Забіць
Першая брастаўчанка непакоілася з той нагоды, што ў раёне, дзе яна жыве, ужо каторы дзень бегае зграя сабак на чале з ратвейлерам.
– Пакуль нікога не пакусалі, але яны гаўкаюць, і нічога прыемнага для нас у гэтым няма. Мы пісалі заяўку ў ЖЭС, яны ў сваю чаргу накіроўвалі заяўку ў “Камунальнік”. Але сабакі па-ранейшаму тут. І наогул беспрытульныя жывёлы – гэта вялікая праблема, у ЖЭСе тое ж самае кажуць. Я не супраць сабак, але мяркую, што апошні п’яніца варты спагады ўсё ж больш, чым нават пародзісты сабака. Думаю, на гэтую тэму трэба зрабіць матэрыял, дзе абавязкова ўказаць нумары, па якіх можна выклікаць адлоўнікаў сабак.
Такім чынам, журналіста прасілі пасадзейнічаць забойству. Бывае, канешне, што сабак адлоўліваюць і змяшчаюць у пункт часовага ўтрымання, дзе ў жывёлы ёсць хоць невялікі шанец выжыць. Часта ж сабак проста адстрэльваюць на вуліцы.
Ратвейлер, пра якога нам распавяла паважаная чытачка, мае гаспадара. Начальнік участка па ўтрыманні беспрытульных жывёл ВКУП “Камунальнік” Сяргей Пастухоў расказаў, што з ім вяліся неаднаразовыя размовы, аднак чалавек лічыць патрэбным выгульваць пітомца вось так – круглымі суткамі, аднаго і без намордніка. “Але калі сабака і далей будзе так бегаць, прыдзецца яго застрэліць”,– гаворыць Сяргей Пастухоў і расказвае, што ратвейлер напужаў маладую маму, ад чаго ў яе знікла малако.
Заўважым, да гаспадара прэтэнзій ніхто не мае. Механізм прыцягнення да адказнасці чалавека не вельмі адладжаны, а вось механізм забойства – як мае быць. Гэтак жа не прыцягваюць да адказнасці гаспадароў некастрыраваных і нестэрылізаваных сабак і катоў, якіх вольна адпускаюць на вуліцу і якія пасля даюць беспрытульны прыплод.
А яшчэ дзіўна, калі параўноўваюць сабак і людзей, як гэта зрабіла наша чытачка. Хіба стаіць пытанне, чыё жыццё даражэй? Калі дарослыя больш клапоцяцца пра дзяцей, гэта лічыцца нармальным, бо дзіця не можа за сябе самастойна пастаяць. А хіба адносіны чалавека і жывёлы не будуюцца на тым жа прынцыпе мацнейшага і слабейшага?
Памілаваць
Ірына Сіняпкіна з’яўляецца валанцёркай вялікага зоаахоўнага руху, што пачаўся ў Брэсце і Беларусі ў адказ на пагаршэнне “жывёльнай” сітуацыі. Разам з іншымі неабыякавымі яна ратуе катоў і сабак ад адстрэлу, ад хвароб ці лютых маразоў. А паколькі ў горадзе дагэтуль няма прытулку, куды можна было б прынесці такіх жывёл, яна часова размяшчае іх у сваёй кватэры. Там і рыхтуе для новага гаспадара. Корміць, стэрылізуе, лечыць, робіць прышчэпкі. Не сама, зразумела, – водзіць да ветэрынара. Пасля жывёлы выстаўляюцца на акцыях, дзе ім шукаюць гаспадара. Калі не знаходзяць – каты і сабакі вяртаюцца да Ірыны. Адзін сабака, якога некалі выкінулі з машыны, жыве ў Сіняпкінай ужо 6 год. Другі, якого адна бабулька ўратавала ад адстрэлу, але пасля злягла ў бальніцу, – год.
Па скарзе суседзяў да Ірыны пачалі хадзіць розныя службы ды патрабаваць пазбавіцца ад жывёл. Куды яна іх дзене, нікога не хвалюе, хаця менавіта гэта і павінна іх хваляваць у першую чаргу. Бо калі Ірына выкіне іх на вуліцу, дзяржаўныя службы самі ж атрымаюць праблему беспрытульных жывёл. У адным з прадпісанняў Ірыне напісалі “здаць у пітомнік”, хоць ніякіх пітомнікаў у Брэсце няма. Ёсць толькі пункт часовага ўтрымання, дзе жывёл забіваюць, а не разводзяць.
