Для тых, хто дрэнна разбіраецца ў геаграфіі горада, нагадаем, што гэты квартал знаходзіцца адразу за чыгункай, калі перасякаць яе па вуліцы Пушкінскай з боку бульвара Касманаўтаў. Усе тры вуліцы – Піваварная, Валадарскага і 1-ы Мінскі ідуць паралельна чыгуначнаму палатну. Дадатковымі меткамі гэтага квартала з’яўляецца інтэрнат №4 БрДУ імя Пушкіна і, безумоўна, знакамітая калонія Варбурга.
Нягледзячы на наяўнасць гісторыка-культурнай каштоўнасці квартала, праект асабліва грамадства не зацікавіў. Абмеркаванне звялося да апублікавання на сайце газеты “Брэсцкі веснік” плана і закліку пісаць на адрас газеты (!) свае прапановы. Не было ніякіх прэс-канферэнцый, сустрэч з распрацоўшчыкамі, дэбатаў. Стваралася ўражанне, быццам упершыню ў навейшай гісторыі горада супольнасць сышлася ў адзіным меркаванні.
Не вельмі даючы ў гэта веры, мы вырашылі апытаць, што думаюць пра праект сучасныя жыхары квартала, а таксама звярнуліся да эксперта ў горадабудаўнічых пытаннях Ірыны Лаўроўскай.
Голас народа
Далёка не ўсе, хто сустрэўся нам у квартале, былі знаёмыя з праектам. Аднак ні для каго не было сакрэтам, што не за гарамі татальны знос аднапавярховых дамоў, якімі забудаваны квартал.
− А што я нейкая ўпаўнаважаная асоба, каб са мной абмяркоўвалі праект?− здзіўляецца месціч з вуліцы Піваварнай.− Чуў, што збіраюцца зносіць, але ніхто пакуль не прыходзіў. Некаторыя яшчэ і будавацца тут ухітраюцца. Увогуле, як будзе, так будзе. На вуліцу ж не выкінуць, кудысьці паселяць.
Другая міначка, на гэты раз з вуліцы Валадарскага, наадварот, шкадуе, што іх змены не закрануць.
− Вельмі шкада, што нас пакуль не зносяць. Мы жывем на тым баку Валадарскага, які пад праект не падпадае. Гэта дзяржаўныя дамы, 1934 года пабудовы, не ведаю, чаму іх не зносяць. Цэнтр горада – даўно пара прывесці яго ў парадак. Я, канешне, разумею тых, хто сам будаваўся. Напэўна ім не захочацца пераязджаць на ўскраіны. А мы б з задавальненнем.
Жанчына пераказвае чуткі, што тым, хто зноў хоча будаваць прыватны дом, прапаноўваюць участак ажно пад Жабінкай.
А вось наступны рэспандэнт не гарыць жаданнем пакідаць наседжанае месца. Ён пенсіянер, з жонкай яны з’ехалі сюды з паверхаў шматкватэрнага дома, шмат сіл і грошай уклаўшы ў рэстаўрацыю старэнькай хаты бацькоў.
− Я не веру, што тут у хуткім часе пачнуць нешта будаваць. Але калі так будзе, то я, канешне, супраць. Будаваць новы дом у мяне няма ўжо сіл.
Голас эксперта
Доктар архітэктуры і ўрбаністыкі Ірына Лаўроўская доўга і пільна вывучала праект забудовы перад тым, як прызначыць сустрэчу. Затое на момант гутаркі архітэктар магла разабраць задуму праектантаў па дробачках.
− Ірына Барысаўна, найперш цікава Ваша ацэнка працэдуры абмеркавання, якое мела месца ў дадзеным выпадку.
−Гэта было не абмеркаванне, а інфармаванне. Працэдура абмеркавання прапісана законам. Яно павінна пачынацца на стадыі ПЛАНАВАННЯ ПРАЕКТА ДЭТАЛЕВАЙ ПЛАНІРОЎКІ раёна. Кіеўка такога плана не мае, а павінна мець. Бо раён сваеасаблівы, цікавы і складаны адначасова. Чаму не мае – пытанне да старшыні гарвыканкама Палашэнкава і галоўнага архітэктара горада Ляшука. Мы плацім падаткі, утрымліваем вялізную армію чыноўнікаў, і яны абавязаны адказаць нам: што, дзеля чаго, калі і, канешне, за колькі яны збіраюцца зрабіць тое ці іншае. Мы ім скажам: так ці не. І нас яны абавязаныя не толькі выслухаць, а пачуць і пакласці нашыя чаканні ў аснову наступнага варыянта. Такім павінна быць абмеркаванне.
− Як Вы ацэньваеце праект рэканструкцыі квартала Піваварная – 1-ы Мінскі – Валадарскага?
