Але да чаго новы корпус інтэрната №4 Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя А. С. Пушкіна быў сапраўды гатовы, дык гэта да візіту начальства, якое на адкрыцці гаварыла пра тое, як наша ўлада і асабіста Аляксандр Рыгоравіч клапоціцца пра моладзь. Згадкі пра прэзідэнта і спасылкі на яго з’яўляюцца абавязковай часткай любой урачыстай цырымоніі ў сучаснай Беларусі, але ля сцен інтэрната яны гучалі асабліва часта. І рэктар Мечыслаў Часноўскі, і старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар не давалі студэнтам забыцца, каму яны абавязаныя новым жыллём. Бо каб не прэзідэнт, інтэрнат не быў бы ўключаны ў Дзяржаўную Інвестыцыйную праграму на 2012 год. Сумар жа на гэтай хвалі нагадаў пра выбары і пра тое, што кожны з прысутных павінен зрабіць усвядомлены выбар і не верыць “некаторым кандыдатам у дэпутаты”, якія сцвярджаюць, быццам цяперашняя ўлада нічога не робіць. А заадно прасвятліў галовы маладым выбаршчыкам тлумачэннем галоўнай функцыі парламента – “адкрываць добрую перспектыву для далейшага развіцця нашай краіны ў плане таго, каб палітыка, якая праводзіцца кіраўніком нашай дзяржавы, была закладзена ў нашы законы”.
Пасля ўручэння генеральным дырэктарам “Палессежылбуда” Уладзімірам Трубко сімвалічнага ключа рэктару і пераразання чырвонай стужкі дэлегацыя разам з журналістамі накіравалася на агляд студэнцкіх апартаментаў. У новым корпусе заселеныя пакуль некалькі пакояў – менавіта для таго, каб на іх паглядзець, — але на першым паверсе ўжо ёсць інфармацыйны стэнд і зроблены куточак выбаршчыка. Пра навуковую працу на стэндзе няма ані згадкі, затое добра праанансавана праца выхаваўчая.
У новым корпусе, разлічаным на 350 месцаў, будуць жыць студэнты матэматычнага, сацыяльна-педагагічнага, псіхолага-педагагічнага факультэтаў і студэнты-замежнікі. Асабліва радавацца перасяленню павінны матэматыкі, якія раней жылі ў інтэрнаце №2 на Дзяржынскага. Праўда, і грошай за пражыванне прыдзецца цяпер плаціць больш, паколькі новы інтэрнат ацэньваецца па найвышэйшай катэгорыі. На сённяшні дзень гэта каля 150 тысяч рублёў. Студэнты на такія траты згодныя, асабліва тыя з іх, каму раней прыходзілася здымаць пакой у прыватных кватэрах.
На жаль, з увядзеннем новага корпуса інтэрната жыллёвая праблема “пушкінцаў” застаецца да канца не вырашанай. Так і не зразумела, колькі студэнтаў забяспечвалі танным жыллём раней (даводзілася чуць лічбы 30, 40% ), але зараз з улікам інтэрнату дадуць каля 70% ад тых, хто ў ім мае патрэбу. 30% па-ранейшаму будуць шукаць жыллё самі.
Іна ХОМІЧ (фота аўтара)
Ответить