Традыцыйны, шосты ўжо Тыдзень, які пачаўся ў мінулую пятніцу, праходзіць менш у абласной бібліятэцы, збольшага па навучальных установах, звязаных з германістыкай (СШ №7, абодва ўніверсітэты, абласны ліцэй). Прычына гэтаму — бясконцыя рамонты ў задоўбанай “облікаўскім” даўгабудам “горкаўцы”, якой той дом з фронту, бы асёл з байкі Кандрата Крапівы, ва ўсіх сэнсах затуліў сонца. У адрозненне ад сюжэту байкі, паспяхова: у нядзелю нешматлікіх гасцей да дрыжыкаў памарозілі ў актавай зале. Усюды ў горадзе, нават у кватэрах, цяпло было, а тут — не.
Вы ўжо кеміце, што пачну з апошняга. Прыехалі дзве гераіні свайго часу: і Вольга Гапеева, і Ірына Герасімовіч — выпускніцы Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта. Ад майго пакалення абедзве перакладчыцы адрозніваюцца тым, што выдаюць кнігі-білінгвы, узаемна рэдагуюцца, але галоўнае — актыўна прасоўваюць беларускую літаратуру за мяжой і самі наўпрост перакладаюць беларускія тэксты на замежныя мовы. (Я асабіста дык маю, праўда, два цікавых тэксты па-нямецку, але свае, і не апублікаваныя яшчэ). Вольга сама піша вершы, прозу, п’есы і, акрамя дзвюх згаданых моў, яе творы перакладзены яшчэ на польскую, македонскую і чэшскую мовы. Сама яна перакладае таксама з украінскай і кітайскай моў.
У абласной бібліятэцы прагучалі пераклады Гапеевай нямецкіх паэтаў з двухмоўных кніжак-зборнікаў “Лінія фронту-1” і “Лінія фронту-2” (арыгіналы чыталі вучні школы №7).
Спадарыня Герасімовіч сама чытала і нямецкія арыгіналы элітарнага паэта Андрэаса Альтмана, і свае перастварэнні. Адкрыла прысутным новае як рэдактарка перакладчыцы Бібліі Ірыны Дубянецкай і выказала даволі спрэчную ідэю пра партнёрства-раўналежнасць перакладчыка і аўтара.
Вось тут яшчэ раз падумалася пра сістэмную катастрофу ў нашай адукацыі. У горадзе два ўніверсітэты, у абодвух навучаюць нямецкай мове як дыпломнай спецыяльнасці; тут — два ліцэі і шэсць гімназій. А ў зале — два пісьменнікі, пяць журналістаў, тры настаўніцы, восем арганізатараў ды чалавек з дзесяць ахвотных.
На датэрміновае галасаванне ідуць натоўпамі, бо заганяюць, як авечак, — дык чаму ж вы не прыйшлі сюды САМАХОЦЬ, бо дзе вы возьмеце тэмы для сваіх рэфератаў і дыпломных? Як напішаце тэксты іх? Зліжаце з сеціва? А свой мозг? А самі настаўнікі чаму не прыйшлі? А можа, таму і няма нікога, бо прывыклі да заганялава…
І яшчэ паказальнае. Перад сустрэчай з філалагінямі на абвяшчэнне вынікаў фотаконкурсаў набілася чалавек са сто школьнікаў. Атрымалі свае прызы і патрухалі дахаты. Адна пачакала, калі высветліцца, ці не немец я (“можа, возьме ў Нямеччыну?”). Калі пачула, што перайшоў на сваю мову… Толькі яе і бачылі.
Ці не бальшыня з маіх былых студэнтак з’ехала ў тую Нямеччыну. Дык як нам не быць эканамічнымі мігрантамі, а мець магчымасць так вось, як немцы ў нас, ладзіць хаця б Дні беларускай мовы і культуры ў адказ? І каб нашы выкладчыкі на беларускія грошы маглі працаваць з нямецкімі студэнтамі-філолагамі так, як у Гродзенскім універсітэце працуе Андрэ Бём — цудоўны знаўца вуснай і пісьмовай беларускай мовы, які ў суботу паўтары гадзіны распавядаў цікаўным пра тэорыю і практыку перакладу паэзіі?
Чаго толькі не было на Тыдні нямецкай мовы і культуры ў мінулыя гады! І канцэрты віяланчэлістаў, і ўзаемапераклады, і нават літаратурны аўтобус. Сёлета раптам адбыўся паварот у практычную сферу. Вядома, што ў Брэсце пачалі рабіць веладарожкі. І хацелася было пахваліць, ды думалася, каб не спалохаць. А Нямеччына — гэта 70 мільёнаў ровараў пры 83-мільённагаловым насельніцтве (аўтамабіляў там 45 мільёнаў). У неафіцыйнай веласталіцы, Мюнстэры — на блізу 300 тысяч насельніцтва — 700 тысяч ровараў і метр веласцежкі на кожны жыхарскі нос (такія звесткі падае Deutschland.Magazine). У немцаў па ўсім, што тычыцца ровараў, неацэнны досвед. Таму не дзіва, што першае месца ў намінацыі “Што лучыць Беларусь і Нямеччыну” заняла Марына Пяцюк з гімназіі №5 з падборкай фота веласцежак адтуль. І прыемна здзівіў маёр Павел Верамчук, кіраўнік аддзела арганізацыі дарожнага руху абласной ДАІ, які адмыслова наведаў арганізатараў Тыдня і папрасіў, каб тыя падзяліліся, як веласцежкі пракладзеныя на іх радзіме. Вось цяпер я разумею, што дрындушкі з веласцежкамі ў Брэсце скончыліся і справа пойдзе ўсур’ёз.
Тыдзень нямецкай мовы і культуры закончыцца ў субботу, 27 кастрычніка, паказам фільмаў. Да гэтага будуць яшчэ практыкумы па швабскай кухні, музычныя імпрэзы, культуралагічныя лекцыі. Хто праспаў, не паўтораць. Хіба мы напішам, але так, невялікім рэхам, яшчэ менш, чым цяпер…
Яўген БЯЛАСІН,
германіст, перакладчык
Ответить