Чым цікавыя Сабалі?
Вёсачка Сабалі Бярозаўскага раёна мабыць ужо двойчы памерла б, як і аднайменны населены пункт у Смаленскай вобласці РСФСР (Інтэрнэт інфармуе: “без пастаяннага насельніцтва”). Памерла б, каб не два фактары.
Першы: траса М1 Брэст – Мінск – мяжа з Расійскай Федэрацыяй (у народзе БАМ – Беларуская Аўтамагістраль), на сотым кіламетры якой вёска знаходзіцца. БАМ дае сякую-такую працу, сякія-такія грошы. І людзі застаюцца або вяртаюцца. Аселі тут пенсіянеры, маладыя і не вельмі, якім латва ездзіць у гарады, дзе засталіся кватэры з дзецьмі. Адзін дык нават з Масквы вярнуўся з гарадскою жонкаю да тутэйшага спакою, і тая Сабалі хваліць.
Але ж гэта толькі адцягвае паміранне. Другім шанцам вёскі на жыццё стаўся колішні хлопчык Толік, які вырас, узмужнеў і склаў план адраджэння вёскі як этнакультурнага турыстычна-навучальнага цэнтра. Вось канцэпцыя мастака, педагога Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Анатоля Жалудко ў яго ўласных выкладках:
— Палессе — гэта адметны рэгіён Беларусі. Сам назоў асацыіруецца ў мяне з морам Герадота. Шматлікія артэфакты, якія адкрыла зямля ў тым ліку і мне, сведчаць, што тут здаўна жылі людзі. Таму ў сваім этнаграфічным музеі, які зрабіў у Сабалях у адмыслова купленых для гэтай мэты хаце і падворку, я ўжо цяпер стараюся раскладваць экспанаты па такой сістэме: “Неаліт на Палессі”,“Старажытнаславянскі перыяд на Палессі”, “Хрысціянства на Палессі”, “Войны Сярэднявечча на Палессі”, “Паўстанні ХІХ стагоддзя на Палессі”, “Савецкі час на Палессі”. Ёсць яшчэ вылучэнне экспанатаў па роду заняткаў палешукоў — рыбалоўства, бортніцтва, земляробства, рамесніцтва.
Вылучыў самадзейны музейшчык і аддзел “Гісторыя спойвання палешукоў” з цэлым наборам бутэлек, пляшак, квартаў, самагонных апаратаў і іншага.
У музеі Анатоля Іванавіча амаль за 20 гадоў назбіраліся ўжо тысячы экспанатаў. Самыя каштоўныя захоўвае не ў Сабалях – там бывае наездамі. Музей даглядаюць жвавыя яшчэ бацькі і…мясцовыя сябры Бахуса. Яны дастаткова рэгулярна збіраюцца пад яблыняй каля хаты-музея, гаспадар нават павесіў ім з тылу валейбольную сетку. “Не гуляюць амаль, – п’юць вінка”, – сярдуе ён. – Але чужым, хто пасягае, даюць адпор, ганяюць. І экспанаты берагуць: “Гэта ж наша і нашых дзядоў”.
Важнымі элементамі ў краязнаўча-пазнавальнай праграме музея з’яўляюцца яго экстэрытарыяльныя пункты наведвання. Іх два: крыж паўстанцам-касінерам 1863 года адразу за вёскай, адноўлены спадаром Жалудко, і дуброва Гарадзішча цераз БАМ, якая так называецца таму, што там ёсць характэрны яўна насыпны пагорак — “гарадзішча балотнага тыпу”, як яго называе краязнавец Жалудко.
Крыж
Дубовы крыж стаяў тут здаўна, кажа Анатоль Іванавіч. Перастаяў ён усялякіх гасцей, але ў 1939-м годзе пасля “вызвалення” яго спілавалі мясцовыя камсамольцы. Пасля 1980-га года мясцовы жыхар Леанід Кугач зрабіў і ўсталяваў на належным месцы новы крыж з жалезных труб, але яго не пашкадаваў час: крыж заняпаў. “Аднавіў я яго, абгарадзіў магілу ланцугамі, паставіў на вуглах косы-“літоўкі”. Але нікому надта гэтае святое месца не трэба, – папікае краязнавец. – Вось Траугут, кіраўнік паўстання тут, – палякі лічаць яго сваім, але гэты помнік яго палеглым людзям іх быццам і не датычыць. Прынамсі, сігневіцкага ксяндза. Або школьнікі з тамтэйшай школы – каму, калі не ім, праводзіць практычныя ўрокі гісторыі тут і ў разбітым ушчэнт былым маёнтку магната Прозара, які ахвяраваў на паўстанне мільён залатых рублёў. Адтуль нават круглыя калоны са спецыяльнай цэглы спёрлі! І трэці магчымы спонсар – гэта мясцовая аграгаспадарка, якая мае тое, чаго іншым, можа, не хапае, – беларускія рублі і тэхніку. Але там не надта, а іншым разам і зусім не дбаюць”.