−На мой погляд, задума гарадскіх уладаў скіравана на тое, каб, знішчыўшы своеасаблівы гарадскі ансамбль,выгадна прадаць гарадскую маёмасць у прыватныя рукі, г.зн. перадаць у распараджэнне цьмянаму “інвестару” тэрыторыю з добра падрыхтаванай інфраструктураю, падведзенымі камунікацыямі, цяплом, святлом, каналізацыяй, якія нямала каштавалі для нас і нашых папярэднікаў.
Само праектнае рашэнне вытрымана ў патрабаваннях ТКП, але толькі ў асобна ўзятым мікрараёне. У стасунках да праблемных пытанняў горада, повязей і ўзаемадзеяння розных элементаў − не.
Тычыцца гэта ў першую чаргу развіцця гарадской камунікацыйнай сеткі, альтэрнатыўных магчымасцяў і новых транспартных тэхналогій. Ніхто не палічыў, як прадстаўленае праектнае рашэнне адаб’ецца на якасці жыцця ў будучым. Калі казаць наўпрост − яно можа назаўжды закрэсліць цэлы шэраг эканомных ідэй, пакладзеных у канцэпцыю генеральнага плана горада. Але галоўнае – яно супярэчыць падставовай мэце горадабудаўніцтва, скіраванай на павышэнне якасці жыцця ЧАЛАВЕКА.
Глядзім далей. Згодна з генеральным планам горада (2011), на гэтай тэрыторыі прадугледжвалася частковая рэканструкцыя жыллёвай і гандлёвай функцыі. Аднак частковая рэканструкцыя жыллёвай функцыі перарадзілася ў шматпавярховыя жылыя гмахі.
Праігнараваны таксама прапановы навукова— метадычнай Рады Міністэрства культуры пра захаванне адметнага ў горадзе раёна з адаптацыяй яго для мэтаў музейна-рэкрэацыйных. Насуперак гэтаму пралабіраваны дазвол на прывязку да гэтай тэрыторыі супермаркета на 1200 м² гандлёвай плошчы. І толькі пасля гэтага, калі не дзеля гэтага, створаны праект квартала.
Асаблівую ўвагу звяртаю, што на пляцы памерамі каля 770×650 м, апроч высотных дамоў і інтэрнатаў з паркоўкамі, размешчаны трохпавярховы гараж на 100 машына-месцаў і тупіковай паркоўкай пры супермаркеце на 249 месцаў.
− Гэта зашмат для такога раёна?
− Машын многа не бывае. Але звярніце ўвагу, што новы квартал з вялікім гаражом ды паркоўкамі размешчаны ў самым вузкім месцы транспартнай камунікацыі Брэста − там, дзе сёння і без гэтага штодня ўтвараюцца коркі,– на сутыку старажытных камунікацыйных шляхоў і тых дарог, што плануецца узвесці менш чым праз 10 гадоў.
Можна было б абаперціся на планы пабудовы да 2021 года двух значных транспартных развязак, прадугледжаных праектам карэкціроўкі генеральнага плана горада. Абедзве развязкі лагічна плануюцца па лініі вуліцы Папаніна − адна на скрыжаванні з вуліцай Гогаля, а другая менавіта на рагу з вуліцамі Скрыпнікава і Піваварная. Але праект квартала фактычна гэта замоўчвае. Пабудова ў гэтым месцы жылога квартала канчаткова зруйнуе рэшткі марфагенезу, яшчэ нядаўна прыязнага да чалавека горада Брэста.
− Гэта значыць, трэба выбіраць: ці развязка, ці жылыя дамы. Сумясціць гэта складана?
− Сумясціць можна ўсё, але навошта, высяляючы адсюль сем’і, пасяляць зноў ужо значна больш людзей і свядома планаваць ім пагаршэнне якасці жыцця ў бліжэйшай будучыні? Плануючы на месцы індывідуальнага жылля шматпавярховыя даходныя дамы, трэба папярэдзіць шчаслівых навасёлаў, што іхняя кватэра – не інвестыцыя у будучыню, а затратны капкан з гарантаванай стратай нерваў і здароўя. Дакладна так, як ў квартале Маякоўскага-Савецкая-Гогаля-Камсамольская. Патэнцыйным пакупнікам кватэр у гэтым квартале трэба быць гатовымі да таго, што прыйдзецца змагацца з шумам, дыхаць забруджаным паветрам, стаяць у корках, каб толькі выехаць з падворка і г.д. Да таго ж і “інвестару” прыдзецца не салодка. Горшага месца для супермаркета ў Брэсце знайсці немагчыма.
− Адкуль жа такая недальнабачнасць?
