Пётр Мацвеевіч адгукнуўся на гутарку з палкоўнікам у адстаўцы Аляксеем Крывашэіным, дзе той выказаў свае меркаванні пра забранне ў ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай АЭС іхняга статуса і ператварэнне іх у пацярпелых ад аварыі (“БК”, №29). Нагадаем, рашэнне гэтае было прынята яшчэ ў 2009 годзе, а яго выкананне было запланавана на год бягучы. Да яго канца, як выразіўся наш папярэдні суразмоўца, “усе ліквідатары будуць ліквідаваныя”.
Пенсіянера Бахуна, у адрозненне ад палкоўніка Крывашэіна, назваць аграномам у адстаўцы нельга. Мае ён гадавальнік, там сотні прышчэпаў яблынь, ігруш, саджанцаў слівы, чарэшні і мноства ўсяго іншага зямнога. Гаспадар размаўляе па-беларуску. Ведаю, што тым самым Бахун-старэйшы выканаў абяцанне перад дзецьмі асвоіць нацыянальную мову, і адзначаю, што за апошнія тры гады ён зрабіў у гэтым вялікі крок наперад.
Сваё пасведчанне ліквідатара спадар Бахун ужо абмяняў на “вокладкі” пацярпелага. З абменам, як і палкоўнік Крывашэін, мой суразмоўца катэгарычна не згодны. “Навошта было мяняць? Ільготы і так забралі, іх не было”. – “Дык навошта пагадзіліся мяняць?” — пытаю. “А мне гэтае пасведчанне для сямейнага архіва трэба, – кажа ён. – Пакрыўдзілі людзей. Таму гэта важны дакумент – ён фактычна “пасведчанне пацярпелага ад уладаў”.
Спадар Бахун кажа, што цяпер уладам цяжка будзе падняць народ на хоць які ліквідатарскі чын пасля стыхійнага бедства – “людзі ўпэўніліся, што пасля іх проста “пракінуць”.
А патрэба ў такіх масавых акцыях была, ёсць і будзе, падкрэслівае Бахун-старэйшы і распавядае…
Ліквідатар-аграном
Галоўны аграном аднаго з калгасаў на Жыткавіччыне, ён паехаў на працу ў 30-кіламетровую зону дабраахвотна. “Некаму ж трэба такое рабіць, у такіх сітуацыях”. Кіраваў пераворваннем палёў праз год пасля аварыі. Было такое распараджэнне: павярнуць глебу верхам уніз, каб “пахаваць” радыёнукліды. “Ні рэспіратараў не было, ні герметызацыі кабін для трактарыстаў”, – пералічвае пацярпелы ліквідатар фактары, якія прывялі да перамены яго сацыяльнай пазіцыі на процілеглую.
Каля месяца доўжылася іхняя праца. “Але што толку, – кажа аграном. – У нас на панадворку, на чыстай нібыта зямлі, боты пасля праходкі па ранішняй расе рабіліся фіялетавымі, а ў курэй былі чырвоныя каўнерыкі на шыях – так фарбаваў радыёактыўны ёд.”
Былі ў іх на той час трое малых дзяцей. Паслухаліся парадаў рэдкіх на той час адмыслоўцаў па радыяцыі, паламалі планы на жыццё, пераехалі ў Драгічынскі раён. Але праз нейкі час пабачылі карту радыёактыўнага забруджання – дык і там пляма колеру цэглы! Так апынуліся ў Брэсце.
Два ўзроўні пацярпеласці
“Мне, хоць і працаваў у зоне без ніякіх нормаў, без інфармацыі, – нібыта нічога, пакуль, – кажа Пётр Мацвеевіч. – Ездзіў штогод у санаторый, давалі розныя магчымасці аздараўлення, дык здароўя не страціў. А вось сямейнікі… На маёй сям’і цалкам пацвердзіўся прагноз японцаў, цытаваны палкоўнікам Крывашэіным: “Праз 20 – 25 гадоў вам спатрэбяцца бальніцы”. Вось, жонка захварэла. Мусілі рабіць аперацыю на страўніку, выдаляць злаякасную пухліну. У яе маці памерла, таксама хварэла на рак. І дзяцей закранула. У сына знайшлі рак тарчыцы (шчытавіднай залозы) – тыповае захворванне беларускіх дзяцей пасля Чарнобыля. Мусілі цалкам выдаляць орган. Яму трэба цяпер прымаць таблеткі. Але паколькі акурат яго, ахвяру Чарнобыля, такім прызнаць не хочуць, даводзіцца купляць іх на свае грошы. І інваліднасці з нагоды ўздзеяння радыяцыі не далі…”
Нейкі час мы абмяркоўваем магчымыя міжнародныя іскі да правапераемніка СССР, да міжнародных атамных арганізацый. Чаму Беларусь не падала іх, чаму нават Канада (!) атрымала з-за выпадзення радыёактыўнага бруду 6 мільярдаў долараў кампенсацыі, а Беларусь, якая “найбольш пацярпела”, – толькі голадна аблізнула губы, па якіх ёй адмазалі ўласныя ўлады. “Не хацелі падаваць іскі, бо комплекс у галовах, – выказвае версію мой суразмоўца. – Яны ведаюць, што “сваім” людзям ні шыша не дадуць, калі захочуць, і нічога за гэта не будзе, і думаюць, што гэтаксама з імі абыйдуцца за мяжой. Вертыкальнае мысленне”.
На тыя самыя граблі
Адсюль і цяперашняя няўмольная хада, пераходзячая ў бег, дзеля пабудовы Астравецкай атамнай. “А казалі, калі пачыналася: “Абавязкова параімся з народам, будаваць ці не”, – згадвае мой суразмоўца.
“Кожны хоча незалежным быць, і гэта добра, – абгрунтоўвае Пётр Бахун. – Але ж новая АЭС НЕ ДАЕ гэтай незалежнасці, – наадварот, прывязвае нас да Расіі ў трох момантах: крэдыт, які трэба вяртаць Расіі, радыёактыўнае паліва, якое трэба браць там, і абслугоўванне, дзе мы зноў завязаныя на расійскія тэхналогіі”.
“А наш узровень працы! – укліньваю я сваю веду. – У гэтым месяцы ў Ганцавіцкім раёне згарэў трактар за 120 тысяч долараў. Дык трактарысты гасілі полымя …з бутэлек, пітной вадой. Вогнетушыцелі не ўзялі…”
“Дык і масла мабыць падцякала на новым трактары. А інакш чаму там гарэць?” – мяркуе дасведчаны ветэран палёў і вяртаецца зноў да глабальнага.
“Галоўнае – колькі можна наступаць на тыя самыя граблі?” – пытае ён роспачна.
Дык колькі?
Гутарыў Яўген БЯЛАСІН
Ответить