Гарадзішча
Дзякуючы таму, што адкрылася фінансаванне, у дуброве ў верасні прайшоў першы тур археалагічных раскопак. Капалі адмыслоўцы з Акадэміі навук. Адзін з іх, Вадзім Белявец, распавёў:
– Было папярэдняе шурфаванне. Знойдзеная кераміка, іншыя артэфакты сведчаць, што хутчэй за ўсё ў дуброве каля Сабалёў знаходзіцца поліфункцыянальнае гарадзішча-прытулак канца Х – ХІ стагоддзяў. Адной з функцый яго, паводле аналогіі з іншымі падобнымі аб’ектамі, магла быць рэлігійная. Знойдзены наканечнік стралы належыць да Ранняга Сярэднявечча, бронзавы кінжал, хутчэй за ўсё, да позняга бронзавага – ранняга жалезнага вякоў. Відавочна, што гарадзішча пабудаванае на больш раннім помніку.
Спадар Белявец сказаў, што ёсць жаданне заглянуць і ў яшчэ больш ранні перыяд, з І па ІV стагоддзі, у часы Вельбарскай культуры, носьбіты якой, готы, сяліліся ў Прыбужжы (прыкладам, у брэсцкім Трышыне) і на Турава-Пінскім Палессі. Магчыма, у рэгіёне, які ўлучае і Сабалі, будуць даследаваныя і “даказаныя” новыя аб’екты, вартыя ўвагі турыстаў, якія будуць прыязджаць у “Наш родны кут Сабалі”.
Як мае выглядаць “Наш родны кут Сабалі”
Дзеля новага турыстычнага аб’екта 20 жніўня выйшаў адмысловы Ўказ №369 Аляксандра Лукашэнкі. Дзялянку пад этнаграфічна-турыстычны комплекс адвялі насупраць вёскі Сабалі, цераз трасу М1. 97 адсоткаў адведзеных угоддзяў па-ранейшаму мусяць быць выкарыстаныя для сельскагаспадачай вытворчасці, у 95 адсоткаў адведзенай лясной тэрыторыі, адпаведна, нельга мяняць ранейшы профіль выкарыстання. Да 2015-га года на дзялянцы маюць зладзіць этнаграфічны музей, лыжаролерную трасу, ферму буйной рагатай скаціны, гатэль, рэстаран, аўтастаянку ды іншыя аб’екты.
Працяжнік замест заключэння
Зраблю тое, што не рэкамендуецца рабіць журналістам: выкажу ўласнае меркаванне. Анатоль Жалудко займаецца дзіўнымі для многіх рэчамі. Іншыя, і іх вялікая большасць, ніколі ў жыцці не сталі б і не стануць аднекуль везці нейкія чарапкі, жалезкі, — “старызну”. Пагатоў не стануць купляць хату, каб іх туды складваць, “прабіваць” тэхніку, каб прывезці паўтонны верставы слуп, выфарбоўваць уласны бюджэт на гэную хату, на гістарычныя карціны, на нейкі крыж у полі…
Я вось перакладаю тэксты іншых, пішу свае — выдаю кнігі, якія цяпер нібыта мала каму патрэбныя. Навошта гэта? Ці дрэнна тое, што неяк знаходзяцца грошы, каб гэтыя кнігі выдаць? Што пад ідэю мастака Анатоля Жалудко знайшліся грошы, і немалыя, каб яна ажыццявілася?
Думаю, чытачы выкажуцца на гэты конт. І спадзяюся, у нас атрымаецца паслухаць важкае меркаванне мастаковага аднавяскоўца, мецэната праекта, генеральнага дырэктара холдынга “Трайпл” Юрыя Чыжа.
Яўген БЯЛАСІН (фота аўтара)
Брэст – Сабалі – Брэст
Ответить