Наталля Біспаева пераехала сюды разам з мужам паўгода таму. Муж ужо атрымаў беларускае грамадзянства, яе ж часова зарэгістравалі на год з магчымасцю працягнуць рэгістрацыю.
Паколькі яны набылі кватэру, сям’я пачала пераафармляць рахункі ў розных камунальных ведамствах. Тут і выявілася, што мужу і жонцы выдзяляецца ўсяго адна норма вады па льготным кошце. Гэта было асабліва незразумела ў тым святле, што за газ Біспаевым належыць плаціць за дваіх. Норма вады прызначалася толькі мужу Наталлі, які мае ў Брэсце пастаянную прапіску.
− Мы былі на прыёме ў юрыста “Водаканала”. Ён не змог нас пераканаць у тым, што гэтае прадпрыемства мае рацыю. Раздрукаваў адну старонку з пастановы Саўміна “Аб упарадкаванні разлікаў насельніцтва за карыстанне жылымі памяшканнямі і камунальнымі паслугамі”. Але там напісана, што норма разлічваецца на кожнага зарэгістраванага па месцы жыхарства чалавека. Але я таксама зарэгістравана! Чаму на мяне нормы няма?
Раз юрыст не здолеў патлумачыць сітуацыю Наталлі Біспаевай, можа, у яго атрымаецца патлумачыць журналісту?
Мы звязаліся з начальнікам юрыдычнай службы “Водаканала” Алёнай Сітухай, якая адразу адвяла гром ад сваёй арганізацыі:
− У пастанове напісана “на кожнага зарэгістраванага па месцы жыхарства”. Часовая рэгістрацыя называецца па іншаму – рэгістрацыя па месцы прабывання. У прэзідэнцкім указе №413 ад 7.09.2007 года “Аб удасканаленні сістэмы ўліку грамадзян па месцы жыхарства і месцы прабывання” канкрэтна расшыфраваны гэтыя паняцці. Таму мы дзейнічаем у адпаведнасці з заканадаўствам.
Наталля Біспаева лічыць такое тлумачэнне гульнёй слоў. Яна прыйшла да высновы, што ў Беларусі налічваюць плату за камунальныя паслугі ў кожным разе так, як выгадна дзяржаве. Раз на газ няма лічыльніка – выгадней браць максімальную двайную норму. На ваду лічыльнік ёсць – льготную норму трэба змяншаць.
Увогуле ж замежнік на кожным кроку павінен адчуваць, што ён у нас чужы, і пераплочваць за гэта грошы. За медыцынскае абслугоўванне, турыстычныя паслугі, санаторыі, карыстанне магістралямі і г.д. Напэўна, гэта намёк, што бедныя госці нам не вельмі патрэбныя.
Ответить