Міма гэтай даты не маглі прайсці найперш яго калегі і колішнія студэнты. Філалагічны факультэт БрДУ імя Пушкіна, дзе Уладзімір Калеснік быў першым прафесарам, наладзіў адмысловую юбілейную праграму. Яна ўключала не толькі традыцыйную для філфака творчую вечарыну – выкладчыкі, пісьменнікі і студэнты накіраваліся найперш да магілы Калесніка. Многім было тут што сказаць. Хтосьці ўспамінаў і ўзважваў тую ролю, што адыграў Уладзімір Андрэевіч у яго жыцці, іншы тлумачыў студэнтам, што значыў Калеснік для філфака.
Ля дома славутага крытыка на вуліцы Чкалава, дзе вісіць адпаведная мемарыяльная дошка, універсітэцкую дэлегацыю чакала Зося Калеснік. Зося Міхайлаўна таксама доўгі час выкладала на філфаку; пакуль дазваляла здароўе, узначальвала навукова-асветны цэнтр імя мужа. Яе замяніла энергічная Святлана Варонік, для якой ушанаванне памяці Уладзіміра Калесніка таксама справа з пачэсных.
Экскурсію па калеснікаўскіх мясцінах завяршыла паездка да вуліцы, названай у гонар прафесара. Па іроніі лёсу, гэтая вуліца знаходзіцца далёка ад сапраўды калеснікаўскіх мясцін. Аднак яе з’яўленне хоць бы на Вульцы – таксама вялікая перамога для беларусістаў.
Уладзімір Калеснік раздзяліў цяжкі, але надзвычай цікавы лёс пачынальнікаў-энтузіястаў. Яму належала даследаваць літаратуру Заходняй Беларусі ў той час, калі яна лічылася нядобранадзейнай і, як следства, малаперспектыўнай. Не менш важным быў яго ўнёсак у распальванні, як прынята казаць на філфаку, берасцейскага літаратурнага вогнішча. Сучаснікі Калесніка памятаюць яго як настаўніка і чалавека, наступныя ж пакаленні філфакаўцаў ведаюць Уладзіміра Андрэевіча менавіта як пачынальніка. І гэта шмат значыць, бо Калесніка няма без малога два дзесяцігоддзі, а дух яго працягвае жыць і гаспадарыць на трэцім паверсе старога корпуса БрДУ імя А.С. Пушкіна.
Іна ХОМІЧ (фота аўтара)
0 комментариев
Anonymous User
19.09.2012 в 21:51сучаснік
19.09.2012 в 21:51Зацемім, што вуліцу падпісана па-расейску, і ўпэўнены, што акурат гэтага не хацеў партызан з Наваградчыны. Бо стараўся зрабіць Беларусь беларускай, наколькі гэта было можна пары крывавых большэвіках. Цяпер выдае на тое, што гэтае поле яшчэ звужваюць. Назвалі вуліцу і змяшалі з зямлёй, прынізілі чалавека: «С чем боролся на то и напоролся»