Камень па ліцэнзіі
Лідзія Хрусталёва звярнулася ў “бюро” з такой просьбай: “На праваслаўнай выставе-кірмашы мая ўнучка купіла невялікую ўпакоўку крэмнія, які быццам актывізуе і ачышчае ваду. Унутры ўпакоўкі – інструкцыя, у якой няма нумара ліцэнзіі Міністэрства аховы здароўя, прозвішча прадаўца, нумара ІП. Ці можна піць ваду, настояную на такім крэмніі? Хацелася б пачуць меркаванне спецыялістаў”.
Мы звярнуліся за каментарам да прафесара геалогіі Альберта Багдасарава, які прысвяціў крэмнію шмат публікацый. “Аўтарка пытання сама на яго і адказала. Раз няма ніякай інфармацыі аб прадаўцы, то не купляйце такі тавар. Чаму на выставах не кантралююць рэалізацыю несертыфікаванага тавара – гэта цікава і мне. Дарэчы, на выставах гандлююць таксама так званымі зёлкамі, трагічныя наступствы ад прымянення якіх могуць быць нашмат больш сумнымі, чым ужыванне вады, настоянай на бязгасным камені”.
Падкрэслім, што прэтэнзіі ў прафесара Багдасарава толькі да несертыфікаванага мінерала, а не да крэмнія як такога. Ён прызнаўся, што сам п’е ваду, настояную на гэтым камені, аднак ён сам і адказвае за сваё здароўе. Бо карыснымі якасцямі валодае далёка не кожны крэмень. З больш чым 500 яго відаў для ачысткі і актывацыі вады ўжываюцца не больш 8-10, якія маюць у сабе арганічныя злучэнні – біяліты. “Наяўнасць скамянелай арганікі робіць камень фенаменальным біякаталізатарам, здольным перапрацоўваць энергію святла і ў тысячы разоў паскараць акісляльна-ўзнаўляльныя рэакцыі ў вадзе, надаючы ёй карысныя ўласцівасці”,– адзначае Альберт Багдасараў.
За білетамі ў розныя касы
Нестандартную сітуацыю пераказаў дзяжурнаму рэпарцёру чытач па імені Аляксандр. Тыдзень таму яму спатрэбілася адвезці ў Мінск рэчы. На станцыі яго павінны былі сустрэць, і затрымлівацца ў сталіцы ён не збіраўся. Таму вырашыў ехаць у абодва бакі адным і тым жа цягніком. У 16.45 ён меў прыехаць у Мінск, а ў 17.28 ужо пакінуць сталіцу. Якое ж было яго здзіўленне, калі ў білетнай касе яму прадалі толькі білет да Мінска, а за зваротным білетам накіравалі ў іншую касу. “Мне сказалі, што не маюць права прадаваць білеты на наступны цягнік, калі між часам прыбыцця і адпраўлення няма 3-гадзіннай розніцы. Я адстаяў новую чаргу, але мне цікава, чым выкліканыя гэтыя правілы. Гэта барацьба з тэрарызмам ці нешта яшчэ?”.
Дзяжурны рэпарцёр звярнуўся да начальніка транспартнага аддзела Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі Аляксандра Мягчанкава. Ён мяркуе, што хутчэй за ўсё касірка проста не зразумела Аляксандра. Сапраўды “Правілы перавозак пасажыраў і багажа чыгуначным транспартам агульнага прызначэння”, зацверджаныя пастановай Мінтранса, прадугледжваюць перапынак у тры гадзіны між цягнікамі, але тычыцца гэта толькі гэтак званых узгодненых цягнікоў. “Гэта дзейнічае пры перасадках, – тлумачыць Аляксандр Мягчанкаў.– Напрыклад, вам трэба з Брэста даехаць да Іркуцка. Прамога цягніка няма, а вы хочаце адразу купіць білет не толькі з Брэста да Масквы, але і з Масквы да Іркуцка. У гэтым выпадку паміж прыбыццём аднаго цягніка ў Маскву і адпраўленнем наступнага з Масквы павінен быць запас часу ў тры гадзіны. Гэта робіцца, каб застрахавацца ад форс-мажорных сітуацый тыпу спазнення першага састава”. Выпадак, апісаны нашым чытачом, зусім іншы, і білет у абодва бакі яму маглі прадаць у адной касе.
Аляксандр Мягчанкаў нагадвае, што ў выпадку, калі пасажыр незадаволены абслугоўваннем падчас продажу білетаў, ён мае права звярнуцца ў адміністрацыю вакзала. Там праслухаюць запіс перамоваў “касір-пасажыр” і абавязкова разбяруцца ў сітуацыі.
Неастравы сезон
Вольга Міхайлаўна скардзіцца на якасць насення, што рэалізуецца ў магазінах:
– Я ніколі не давярала прыватным прадаўцам, лічыла, што ў дзяржаўным магазіне набываць тавар надзейней. Але зараз ужо ў гэтым сумняваюся. Я вельмі люблю астру і ў магазіне “Семена” набыла, каб пасеяць на дачы, ажно 5 пачак насення гэтай кветкі. І ніводнае семя не ўзышло. Гэта ж нячэсна ў адносінах да людзей! Скажыце, насенне ў магазінах хоць хто-небудзь правярае на ўсходжасць?
Галоўны офіс сеткі магазінаў ААТ “Брестсортсемовощ” (гандлёвая марка “Семена”) знаходзіцца ў Баранавічах, таму дзяжурны рэпарцёр накіраваўся наўпрост у адзін з берасцейскіх магазінаў. Прадавец Жанна Пятручык грунтоўна адказала на пытанне нашай чытачкі:
– Тавар не ідзе ў продаж, пакуль яго не праверыць інспекцыя. На кожны від насення мы атрымліваем пасведчанне, падпісанае кіраўніком суб’екта вытворчасці і аграномам-інспектарам. У пасведчанні даецца ўся інфармацыя пра тавар: год ураджаю, наяўнасць прымесаў, усходжасць і г.д. За месяц да заканчэння тэрміна дзеяння пасведчання мы адсылаем нераспраданае насенне назад на базу.
Усе пасведчанні, у тым ліку і на астру, Жанна Пятручык прадэманстравала. Прадавец звярнула нашу ўвагу на тое, што ў гэтым годзе астра мае вельмі малую ўсходжасць – усяго 40–50%.
Але Вольга Міхайлаўна была б задаволена, каб палова насення узышла. Відаць, ураджайныя 50% аказаліся ў іншых, больш шчаслівых пачках.
Прадаўцы ў выпадку прэтэнзій раяць званіць па нумарах, пазначаных на пакунках. Калі камусьці задорага званіць у Баранавічы з дому, можна прыйсці ў магазін і патэлефанаваць адтуль. Па добрым рахунку прадпрыемства павінна накіраваць камісію на агарод пацярпелага ад няякаснага тавара спажыўца і сплаціць яму страты. Але звярніце ўвагу, паважаныя агароднікі, што з мая тэлефоны ААТ “Брестсортсемовощ” памяняліся, і пакункі, што выпускаліся раней, зараз утрымліваюць няправільную інфармацыю. Перапытайце кантактныя нумары ў магазіне ці перапішыце іх з дошкі пакупніка, якая абавязкова павінна быць у кожным гандлёвым аб’екце.
Ответить