З нагоды Дня бібліятэк 19 верасня ў грамадска-культурніцкім цэнтры адбыліся ўрачыстасці з удзелам прадстаўнікоў абласнога выканаўчага камітэта і Нацыянальнай бібліятэкі. Пераважную частку імпрэзы бібліятэкары атрымлівалі па заслугах: адны – за перамогу ў прафесійным конкурсе “Лесвіца поспеху”, другія – за доўгія гады працы ў сістэме. Дарэчы, пераможцы “Лесвіцы поспеху” атрымалі вельмі прыстойны прыз ад старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара – ноўтбук.
Прадстаўнік Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша таксама прыехаў не з пустымі рукамі, захапіўшы з сабой факсімільнае выданне першага беларускага буквара 1767 года. Падарунак атрымала дырэктар абласной бібліятэкі імя М. Горкага Тамара Данілюк, але ўкладальнік рарытэта паабяцаў, што хутка копіі буквара 1767 года будуць у кожнай раённай бібліятэцы.
Акрамя таго, хацелася б падкрэсліць словы начальніка ўпраўлення культуры аблвыканкама Сяргея Панасюка, які пажадаў бібліятэкарам адноўленага будынку абласной бібліятэкі з паркам і фантанамі. Гэта быў бы выдатны падарунак не толькі працаўнікам галіны, але і ўсім берасцейцам, таму мы да такога пажадання з задавальненнем далучаемся і спадзяемся, што словы знойдуць-такі матэрыяльнае ўвасабленне.
Ответить