Гісторыя вартая таго, каб пра яе расказалі калі не з самага пачатку, то хаця б з завязкі. Жыве ў вёсцы Ляхі Пружанскага раёна фермер Васіль Салтруковіч. Як выцякае са слова “фермер”, наш герой займаецца сельскай гаспадаркай, а менавіта развядзеннем буйнай жывёлы.
У адзін не вельмі добры дзень статак Васіля Салтруковіча залез у суседскі сад і папасвіўся на саджанцах дрэў. Сусед таго цярпець не стаў, палічыў свае страты ды падаў іск у раённы суд. Старшыня суда паспачуваў вяскоўцу, якому не суджана дачакацца яблыкаў ды абрыкосаў, і абавязаў гаспадара шкадлівай скаціны выплаціць штраф у памеры 13 мільёнаў 800 тысяч беларускіх рублёў.
Далей і пачынаецца ўвесь каларыт. Не чакаючы, пакуль фермер заплаціць штраф, судовыя выканаўцы на чале з асабіста старшынёй суда паехалі ў Ляхі і ў адсутнасць гаспадара забралі у яго 5 галоў скаціны. Якімі разлікамі кіраваліся дзяржаўныя мужы, невядома, бо нават па самых сціплых падліках адна карова каштуе 5 мільёнаў. Сам жа Салтруковіч толькі аднаго быка ацэньвае ў 20 мільёнаў.
Працэс канфіскацыі даўся ў знакі не толькі фермеру, але і яго статку. Для ажыццяўлення карнай аперацыі на месца падзей прывезлі так званых “хімікаў” – людзей, пакараных абмежаваннем волі. Самі судовыя выканаўцы і старшыня суда, напэўна, не адважыліся падысці да статка, дзе ахоўнікамі выступаюць быкі, баявую славу якіх апісвала нават раённая газета. Невядома, у якім стане забралі тых 5 жывёлін, але каровы, што засталіся, дагэтуль захоўваюць сляды пабояў. Адзін з быкоў у стрэсавай сітуацыі забыўся на сваю ахоўніцкую пасаду і вярнуўся дадому толькі праз 8 дзён пасля экспрапрыяцыі – тэрмін, падслуханы мной на судзе ад гаспадара статка.
Плюс да ўсяго пры канфіскацыі была пашкоджана і нежывая маёмасць фермера. Электрычны пастух прыйшоў у такую нягоднасць, што выкарыстоўваць яго больш няма ніякага здаровага сэнсу. Наём жа чалавека абыходзіцца фермеру ў 150 тысяч у дзень.
Абураны паводзінамі раённых улад, Васіль Салтруковіч напісаў скаргу ў абласны суд. Праўда, ён не вельмі дакладна сфармуляваў свае патрабаванні, і калегія суддзяў разглядала не супрацьпраўныя дзеянні сваіх пружанскіх калег, а правамернасць накладання на фермера штрафу. Істотным аргументам не на карысць Салтруковіча стаў той факт, што пасля апошняй судовай справы ў пружанскі суд прыйшло яшчэ некалькі іскаў за патраву.
Праваабаронца Анатоль Сухаруша падкрэслівае, што гаспадар рэквізаваных кароў мог бы выйграць справу, каб наняў адваката. Зрабіць гэта не позна і зараз, заадно ўплаціўшы тыя 13 мільёнаў, каб не адцягваць увагу суддзяў ад асноўнай прэтэнзіі.
Можна, канешне, задавацца пытаннем, чаму гэта фермерскі статак бадзяецца без дагляду і ўлазіць ва ўсякую шкоду. Хоць з гэтым, дарэчы, Васіль Салтруковіч не вельмі і згодны. Шматлікія іскі ён лічыць мэтанакіраванай кампаніяй у адрас яго гаспадаркі з боку раённых улад. Але важна другое. Нават калі статак і бадзяецца, нават калі ён сапраўды наносіць страты, то прыцягваць гаспадара да адказнасці можна толькі па законе. Які давер можа быць да суда, што смяшыць сваімі рашэннямі ўвесь паспаліты люд?
Паказальны на гэты конт прыклад, які не раз даводзілася чуць ад аднаго беларускага праваабаронцы. Амерыканскі адвакат расказаў яму, як аднойчы прымусіў суд адпусціць буйнага наркагандляра толькі таму, што пры яго арышце быў няправільна складзены пратакол адабрання наркотыкаў. “Паліцыя ведае, чым ён займаецца, – няхай ловіць,– адказваў заморскі адвакат на няўцямныя пытанні нашага праваабаронцы пра тое, навошта ён гэта зрабіў.– Але пры гэтым аформіць усё правільна, не ствараючы прэцэдэнтаў”.
Нам бы іх праблемы. На якія паперкі можна звяртаць увагу, калі прэцэдэнты проста сумленнага выканання абавязкаў з боку судовых і праваахоўных органаў у нас яшчэ даволі рэдкія.
Ответить