Гэта я да чаго? Проста берасцейцам варта ведаць, што моладзь, наглядзеўшыся на міжусобіцы розных велаклубаў, вырашыла ўсё ўзяць у свае рукі. “Radio START” сумесна з парталам “Віртуальны Брэст” запусцілі доўгатэрміновы праект “Брэст веласіпедны”, закліканы аб’яднаць усе велаініцыятывы ў адно цэлае, каб ні многа ні мала, а зрабіць Брэст да яго 1000-годдзя самым зручным для раварыстаў. Гэта значыць мэта нумар адзін – кансалідавацца.
Разам з тым куратары праекта пакінулі за сабой права выступаць і з уласнымі ініцыятывамі. З першай з іх берасцейцы і сутыкнуліся на Савецкай. Аб’ява пра велаквэст (гульня на арыентаванне) у Інтэрнэце з’явілася ўсяго за некалькі дзён да яе правядзення, але заяўкі на ўдзел падалі ажно 16 каманд. У кожнай камандзе розная колькасць людзей, але ўсяго правесці дзень з карысцю і добрым настроем выказалі жаданне больш за паўсотні хлопцаў і дзяўчат. Тэматыка пытанняў, натуральна, тычылася гісторыі і сучаснасці нашага любімага горада.
Куратары праекта “Брэст веласіпедны” маюць і яшчэ адну цікавую ініцыятыву, якая можа рэалізавацца ўжо гэтым летам. Журналісты мараць правесці ў Брэсце вялікі велафестываль, які ў будучыні мог бы стаць міжнародным. Паколькі ніводзін горад Беларусі такім мерапрыемствам не адзначыўся, то Брэст мог бы быць першым. Зараз усё залежыць толькі ад гарвыканкама, які мусіць узгадніць фестываль. Па словах кіраўніка “Radio START” Дзмітрыя Раманава, перамоўны працэс з мясцовымі ўладамі ўжо пачаўся.
У межах праекта “Брэст веласіпедны” шмат чаго і іншага цікавага, пра што яго куратары расказалі на адмысловай прэс-канферэнцыі. Прапановы арганізатараў крэатыўныя і рознабаковыя, а таму – хто ведае? – можа, і атрымаецца ў іх зрабіць Брэст да круглага юбілею самым веласіпедным горадам Беларусі.
Ответить