Такая вось дабрачыннасць
Рrzystanek Woodstock – гэта музычны open-air (мерапрыемства пад адкрытым небам), які штогод праводзіцца ў Корштыне-над-Одрай. Ён карыстаецца папулярнасцю ў нефармальнай моладзі, і маленькаму гораду, у якім не жывуць і 20 тысяч жыхароў, прыходзіцца вытрымліваць наплыў больш за паўмільёна чалавек. У мінулым годзе, калі гасцямі фестывалю быў знакаміты гурт The Protigy, быў зафіксаваны рэкорд наведвальнасці – 600 тысяч музычных заўзятараў.
Можна памылкова падумаць, што форум з такім размахам ладзіць сама дзяржава – прыкладна па такой схеме, як праводзіцца наш “Славянскі кірмаш”. Ці па меншай меры нейкі крупны прадзюсарскі цэнтр. Але арганізатарам з’яўляецца дабрачынная (!) арганізацыя Wielka Orkiestra Świątecznej Pomocy (WOSP), якая такім чынам дзякуе палякам за іх актыўнасць ў зборы ахвяраванняў.
WOSP – арганізацыя, вядомая ў Польшчы. За кошт добра пастаўленай і крэатыўнай сістэмы збору сродкаў ёй удаецца значна паляпшаць стан аховы здароўя ў краіне і рэалізаваць такія праграмы, на якія ў дзяржавы не хапае рэсурсаў. Да прыкладу, на рахунку WOSP праграмы своечасовай дыягностыкі анкалагічных захворванняў у дзяцей, выяўлення адхіленняў слыху ў немаўлят, праграма лячэння дзяцей з цукровікам і цяжарных жанчын, хворых на гэтае ж захворванне.
Кожная праграма вымагае немалых сродкаў. Таго 1% ад заробку, які могуць у кошт падатка плацяць па сваім жаданні грамадзяне, яўна недастаткова для такой шырокай дзейнасці. У першую нядзелю пасля Новага года па ўсёй Польшчы WOSP арганізуе святочныя канцэрты, падчас якіх збірае асноўны грашовы фонд. Апошні раз фундацыя сабрала такім чынам звыш 15 мільёнаў долараў. Заснавальнік фундацыі Юрэк Офсяк з’яўляецца адным з самых вядомых людзей Польшчы. Ён мае свой сайт, сваё інтэрнэт-тэлебачанне, вядзе відэа-блог і такім чынам актыўна інфармуе суайчыннікаў пра дзейнасць арганізацыі.
WOSP, відавочна, магла б зарабляць немалыя грошы і фестывалем Рrzystanek Woodstock, але прынцыпова не робіць гэтага. Падзяка ёсць падзяка. Уваход на фестываль, канцэрты, вучэбныя заняткі, а таксама месца для намёта абсалютна бясплатныя. Бясплатна граюць і выканаўцы, няхай сабе і імянітыя. Ім толькі сплочваюць выдаткі на дарогу і на пражыванне ў Коштшыне.
Адкрывалі сёлета фестываль прэзідэнты Польшчы і Германіі.
Месца
Мястэчка, дзе праводзіцца Рrzystanek Woodstock, вельмі блізкае нашаму Брэсту. Гэтак жа яно пераходзіла ад адной дзяржавы да другой, а зараз і ўвогуле засталося падзеленым між Польшчай і Германіяй, і сваю частку немцы называюць Кюстрынам-Кітцам. Гістарычны цэнтр горада раней размяшчаўся паміж двума краінамі – напэўна, каб нікому не было крыўдна, а зараз адносіцца да Польшчы. Мяжы паміж краінамі ў Еўразвязе, як вядома, няма, але на памяць гораду застаўся пагранічны пераход. У галоўным яго будынку зараз размяшчаецца гарадскі ўрад Костшына-над-Одрай. Па другі бок Одры, ці, як кажуць немцы, Одэра, былымі савецкімі казармамі пачынаецца Германія.
Сам фестываль праводзіцца на звычайным полі, якое ўжо атрымала назву Вудстокаўскага і нанесена пад такой назвай на турыстычныя карты. Гэта вялікая тэрыторыя плошчай за 70 гектараў, дзе паўмільёна чалавек не проста слухаюць музыку – яны амаль тыдзень там жывуць. Для гэтага неабходная добрая
Інфраструктура
Асноўны кантынгент фестывалю – моладзь, загадзя згодная на жыццё ў палявых умовах. Такія ўмовы і ствараюць ім арганізатары. Ні пра якія гасцініцы і гаворкі ісці не можа – усе жывуць у намётах. Для іх адведзена прыкладна палова ўсёй тэрыторыі, але і гэтага не хапае ўсім ахвотным. У выніку намёты стаяць нават уздоўж дарог і ў бліжэйшых лясах. Размяшчаюцца яны і непадалёк ад сцэнаў, так што гучная музыка да трох гадзін раніцы аніяк наведвальнікаў фестываля не пужае.
