Вось і на гэты раз вялікая колькасць літаратараў , бібліятэчных работнікаў, аматараў і прыхільнікаў роднай мовы і літаратуры з Мінска, Гародні, Брэста і раённых гарадоў Берасцейшчыны сабраліся ў дажджлівы пахмурны дзень, каб у чарговы раз аддаць даніну памяці чалавеку, які шмат зрабіў за сваё турботнае жыццё для беларушчыны.
Гасцінна сустракала гасцей у белаазёрскай бібліятэцы імя Ніны Мацяш яе загадчыца Тамара Кузняцова, якая пазней была і вядучай вечарыны.
Госці пабывалі на магіле Ніны Язэпаўны, у доме, дзе яна нарадзілася, у кватэры, дзе жыла апошнія гады. Па традыцыі прагучалі ўспаміны пра паэтку і літаратурныя чытанні.
Удзел у літаратурным мерапрыемстве прынялі сябры ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Эдуард Акулін, Міхась Скобла, Алесь Пашкевіч, Анатоль Вярцінскі, Васіль Жуковіч, Анатоль Івашчанка – на чале са сваім старшынёй Барысам Пятровічам, які ў сваім выступленні сказаў: “Няхай жыве светлая памяць пра Ніну Мацяш! Мы яе вельмі любім!..”
Вядомая ў Беларусі паэтка і празаік з Гародні Данута Бічэль-Загнетава прызналася слухачам: “Я вельмі шчаслівая, што я тут. Я так даўно не бачыла Ніну, а сёння я шчаслівая, што да яе прыехала…”
Берасцейскія літаратары Іван Мельнічук, Сяргей Амяльчук, Валянціна Осіпава, Святлана Варонік і Марыя Новік выказалі таксама словы любові і павагі да Ніны Мацяш, зрабіўшы акцэнт на тое, што ўжо шмат зроблена для ўшанавання памяці славутай зямлячкі, але яшчэ трэба вырашаць пытанні па адкрыцці музея-кватэры Ніны Мацяш, па ўсталяванні помніка паэтцы на радзіме…
Дождж працягваў марасіць увесь дзень, але ён не замінаў добраму настрою на свяце паэзіі і беларушчыны.
Ответить