Роўна з таго часу я ўжо не ведала, куды хачу больш. Бог адчуў мае душэўныя хваляванні і зняў праблему выбара з маіх хліпкіх плеч. Паездка ў Грузію адмянілася, а паездка ў легендарную Гарадную сталася рэальнасцю.
Свабодная эканамічная зона
Прызнацца, вельмі пашчасціла, што з Брэста мяне забраў польскі ганчар Пётр Скіба. Бо колькі за дзень да выезду я не займалася лагістычнымі даследаваннямі, а зразумець, як у Гарадную ходзіць транспарт і ці ходзіць ён туды ўвогуле, мне не ўдалося нават з прыцягненнем інтэлектуальных сіл сацыяльных сетак. Палешукі пазней мне казалі: “Вам цяжка даехаць, а мы тут жывем”.
Гарадная сустрэла нас навальніцай, гербам з ласём і павуцінай вуліц, так што мы нават умудрыліся крыху заблудзіць. Вёска дагэтуль досыць вялікая, і характар яе забудовы крыху нагадвае структуру старажытнага горада. У цэнтры плошча, адміністрацыйныя будынкі, Дом культуры і Цэнтр ганчарства, а ўбакі пабеглі вулачкі. Зрэшты калісьці гэта і быў невялікі гарадок, якому нават было дадзена Магдэбургскае права.
Ганчарства ў Гарадной узнікла па даволі празаічнай прычыне — тут было шмат гліны і не надта ўрадлівая глеба. Зафіксавана, што яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя гэтым промыслам займалася амаль кожная сям’я. Патомныя ганчары, у прыватнасці, Аўрам Басавец, памятаюць, як яны запрагалі каня, клалі ў воз з сенам свае вырабы і накіроўваліся іх прадаваць па блізкіх і далёкіх вёсках.
Памятаюць і іншае. У эпоху калектывізацыі па ганчарных горнах бязлітасна прайшліся экскаватары, паколькі рамеснікі не надта ахвотна ішлі ў новаствораныя калектыўныя гаспадаркі. У дадатак да такіх радыкальных мер улады прымалі ў адносінах да ганчароў і эканамічныя санкцыі, абкладаючы іх непасільнымі падаткамі.
Вялікую шкоду ганчарству прынеслі шкляны слоік, керамічны ды пластыкавы посуд. Промыслу б развівацца, каб вытрымліваць канкурэнтную барацьбу, аднак новыя пакаленні рамеснікаў толькі паўтаралі гаршкі сваіх дзядоў. З аднаго боку, дзякуючы гэтаму тут захаваліся арыгінальныя формы збана, кубка, гляка і г.д. Адна палеская мамзэлька, як тут называюць гаршчок на адзін кілаграм збожжа, чаго вартая!
З другога боку, з Гарадной збягае моладзь. Да пэўнага ўзросту дзеці з цікавасцю лепяць, а пасля перастаюць разумець, навошта ім “мазаць па локці рукі ў гліну”. Нават два юнакі, што ўдзельнічалі ў мінулым і сёлетнім пленэры, Іван і Сяргей Шэлесты – і тыя скептычна ставяцца да прафесійных перспектыў у гэтай галіне. Сяргей не выключае, што калі-небудзь ён вернецца ў родную вёску, але зараз хоча атрымаць адукацыю. Памкненне цалкам слушнае, вось толькі вучыцца Сяргей збіраецца не па эстэтычным кірунку, а па фізкультурным.
У пошуках панацэі
Ларыса Быцко як загадчык аддзела народнай культуры выразна ўсведамляе, што проста захаваць традыцыю для Гарадной вельмі мала. Трэба прыцягнуць да яе ўвагу, зрабіць меккай для рамеснікаў і турыстаў, наладзіць транспарт, зрабіць гасцініцу, спецыялізаваную краму, а магчыма, і невялікі заводзік. Прычым рабіць усё трэба вельмі хутка, “не як мокрае гарыць. Бо калі мокрае гарыць, то яно і згарыць паступова”.
Аднак без дзяржаўнага ўсведамлення, наколькі гэта важна, усё пералічанае працягне быць марай некалькіх апантаных чалавек. Адзінае, што зараз падтрымлівае Гарадную, – гэты міжнародны пленэр ганчароў, які праводзіцца абласным ГКЦ супольна з абласным упраўленнем культуры і Столінскім райвыканкамам раз на два гады. Сусветна вядомыя імёны майстроў, што ў ім удзельнічаюць, працуюць на тое, каб да беларускай сталіцы ганчарства прыцягвалася ўвага.
