“Малайчына! Ну актрыса”, — крычаў ён мне ўслед, паказваючы, што я правільна іду і дастаткова ўважліва гляджу на афішу. “Вы ж разумееце: усё павінна быць па-ста-новачна!”.
У праглядавай зале кінатэатра “Беларусь”, дзе дэманстравалі дакументальнае кіно, калегу зноў прыйшлося шавяліць творчымі ізвілінамі. Некалькі чалавек там сядзела, але, раскіданыя па радах, на масоўку яны аніяк не кацілі. Аператар, аднак, аказаўся стрэляным вараб’ём. Ён папрасіў спачатку “папрацаваць” журы, пасля “прадставіць фільм” здымачную групу. І патрэбныя кадры для гісторыі ён сабраў.
Я зусім не наракаю на сталічнага журналіста, які замест рэпартажу здымае кіно. Лавіць на камеру насамрэч не было каго. Арганізатары не палічылі патрэбным запрасіць на фестывальныя фільмы публіку, а аўтары (і зноў жа арганізатары) вырашылі, што прадстаўляць фільмы абсалютна марная справа.
У выніку складвалася ўражанне, што прысутнічаеш на нейкім прыватным паказе, а ніяк не на кінафоруме, што праходзіць раз на два гады. Рэкламу для выгляду надрукавалі, але каму патрэбныя афішы, дзе няма ні часу, ні месца прагляду? І дзе не напісана, што ўваход вольны і на сеанс запрашаюць усіх.
За дакументальнае кіно асабліва крыўдна. Яно ў Беларусі традыцыйна самае моцнае і, у адрозненне ад мастацкага, прэтэндуе на наяўнасць нацыянальных адметнасцей. На экране тэлевізара яго не ўбачыш, у інтэрнэце знойдзеш толькі малую частку, здавалася б, вось яна магчымасць! І раптам гэтай магчымасцю карыстаецца толькі журы і некалькі журналістаў. Прычым і адны і другія ў сілу сваіх прафесійных абавязкаў.
Між тым на VIII Рэспубліканскім фестывалі беларускіх фільмаў было прадстаўлена 19 дакументальных стужак ад беларусьфільмаўскай студыі “Летапіс”, “Белвідэацэнтра”, нацыянальнай тэлерадыёкампаніі і студыі імя Іаана Воіна. Незалежных творцаў, зразумела, не было, іх можна ўбачыць выключна на замежных форумах.
Тэматыка – самая розная. Анатоль Алай верны ваеннай тэме. Яго “Бумеранг” пра тое, што злачынствы ніколі не застаюцца без пакарання. Запушчаны бумеранг жорсткасці можа вярнуцца нават праз дзесяцігоддзі. Нямецкая журналістка скончыла жыццё самагубствам, бо пазнала свайго бацьку на адным ваенным фота, на якім выразна відаць, што ён удзельнічаў у расправе над мінскім падполлем. Ідэя фільма цікавая, аднак аформлена, як падаецца, не вельмі ўдала. Інтрыга фільма раскрылася занадта рана, і кемліваму гледачу даглядаць фільм да канца можа быць сумна. Судзячы па адсутнасці ўзнагарод, не зачапіла стужка і журы фестываля.
Ваенная тэма галоўная і ў прадукце Другога нацыянальнага канала “Гарады-героі”. Паколькі на фестываль можна прадстаўляць усяго адзін фільм з серыі, то гледачы, калі яны былі б, маглі ўбачыць кіно пра гераічную абарону Мінска (“Мінск”). Але відавочна, што прыз Саюзнай дзяржавы Іллі Баранаву дастаўся не столькі за канкрэтную стужку, колькі за ўвесь цыкл. З 13 паўнаметражных фільмаў толькі 2 прысвечаны беларускім гарадам.
Вялікая колькасць дакументалістаў праявіла цікавасць не да гістарычных падзей, а да пэўных постацей. Гэтае кіно, напэўна, глядзець найцікавей, таму што праз біяграфію можна эфектыўна раскрываць якія заўгодна тэмы. Напрыклад, тэму габрэйства і дысідэнцтва (“Марк Шагал. Нерэальная рэальнасць”, рэж. Зоя Катовіч. Намінацыя “Арыгільнае вырашэнне тэмы”), наіўнага мастацтва (“Маляваны рай” Галіны Адамовіч), асобы ў гісторыі (“Рэфарматар” Юрыя Цімафеева. Намінацыя “Лепшае выяўленчае вырашэнне”), лёсу інтэлігенцыі (“У пошуках новай зямлі” Яўгена Сцяцко і інш.).
Выдатны фільм пра польскую фотамастачку Соф’ю Хамянтоўскую, што нарадзілася на Палессі і ўвекавечыла гэты край у сваіх здымках, зняў Юрый Гарулёў. Намінацыю “Стварэнне паэтычнага вобраза Палесся” за “Летапіс у промнях святла” журы яму прысудзіла абсалютна справядліва. Я б дабавіла сюды яшчэ намінацыю “Паліткарэктнасць”. Каб раскрыць тэму, аўтару прыйшлося закранаць нязручныя пытанні, мець на ўвазе тугу палякаў па страчаных землях і пры гэтым не абразіць беларускіх патрыётаў. Тое што атрымалася, павінна аднолькава падабацца і адным, і другім.
Традыцыйна цікавыя фільмы, якія можна ахарактарызаваць як хаджэнне ў людзі. Такіх на фестывалі таксама было дастаткова. Гэта і “Званар” Кацярыны Махавай, і “Кінааматар. Восеньскі сон” Вольгі Дашук, і “Трошкі раю” Максіма Міхальцова. Тут жа не забудзем сказаць пра выдатны фільм Віктара Аслюка “Цяпло”, які прынёс аўтару прыз за “Лепшую рэжысуру”.
А вось з лепшымі, на погляд журы, дакументальнымі фільмамі адзін смутак. Стужкі “Апошняе пісьмо” (рэж. Тарас Вашчанка, намінацыя “Лепшы негульнёвы фільм”) і “Дрысвяты. Песня і лёс” (рэж. Міхаіл Жданоўскі, “Лепшы фільм фестываля”) засталіся прагледжаныя адзінкамі: нягледзячы на абяцанне, на закрыцці іх не паказалі. Меў рацыю член журы і аўтар тэлепраекта “Кропка адліку” Уладзімір Корбан, калі на прэс-канферэнцыі канстатаваў: “Добрыя ў нас дакументальныя фільмы. Шкада, што вы іх ніколі не ўбачыце”.
Пад заслону скажу, што некаторыя фільмы і ўвогуле праглядала выключна журы. Справа ў тым, што з-за немагчымасці паспець адгледзець усё ў прафінансаваныя два дні фестываля, члены журы без усялякіх аб’яў мянялі праграму і праглядвалі фільмы, напрыклад, у час абеда. Калі б нехта з гледачоў усё ж захацеў прыйсці на канкрэтны фільм, то сюрпрыз яму быў бы гарантаваны. Праўда, да рэдкіх наведвальнікаў у журы быў індывідуальны падыход: Уладзімір Корбан пытаўся ў кожнага, які канкрэтна фільм ён хацеў бы паглядзець. І гэтыя фільмы ставіліся паўторна, калі журы мела перапынак у працы і была такая магчымасць.
Такое вось кіно. І такія вось у нас фестывалі.
Ответить