Элементарныя гігіенічныя працэдуры можна зрабіць адразу на полі. Для таго, каб моладзь магла памыцца, устаноўлены шматлікія умывальнікі з халоднай, праўда, вадой. Спрактыкаваныя фестывальшчыкі бяруць з сабой на поле шланг, і прымаюць амаль паўнацэнны душ. Ёсць і платная санітарная зона, дзе памыцца можна з большым камфортам.
Біятуалетаў на полі таксама дастаткова, каб ля іх не было чэргаў. Прычым кожны дзень іх прыбірае абслугавальная фірма. Нягледзячы на ўсё гэта культура п’янай моладзі дае пра сябе ведаць. Многія не абцяжарваюць сябе клопатам ісці ў туалет, і спраўляюць справы на ўзбочынах дарог. Так што пад канец фестывалю ў многіх месцах у паветры стаіць трывалы пах грамадскага туалета.
Не пра ежу пасля туалета казаць, але арганізацыя гандлю таксама заслугоўвае ўвагі. У горадзе дастаткова вялікіх крам, але да горада трэба ісці некалькі кіламетраў. Таму проста на Вудстокаўскім полі кампанія Lidl другі год запад ставіць вялікую краму з самымі неабходнымі таварамі. Унутры крамы няма нават прылаўкаў, паколькі тавар разбіраецца адразу з каробак, але тавар так выкладзены, што адсутнасць паліц нават не адразу заўважаецца. Мноства кас закліканы мінімалізаваць чэргі, на гэта ж працуе і работнік крамы, які стаіць на стрымянцы і мегафон аб’яўляе, у якіх касах менш людзей. Асобную краму на полі ставіць і галоўны спонсар фестываля гандлёвая марка Carlsberg, якая, дарэчы, выпусціла адмысловую партыю піва, дзе на банцы размешчана рэклама фестываля.
Гатовую ежу прапануюць крышнаіты, якія традыцыйна супрацоўнічаюць з Рrzystanek Woodstock і займаюць на ім цэлую вёску. Само сабой, ежу прадаюць яны толькі вегетарыянскую.
Сувязь на Рrzystanek Woodstock забяспечыў мясцовы аператар сотавай сувязі Play. За 5 злотых набываеш сім-картку і размаўляеш, адпраўляеш паведамленні, карыстаешся інтэрнэтам усе дні фестываля бескаштоўна. А ў намёце Play ёсць магчымасць выходзіць у інтэрнэт на кампутарах аператара, а таксама сфатаграфавацца ў аўтамаце з сябрамі і адразу адправіць фота на свой электронны адрас.
Каб нагадаць маладым удзельнікам фестывалю, што ёсць і іншыя заняткі, акрамя распіцця алкагольных напояў і бадзяння па полі ў вольны час, арганізатары размясцілі і спартыўную пляцоўку, куды, як ні дзіўна, народ таксама хадзіў.
Праграма
Можа, і не ўсе едуць на Рrzystanek Woodstock, каб паслухаць музыку, але фестываль як-ніяк музычны, а таму праграму аніяк абысці нельга. Галоўныя музычныя падзеі адбываюцца на трох сцэнах – вялікай, дзе ў асноўным выступаюць цяжкарокавыя каманды, фолькавай (назва нібы гаворыць сама за сябе, але гучыць там далёка не заўсёды фольк) і сцэне Viva Kultura. Апошяя знаходзіцца пад патранажам “Спакойнай вёскі Крышны”.
Вялікая сцэна Рrzystanek Woodstock з’яўляецца адной з найбуйнейшых па памерах сцэн свету:62 метрыў шырыню, 16 ў глыбіню і 16 у вышыню. Каб яе сабраць, неабходна 2 тыдні. І яшчэ некалькі дзён, каб разабраць.
Акрамя асноўных, абазначаных у праграме, сцэн, былі і яшчэ дзве, амаль што канкурэнтныя. На адной спявалі індуісцкія мантры, на другой (яна мела гаваркую назву Рrzystanek Jesus) выступалі каталіцкія гурты і валанцёры. Цікава, што ў такой каталіцкай краіне, як Польшча, больш наведвальнікаў збіралі сцэны крышнаітаў. Думаецца, найперш за кошт добра пабудаванай праграмы, да якой прыцягнулі выключна прафесіянальных выканаўцаў.
Акрамя музычнай часткі, праграма ўключае вучэбныя заняткі па музычнай тэматыцы і не толькі (сабраць намёт, зрабіць ёгу і нават заплесці дрэды – усяму можна навучыцца, не адыходзячы далёка), сустрэчы з гуртамі Польшчы і трэнінгі, сярод якіх ёсць праваабарончыя.
