой –
Не з ворагам – з самім сабой.
Стаім маўкліва – твар да твару,
Чакаем існасці штуршка:
Хто першым з нас дваіх ударыць,
Чыя не падвядзе рука?
Як вечнасць цягнуцца хвіліны,
Прастора знікла, час застыў…
Я месца гэтае пакінуў
Ужо не тым, якім я быў.
***
На месцы тым, дзе сад квітнеў,
Трава пажухлая і вецце.
Ваўком галодным вые вецер
На месцы тым, дзе сад квітнеў.
На месцы тым, дзе сустракаў
З табою разам я світанні,
Крыжы струхлелыя, бы здані,
Там, дзе світанні сустракаў.
Які б ні быў мой шлях кароткі,
Я там — застаўся маладым,
І пацалунак твой салодкі
Пячэ агнём на месцы тым.
***
Апошнюю старонку кнігі
Перагарнуў… А што далей:
Ці завірухі, ці адлігі,
Краса вясны ці ліставей?
А дні нясуць мяне, бы крыгі,
Саскочыць толькі не пасмей…
Не дачытаў яшчэ я кнігі —
Старонкі вырваны далей.
Васіль ДЭБІШ
***
Ратуе ад жыццёвага шаленства,
Як свята для душы і для вачэй,
Той луг за вёскай, дзе жыве ручэй,
Дзе дрэмле казка дзіўная маленства.
Там пастарэлы сад. А ў агародзе
Пякучка-крапіва. Пахілы дах.
У час вячэрні прытамлёны птах
Не першы год тут схованку знаходзіць.
На смак вада ў крынічцы – проста цуд.
І дрэвы шэпчуць голасам матулі,
І летуценні, што ў душы заснулі
Даўным-даўно, зноў ажываюць тут.
МАЦІ
Ноч. Фіранка. Зор мігценне.
Галаву схіліла нізка
Маці. Вочапка. Калыска.
І ляцяць, ляцяць імгненні.
Сном глыбокім, бестурботна
Спіць дачушачка малая.
Маці не засне. Люляе
Цэлы свет рукой пяшчотнай.
МАТЫЛЁК
Мы выйшлі на прастор. Ах, цішыня якая!
У немаце лёт журавоў я чую.
Сеў матылёк на кветку палявую.
Б’е крыльцамі. І, раптам, замаўкае.
Між хмарак месяц малады вяслуе.
Мы ў хвалях кветак, ціхіх траў знікаем.
Праменьчыкі вачэй тваіх цалую…
Ты матыльком на кветцы заціхаеш.
Ответить