Наша кінаіндустрыя была прадстаўлена двума тэматычнымі раздзеламі: стужкамі тэлеканала “Белсат” і іншымі фільмамі, паміж сабой асабліва не звязанымі. Арганізатары падкрэслілі, што наўмысля сабралі стужкі абсалютна розныя па ідэалогіі і тэматыцы, каб польскі глядач мог пазнаёміцца з суседняй краінай ва ўсіх яе праявах.
На фестывалі было асабліва відавочна, што дакументальныя фільмы ў Беларусі значна апярэджваюць па колькасці і якасці гульнёвыя, якіх не назбіралася і дзясятка. А калі да апошніх прыгледзецца больш пільна, то беларускімі можна назваць і зусім адзінкі. Мала дачынення да нацыянальнага кіно маюць “Брэсцкая крэпасць” Аляксандра Кота, “Снайпер” Аляксандра Яфрэмава, “Ваўкі” Аляксандра Колбышава. Фільм “На спіне ў чорнага ката” Івана Паўлава таксама разлічаны больш на рускую, чым беларускую аўдыторыю. Застаецца ўсяго два мастацкія фільмы, паказаныя ў межах LAF: “Кадэт” Віталя Дудзіна, дзе, у адрозненне ад вышэй пералічаных, усе ролі граюць толькі беларускія акцёры, і забаронены да паказу на радзіме “Акупацыя. Містэрыі” Андрэя Кудзіненкі.
Трохі лепш ідуць нашы справы ў дакументалістыцы, здымаць якую танней, а значыць можна пазбегнуць ідэалагічнага ўмяшальніцтва ў творчы працэс. Заўважу, што і цікавасць гледачоў да беларускага “дакументу” была значна большая, чым да мастацкіх стужак.
Сярод рэжысёраў дакументальнага кіно, прадстаўленых на фестывалі, назавем Антона Цялежнікава, Юрыя Хашчавацкага, Віталя Дудзіна, Андрэя Куцілу, Уладзіміра Коласа. Але найбольш прадстаўнічым аказаўся сямейны падрад Віктара Дашука ды яго зяця Віктара Аслюка. Першы даўно спецыялізуецца на вострым кіно з канфліктамі, народжанымі ў беларускай палітычнай сітуацыі. Якраз такімі з’яўляюцца яго стужкі “Гулец”, “Дэкамерон па-беларуску”, “Каралеўства дохлых мышэй”, “Жанчына лёгкіх паводзін па імені Феміда”. Іншую нішу ў айчыннай дакументалістыцы абраў Аслюк, які з’яўляецца апісальнікам сучаснай беларускай вёскі, хаця не толькі гэта знаходзіцца ў сферы яго інтарэсаў. Яго стужкі нетаропкія, напоўненыя смуткам і настастальгіяй – іншымі, па словах рэжысёра, і не могуць быць творы пра з’яву, што памірае. Паказальныя ў гэтым сэнсе рэчы “Кола” і “Вальс”. Такім жа настроем прасякнутыя і “Рабінзоны з Мантсінсаары”, хоць падзеі ў іх адбываюцца не ў беларускай вёсцы, а на амаль бязлюдным востраве ў Расіі.
Падчас фестывальных сустрэч з Віктарамі Дашуком і Аслюком кінаманаў лагічна цікавілі не толькі прыватныя пытанні творчасці рэжысёраў, але і ўвогуле іх погляд на такую з’яву, як айчыннае кіно. Бачанне, скажам, Віктара Аслюка не можа адкрыць Амерыку нават польскаму гледачу: ніякага нацыянальнага кіно ў Беларусі няма і не будзе, пакуль у народа не з’явіцца нацыянальная самасвядомасць.
Акрамя беларускага, палякі на фестывалі праявілі цікавасць да датскага, італьянскага, славацкага, карыбскага і, зразумела, уласнага кіно. Некаторыя рэжысёры з сусветным імем былі ўдастоеныя асобных тэматычных блокаў фестываля.
Letnia Akademia Filmowa – гэта традыцыйны кінафестываль, які заўсёды праходзіць у польскім гарадку Звянжынец ля Растачанскага нацыянальнага парку. Ладзяць яго кіраўнікі дыскусійных кінаклубаў пры спонсарскай і валанцёрскай падтрымцы.
Агромністую зацікаўленасць у правядзнні LAF мае мясцовае насельніцтва Звянжынца, паколькі за 10 фестывальных дзён шматроць павялічваецца турыстычны прыток у горад. Кватэры і пакоі тут здаюць усе, хто мае іх у наяўнасці. Увогуле асаблівасць польскай культуры ў тым, што яна не канцэнтруецца выключна ў сталіцы ды вялікіх гарадах. Дзякуючы гэтаму жыхары мястэчак і вёсак час ад часу могуць адчуваць сябе ў цэнтры жыцця. Добрае адчуванне, ці не праўда?
Ответить