Асцярожна! Заезд платны
Арандатары, што здымаюць гандлёвыя плошчы ў будынку трыкатажнай фірмы “Элма”, занепакоеныя аб’явай, што з’явілася каля ўезду ў двор фабрыкі. Яна папярэджвае, што заезд на дваровую тэрыторыю будзе платны нават для арандатараў. Апошнія ж гэтай тэрыторыяй карыстаюцца не толькі для таго, каб ставіць прыватныя аўтамабілі, але і для адгрузкі тавару.
Здачай у арэнду памяшканняў у “Элме” займаецца ААТ “Гранд Фэшн Хаус”, туды мы і звярнуліся па каментар. Дырэктар таварыства Аляксей Вакульчык адказаў нам наступнае:
– Платны заезд – гэта толькі праект. Мне цяжка тут штосьці каментаваць, паколькі ён яшчэ не ўведзены. Але ў любым выпадку гэта нашая тэрыторыя, і мы не парушаем такім чынам чыіхсьці правоў.
А як быць з пагрузкай-разгрузкай? Арандатары здымаюць гандлёвыя плошчы, але не змогуць бясплатна забяспечыць таварам свае магазіны? Гэтае пытанне мы таксама задалі дырэктару “Гранд Фэшн Хаус”:
– Платны заезд – гэта нешта накшталт платнай паркоўкі. Ён не будзе тычыцца транспарту, які заязджае на нашу тэрыторыю для адгрузкі тавару.
Такім чынам, згодна з адказам Аляксея Вакульчыка, новаўвядзенне не павінна абмяжоўваць правы арандатараў. Праўда, ужо зараз здымшчыкі бачаць іншае:
–У аб’яве напісана, што платны заезд будзе дзейнічаць з першага кастрычніка. Але ўжо 11 верасня адну машыну не пусцілі на разгрузку. Чалавек вымушаны быў паркавацца каля ўніверсітэта і насіць тавар адтуль.
Будзем спадзявацца, што гэта была толькі памылка з боку выканаўцы, які дакладна не зразумеў, што мела на ўвазе яго начальства пад платным заездам. Але арандатарам будзе карысна абмеркаваць новаўвядзенне з дырэктаратам ААТ “Гранд Фэшн Хаус”. Тым больш што апошні да перамоў быццам бы гатовы.
Падманулі, падвялі
Раней збіралі маркі ды фанцікі, зараз збіраюць часопісы. Прычым выдаўцы знаходзяць падыход да кожнага. Падабаецца жывапіс? Калі ласка, вось вам серыя пра мастакоў з каляровымі рэпрадукцыямі іх работ. Любіце збіраць нешта сваімі рукамі? Набывайце тэматычны часопіс, у камплект да якога ідуць дэталі да караблёў. Калекцыянаваць можна таксама касметыку, мінералы, дыскі і бог ведае што яшчэ.
Па гэтым жа прынцыпе расійскае выдавецтва “Амфора” выдала серыю кніг пра Уладзіміра Высоцкага, што адразу ацанілі аматары творчасці славутага барда. Тым больш што да кожнага выдання дадаваўся кампакт-дыск з яго песнямі. І аматары не маглі не заўважыць, што апошняя кніга серыі ў продажы так і не з’явілася. Увагу дзяжурнага рэпарцёра на гэты факт звярнуў наш пастаянны чытач Альберт Багдасараў:
– Ва ўсіх шапіках “Саюздруку” прадаваліся 11 кніг з вершамі Высоцкага. Пры гэтым у кожнай кнізе анансавалася, што заканчваць праект будзе раман “Высоцкі. Дзякуй, што жывы” Мікіты Высоцкага ў камплекце з аднайменным фільмам. Прайшло больш за два месяцы, але абяцанага выпуску так і не з’явілася. У чым справа?
Таваравед РУП “Брэстаблсаюздрук” Галіна Зайчук пацвердзіла, што апошняя кніга серыі ў шапікі не паступала. І невядома калі паступіць:
– Мы не працуем напрамую з выдавецтвам. У нас ёсць пасярэднік у Мінску, ён даслаў запыт на кнігу, але пакуль не атрымаў адказ.
А праз пару дзён Галіна Зайчук пазваніла ў рэдакцыю, каб паведаміць, што адказ ад пасярэднікаў прыйшоў. Але, на жаль, ён не адрозніваўся асаблівай змястоўнасцю, нават зусім быў не ў тэму пытання. Таваравед раіць нашаму чытачу пісьмова звярнуцца ў “Брэстаблсаюздрук”, каб прадпрыемства магло пераслаць прэтэнзіі сваім партнёрам.
Чуткамі Брэст поўніцца
Другі наш чытач Пётр Сцяпанавіч задаў дзяжурнаму рэпарцёру пытанне, што паставіла ў тупік не толькі мяне, але і ўсіх, ад каго я імкнулася атрымаць адказ. Справа ў тым, што берасцейца цікавіў лёс былога асабняка на Карла Маркса, які цяпер знаходзіцца ў распараджэнні ведамственнага дзіцячага садка “Газаапарата”. Пётр Сцяпанавіч прачытаў у нашай газеце, што ў гэтым будынку горад плануе стварыць музей Машэрава. Вось і пытаўся з гэтай нагоды, што пра гэты музей чуваць.
Ніхто ў рэдакцыі не мог успомніць, калі “БК” пісаў пра магчымы музей Машэрава. Прыйшлі да высновы, што гаворка ідзе пра публікацыю Алеся Паплаўскага «Домик на Карла Маркса, где жил Король», надрукаваную ў маі 2011 года (на сайце можна знайсці і зараз). Аўтар сапраўды згадваў у сваім артыкуле Пятра Машэрава, але толькі ў тым кантэксце, што вядомы савецкі дзеяч жыў у памянёным асабняку ў 50-х гадах.
Тым не менш мы пазванілі ўсім магчымым асобам, якія б у першую чаргу ведалі пра такое рашэнне. Дырэктар абласнога краязнаўчага музея Аляксей Міцюкоў і начальнік гарадскога аддзела культуры Уладзімір Сусько яўна былі не ў тэме, што яшчэ змяншала працэнт верагоднасці існавання музея не толькі на Карла Маркса, але і ў горадзе.
Катэгарычнае “не” сказала галоўны спецыяліст аддзела культуры гарвыканкама Ала Кондак, якая вядзе пытанні гісторыка-культурнай спадчыны:
– Гэта нейкая “утка”, ніхто не збіраўся рабіць у асабняку музей Машэрава. Будынак знаходзіцца на балансе дзіцячага садка, і пакуль няма планаў яго забіраць.
На мой жа асабісты погляд, не такую вялікую ролю ў гісторыі Брэста адыграў Машэраў, каб рабіць яму музей. Тым больш што ў доме на Карла Маркса ён быў усяго часовым госцем, а ўласнікам з’яўляўся ўрач і не менш цікавая асоба Павал Кароль, пра якога і распавядаў Алесь Паплаўскі.
Ответить