“Па другі бок Буга” – такую назву атрымала выстава, гасцінна сустрэтая Мастацкім музеем горада. Сэнс назвы асабліва відавочны, калі ведаць, што Станіслаў Бай — наш сусед. Гэта зараз ён жыве і працуе ў Варшаве, дзе не толькі паспяхова займаецца творчасцю, але і мае высокую пасаду прарэктара Акадэміі прыгожых мастацтваў. А нарадзіўся мастак у вёсцы Даўгаброды, з польскага боку памежнай ракі.
Па карцінах добра відаць, што сэрца мастака Даўгаброды ніколі не пакідала. Не важна, на чым прыпыніцца ваша вока, – на партрэтах сваякоў ды аднавяскоўцаў ці на пейзажах ракі Буг – вы адчуеце гэтую любоў да роднай старонкі і палюбіце яе не менш за мастака. А заадно ўстакроць болей палюбіце сваю родную вёсачку, ці вуліцу, ці дом. Больш палюбіце жыццё. Таму што карціны Станіслава вяртаюць нас да нас саміх.
На партрэтах толькі твары. Суровыя, заклапочаныя, стомленыя, спакойныя. Гэта твары пажылых людзей, якія іншымі не бываюць. У жыцці яны часам яшчэ смяюцца, але не на карцінах Бая. Яго партрэты не фотаздымкі, закліканыя злавіць імгненне, яны мусяць адлюстроўваць вечнасць. З дапамогай гэтых сур’ёзных твараў і іх глыбокіх вачэй мастак свідруе далёка ўглыб нас, правяраючы, ці не зракліся мы вечных каштоўнасцяў, увасабленнем якіх заўсёды з’яўляецца вобраз Мамы.
Маці Станіслаў Бай малюе ўласную і абагульненую адначасова. Кожны партрэт Марыі Бай нагадвае ікону. Асабліва той, дзе яе хустка так свеціцца, што ўяўляецца німбам. І гэта не прымаецца за святатацтва, бо ўсё лепшае мы ўспрымаем у гэтым свеце праз маму, праз маму ўспрымаем і сам свет. Толькі на іконах выразныя адно – вочы, у Бая ж гаворыць кожная зморшчынка твару.
Думкі пра вечнае навяваюць і пейзажы. У мастака яны не менш сімвалічныя, чым партрэты. Рака Буг мне асабіста вельмі нагадала міфічную Лету – раку, што цякла між светам жывых і светам мёртвых. На такое ўражанне найперш працуе чорна-белая гама палотнаў.
Наогул цёмныя колеры пераважаюць у карцінах Станіслава Бая. Але чамусьці гэта не пасяляе ў душы непакою. Наадварот, вы ведаеце, што з цемры раптам праявіцца нешта цёплае і вельмі добрае. Бо гэта няўхільны закон быцця.
Сваім жа асабістым шанцаваннем лічу знаёмства з мастаком. Поціск рукі і адкрыты пагляд у вочы. Чалавек, які глядзіць на нас з таго боку карцін, не падманвае.
Ответить