− Думаю, у людзей, якія займаюць крэслы дзяржаўных чыноўнікаў, не хапае дзяржаўнага мыслення. Карупцыя і кумаўство як перадумова кар’ернага росту ў Брэсце на дзяржаўных пасадах — прытча ва языцах. Як вынік – татальны непрафесіяналізм і калгасная закасцянеласць у кадрах. У гэтым самая вялікая праблема. Улады хоць на самым версе, хоць на самым нізе псуюць жыццё не толькі дня сённяшняга, але закладаюць міны запаволенага дзеяння на будучае. Рашэнні прымаюцца ў інтарэсах вузкага кола, за чаркаю і шкваркаю, а пазней спускаюцца “ заканадаўчым органам”, у якіх тыя ж чыноўнікі і сядзяць. Няма каму спытацца, ці варта ушчыльняць цэнтр горада будынкамі і гаражамі. Можа, лепш па рэйках, якія нехта ўжо запланаваў здаць на металалом, пусціць трамвайчык, каб людзі спакойна маглі дабірацца з паўночнага прадмесця да паўднёвага? Каб насамрэч прыгарад стаў бліжэй, а цэнтр прывабным, утульным, цяністым.
Квартал, пра які размова, праз нядбайнсць чыноўнікаў страціў сваю прывабнасць яшчэ ў мінулым стагоддзі. Пасля высялення адтуль месцічаў (дарэчы – нашым з вамі коштам), ён б’е у вочы разрухаю. Яго адмыслова і мэтава падпальваюць “бамжы”, мясцовыя “рупліўцы” выносяць адтуль усё мала-мальскі каштоўнае. Такім чынам фармуецца грамадская думка пра неабходнасць забудовы квартала “красівымі городскімі домамі”.
У такіх варунках пацярпела фіяска і спроба надаць кварталу статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. У чынавенства “развязаныя рукі”.
− Калі б Вы планавалі рэканструкцыю гэтага квартала, што б там было?
− Культурна-рэкрэацыйны цэнтр з элементамі мемарыяльнага парка. Стогадовыя ліпы, дубы, брук, вадаём. Адрэстаўраваныя з дапамогаю тэсляў драўляныя, пакрытыя дранкаю будынкі калоніі Варбурга. Напэўна, разам з майстэрнямі, аптэкаю і пральняй. Частку з іх адаптавала б для функцый музейных і гатэлевых. Я б прапанавала выкарыстоўваць квартал для правядзення кірмашоў, накшталт “Казюкаў”, выставаў для мастакоў, рамесніцкага цэнтра. Але перад усім там павінен быць помнік 30 тысячам забітых берасцейцаў яўрэйскага паходжання і лапідарый з мацаў (надмагільных плітаў) даўніх яўрэйскіх могілак, разбураныхУЛАДАМІ і ЖЫХАРАМІ Брэста ў знак нашага “прабачце”.
Дарэчы, 15 кастрычніка будзе 70 год знішчэння берасцейскага гета.
Такім чынам, не ўсё так адназначна ў праекце рэканструкцыі квартала, абмежаванага вуліцамі Піваварнай, Валадарскага і 1-м Мінскім завулкам. Адсутнасць паўнавартаснага абмеркавання зусім не азначае згоды з прапанаваным варыянтам. Як звычайна бывае, людзі маўчаць да таго часу, пакуль справа не тычыцца асабіста іх.
Справядлівасці дзеля трэба сказаць, што праект рэканструкцыі прадугледжвае аднаўленне часткі дамоў Варбурга. Але як гэта будзе выглядаць, пакажа час.
0 комментариев
Anonymous User
05.10.2012 в 20:05мыслю
05.10.2012 в 20:05Што б ні рабілі, а выйдзе АКМ. Недастае еўрапейскага мысленне, затое пазбытак базавай функцыі ўтрымання ў пальцах.
А развагі архітэктара цікавыя, як цікавы кожны профі: мастак (тэкстаў, музыкі), псіхолаг, футбаліст нават (мовай гульні, як БАТЭ супраць Баварыі).
Ihar Baranouski
08.10.2012 в 15:21Даўно склалася ўстойлівае ўражаньне, што чыноўнікі з мясцовай улады і архітэктары ў нашым горадзе НЕ ЖЫВУЦЬ, але толькі віртуальна адмініструюць, падзяляючы фінансавыя сродкі. Інакш бы яны не думалі пра тое, як забіць цэнтр гораду машынамі і пабудаваць там ШМАТПАВЯРХОВЫЯ гмахі «элітнага» жыльля. І гэта пры поўнай адсутнасьці інтарэсу і павагі да мясцовай ландшафтнай і гісторыка-культурнай спадчыны.
як бы
09.10.2012 в 23:02інтарэс дык вось у іх хутчэй за ўсё ёсьць, ihar baranouski, Інакш бы не стаялі так насьмерць за тое каб там сядзець. ЦІКАВАСЬЦІ няма
Хтонька
23.11.2012 в 19:29Сябры, «горад» пабеларуску — «места» (адсюль «мястэчка» — «городок»).
Прыклад: места Менск, места Берасьце, места Горадня, м. Вільня й г.д.
А горадам у беларускай мове спрадвеку завецца агароджанае месца — т.зв. замак (старажытны цэнтар).