Ахова парадку
Адзін з першых здымкаў, якія я зрабіла ў Коршчыне – гэта здымак польскага аўтазаку. Польская паліцыя рыхтавалася, што ў паўмільённым натоўпе п’яных нефармалаў могуць узнікнуць канфліктныя сітуацыі. Праўда, аўтазакамі ў Польшчы з’яўляюцца «мерсэдэсы», звонку нават прывабныя. І сядзяць у іх пазітыўна настроеныя работнікі, што чытаюць сабе часопісы. Была сведкай, калі паліцыянт з аўтазаку фліртаваў з міначкай. Уявілася, як бы гэта выглядала ў нас…
Паліцыя дзяжурыць толькі ў горадзе, на полі свае ахоўнікі парадку трох рангаў. Самыя сур’ёзныя ў чорных саколках, астатнія ў чырвоных і зялёных. Гэтага аказалася дастаткова, каб Рrzystanek Woodstock-2012 пабіў своеасаблівы рэкорд ўзаемапавагі між фестывальнікамі – не было зафіксавана ніводнай бойкі. Увогуле гэты нонсэнс форума нельга не заўважыць беларусу: панкі сапраўды вельмі міралюбівыя. Калі ў першы дзень я адчувала сябе між гэтымі рознакаляровымі дзівакамі ў падранай вопратцы вельмі няўтульна, то на другі дзень інстынкт самазахавання змоўк за непатрэбнасцю.
У гэтай атмасферы сяброўства вінныя не толькі панкі, але і арганізатары. Яны ўсяляк паказваюць, што давяраюць сваім гасцям. Таму і ахова на фестывалі не ваенізаваная, а апранутая ў спартовы стыль. І да сцэны можна падыходзіць ушчыльную, без усялякіх фан-зон і міліцэйскіх кардонаў. Ні пра якія вобыскі і мовы быць не можа, хаця пранос моцных алкагольных напояў і наркотыкаў гэтак жа катэгарычна забаронены, як і ў нас. П’яныя спакойна сабе спяць ля ўзбочын – неэстэтычна, канешне, але пакуль чалавек не пагражае спакою астатніх, яго ніхто чапаць не будзе.
Медыцынская дапамога
У мінулым годзе на Рrzystanek Woodstock упершыню ніхто не памёр. Да гэтага былі выпадкі і перадазіроўкі наркотыкаў, і няшчасных здарэнняў. Калі столькі народу, цяжка ўсё пракантраляваць. Але сёлета таксама ўсе засталіся жывымі. У тым ліку і дзякуючы медыкам. Вялікая машына хуткай дапамогі не дала б рады прабірацца між шчыльнымі радамі фестывальнікаў, а вось невялікі тэтрацыкл з прыцэпам у выглядзе насілак добра спраўляецца з пастаўленай задачай. Канстукцыя заканчваецца крэслам для медработніка, што кантралюе жыццёвыя параметры пацярпелага ад (не)вядомай хваробы.
Медыцынскую дапамогу можна атрымаць таксама ў размешчаных на полі і пазначаных на мапах фестывалю стацыянарных намётах. У зусім цяжкіх выпадках хворы вывозіцца на шашу, адкуль яго падбірае карэта хуткай дапамогі.
Эка-рок
Менавіта пад такім дэвізам праводзіцца фестываль Рrzystanek Woodstock. Арганізатары сапраўды стараюцца мінімалізаваць наступствы прыбывання вялізнай колькасці моладзі ў горадзе і яго валокіцах. Заахвочваюць не выкідваць пустыя пластыкавыя бутэлькі, жасцяныя банкі і пластыкавыя стаканы з-пад піва, папяровую прадукцыю. Усё гэта можна на штосьці абмяняць. Большасці было на такі натуральны гандаль абсалютна напляваць, але нехта сапраўды збіраў рэшткі спажывання. Можна было назіраць і шмат гаражан, па ўзросце далёка не тынэйджараў, якія цэлымі сумкамі валаклі жасцяныя банкі. Хутчэй за ўсё менавіта імі было найвыгадней займацца.
Немалаважна, што крамы на полі пакавалі тавар выключна ў папяровыя пакункі, абсалютна бясплатныя для пакупнікоў.
У фестывалі не спадабалася толькі тое, што ад арганізатараў ніяк не залежала – транспарт. Даехаць да Коршчына, а пасля з’ехаць з яго можна было, але з вялікім фізічным і псіхалагічным дыскамфортам. Так што далучаюся да польскай панк-моладзі, якая жадала польскай чыгунцы “ўсяго найлепшага”.
Ответить