У такой жа сітуацыі, як Ірына Сіняпкіна, знаходзяцца і іншыя валанцёры, а таксама проста тыя, хто не можа прайсці міма істоты, што трапіла ў бяду. Калі ў кватэры больш за дзве жывёліны аднаго віду, то гэта ўжо нагода вашым суседзям наклікаць бяду на вашу галаву. І няважна, што на лесвічнай пляцоўцы і дома ў вас будзе парадак. Вашых жывёл абвінавацяць у тым, што на вышэйшым паверсе да сцяны прылеплена жвачка, а на першым на падлозе валяецца пустая бутэлька з-пад гарэлкі.
Юрыдычна службы і суседзі маюць рацыю. Урэшце, Ірына жыве нават не ў прыватным доме. Аднак службы і суседзі маўчаць пра галоўнае. Такія людзі, як Ірына, за свой кошт бяруцца рабіць тое, чаго ніяк не ўдасужыцца зрабіць дзяржава і грамадства. Быў бы ў горадзе прытулак для жывёл, хіба ж нехта браў бы іх у сваю кватэру з перспектывай нажыць непрыемнасці?
Нота закона
Стаўленне беларусаў да жывёл адлюстроўваецца яшчэ і ў тым, што мы дагэтуль як след не рэгламентавалі, як трэба да іх ставіцца. Зоаахоўнікі з нецяплівасцю чакаюць закона “Аб абыходжанні з жывёламі”, які павінны былі прыняць на апошняй сесіі Палаты прадстаўнікоў, але адправілі на дапрацоўку з-за шматлікіх заўваг. Асноўная прэтэнзія – яшчэ большае абмежаванне колькасці дамашніх любімцаў. Калі цяперашнія правілы ўтрымання дазваляюць мець па дзве жывёліны аднаго віду, то закон меўся дазволіць увогуле толькі дзве.
Несумненны плюс закона, што ў ім будзе прапісана, чаго нельга рабіць з дамашнімі жывёламі. Напрыклад, выпускаць без уладальніка, пазбаўляцца ад іх і пакідаць адных на лецішчах.
Адказнасць жа за жорсткае абыходжанне з жывымі істотамі, па словах адміністратара інтэрнэт-супольнасці “Права на жыццё” Ірыны Амельянчук, ужо зараз стала больш жорсткай. Цяпер аматары паздзекавацца з жывёл могуць паплаціцца як рублём, так і абмежаваннем волі да аднаго года або арыштам да 6 месяцаў. Адпаведныя папраўкі ўнесены ў Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях і Крымінальны кодэкс. Раней за падобныя правапарушэнні прадугледжваліся толькі штрафы ды арышты да 15 сутак.
Ірына Амельянчук упэўнена, што жывёл неабходна ахоўваць ад чалавека пры дапамозе заканадаўства. Нават у Брэсце ўсё больш частымі становяцца выпадкі неабгрунтаванай жорсткасці да прадстаўнікоў жывёльнага свету. Валанцёры часта падбіраюць катоў і сабак, якія знаходзяцца ў цяжкім фізічным стане: збітыя, з выпаленымі цыгарэтнымі бычкамі вачыма, пакалечаныя. Паказальны прыклад, калі вучні школы №25 гулялі кацянём у футбол. Кацяня забрала да сябе адна з валанцёрак, але вылечыць не змагла. Адзін за адным у яго адмаўлялі органы, скура злазіла з яшчэ жывога.
“Дзеці такія жорскія, таму што жорсткія іх бацькі,– зазначаюць у адзін голас зоаахоўнікі.– Усё пачынаецца са словаў мамы да дзіцяці: “Не падыходзь да гэтага ката, ён блыхасты”. Дзіця з дзяцінства ведае, што коцік, які бегае па вуліцы, – гэта зло. А таму чаму б не пайграць ім замест мячыка?”.
Для таго, каб хоць неяк змяніць стаўленне грамадства да праблемы, суполка “Права на жыццё” пачала супрацоўнічаць са школамі. Валанцёры прыходзяць на класныя гадзіны, у летнія лагеры і праводзяць гутаркі. І заўсёды прыводзяць з сабой якую-небудзь бяскрыўдную сабаку, падабраную некалі на вуліцы.
А ўвогуле пры стаўленні да жывога грамадству час ад часу трэба ўспамінаць адну выказаную Махатмам Гандзі мудрасць. Веліч народа заўсёды вымяраецца яго адносінамі да жывёл.
Ответить