Акрамя таго, замежныя творцы могуць падзяліцца сваім рэцэптам развіцця Гарадной, абапіраючыся на вопыт краін, у якіх яны жывуць і працуюць. Для збору іх каштоўных рэкамендацый праграма пленэра нават прадугледжвае адмысловы круглы стол, аднак госці ахвотна дзяліліся меркаваннямі і ў неафіцыйных размовах. Вельмі слушныя думкі, напрыклад, выказала Ірына Бабаян з Арменіі. Знакамітая керамістка пакрытыкавала нас за тое, што мы недастаткова ўвагі надзяляем эстэтычнай адукацыі дзяцей:
– Вы занадта шмат гаворыце пра адраджэнне промысла, але я бачу тут такую недапрацоўку – дзяцей не вучаць маляваць. Трэба ў першую чаргу выхоўваць мастакоў. Інакш нічога не будзе, як рабілі сто гадоў таму гаршкі, так і далей будзеце.
Калі ж Ірына даведалася, што ў Беларусі эстэтычную адукацыю выганяюць нават са школ, яна наогул вынесла малааптымістычны прагноз нашаму грамадству: “Вы гэтым самі сябе знішчаеце. Праз мастацтва людзі вучацца любові і дабрыні”.
Ганчар з Санкт-Пецярбурга Мікалай Падрэзаў выказаў іншую заўвагу гараднянскаму посуду. Тут для чагосьці ўжываюць свінцовую паліўку, ад якой ужо даўно трэба адмовіцца: “Тут быў выдатны посуд, які і так не прапускаў вадкасць. Навошта было пераходзіць на гэтую паліву?”. І хоць гавораць, што свінец у гаршчках не больш шкодны за мабільны тэлефон, я таксама не рызыкнула прыдбаць мясцовы посуд для дамашняга карыстання. Так што неэкалагічнасць – дрэнны партнёр для ганчарнага бізнэсу.
Крок за крокам
Пленэры ўжо паціху даюць пра сябе ведаць. У Цэнтр ганчарства набылі 3 японскія электрычныя ганчарныя кругі, зрабілі невялікі рамонт будынка. Пра Гарадную і палескую мамзэльку ведаюць не толькі на айчыне, але і за яе межамі.
Але многае застаецца без змен. Па-ранейшаму ёсць дылема, куды пасяліць гасцей: ці ў гасцініцу за некалькі дзясяткаў кіламетраў, ці ў мясцовую школу. Гэта добра, калі шведы ўспрымуць адсутнасць туалетнай паперы і ручнікоў у туалетах за элемент экзотыкі. Што тычыцца туалетных кабінак, то яны ўвогуле сталі фішкай пленэра, паколькі ні адзін наведвальнік так і не адважыўся прызнаць іх зручнымі. Ірына Бабаян на гэты конт заўважыла: “Я не ведаю, за што беларусы так ненавідзяць сваіх дзяцей!”.
Праблем, як бачым, пакуль больш, чым іх вырашэнняў. Аднак з Гарадной я ўсё роўна вывозіла пераважна пазітыўныя ўражанні. Беларуская сталіца ганчарства заваражыла і прымусіла даць унутранае абяцанне вярнуцца сюды без шумных нагод. Фантастычная атмасфера пленэра ўскосна пацвердзіла словы армянскага майстра пра тое, што стварэннем мастацкага вырабу кіруе найперш любоў. А свята “Гараднянскі кірмаш” дало магчымасць набыць тое-сёе для дома, а таксама проста паназіраць за мясцовым людам. На плошчу высыпалі ўсе – нават дзядулькі і бабулькі. Так і стаялі яны асобна, быццам два варожыя лагеры. Адна з бабулек выдала таямніцу, што святар адмыслова закончыў службу раней, каб людзі пайшлі на свята.
Трымаем кулачкі, каб праз два гады Гарадную зноў асадзілі замежныя майстры і турысты. Таксама будзем верыць, што ўсе 6 патомных ганчароў Гарадной будуць у зборы. А моладзь убачыць нарэшце, што займацца ганчарствам і мець грошы – даволі сумяшчальныя паняцці. Дастаткова глянуць на грузінскага майстра Джамала Балаташвілі – легенду гараднянскіх пленэраў,– які можа дазволіць сабе рассякаць па краінах на ўласным аўтамабілі, бо адна ваза з яго майстэрні каштуе тысячу даляраў. Ці, каб далёка не хадзіць, ганчара з Ляхавіч Віталя Шапялевіча, які сваім рамяством утрымлівае сям’ю з шасцю дзецьмі.
0 комментариев
Anonymous User
27.07.2012 в 16:04К.
27.07.2012 в 16:04неудачное сравнение — «быццам два варожыя лагеры». Они что, взглядами, полными ненависти, обменивались? Это патриархальный деревенский обычай — мужчины и женщины на виду держатся отдельно, и на церковных службах они на разных половинах храма стоят.