Выстава драўляных скульптур, спрацаваных толькі з дапамогай сякеры, пэўная колькасць графічных работ і шматлікая прысутнасць шаноўных гасцей і аматараў творчасці вядомага земляка паспрыялі для душэўных віншаванняў выступаючых.
Намесніца начальніка упраўлення культуры Тамара Паўлюковіч уручыла юбіляру пасведчанне і Ганаровы нагрудны знак Міністэрства культуры Беларусі. Майстар разьбы па дрэве ў свой час быў узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2001 годзе, Прэміяй прафсаюзаў БССР у галіне мастацтва і культуры ў 1990-м, прэміяй “Славянскага базару” ў 2005-м. Ён з’яўляецца Ганаровым грамадзянінам Столінскага раёна з 2009 год, удзельнікам шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных выстаў і пленэраў.
З падарункамі і добрымі словамі падзякі за плённую працу выступілі дырэктар абласной бібліятэкі імя М. Горкага Тамара Данілюк, дырэктар абласнога грамадска-культурнага цэнтра Святлана Коржук, заслужаны работнік культуры Беларусі Святлана Гуляева і іншыя.
Прыемнай нечаканасцю для Івана Піліпавіча было віншаванне на добрай матчынай мове ад абласнога пракурора Івана Наскевіча – аднасяльчаніна і суседа юбіляра, які з цікавасцю ўспомніў сябе школьніка — апантанага чытача цераблічскай бібліятэкі, дзе працаваў Іван Піліпавіч…
А мне ў той час прыпомніўся пачатак 80-х гадоў мінулага стагоддзя, калі ўпершыню пабачыў скульптурныя творы з дрэва да 100-годдзя Якуба Коласа і Янкі Купалы самабытнага інсітнага разьбяра Івана Супрунчыка, якія цяпер знаходзяцца ў Мастацкім музеі ў былой казарме Брэсцкай крэпасці. Тады і давялося пазнаёміцца з дзіўным майстрам, які ў сваёй працы выкарыстоўвае толькі гострую сякеру, які з маленства вырашыў стаць мастаком, аднойчы пабачыўшы кінастужку пра знакамітага расейскага мастака Васіля Сурыкава.
Леанід ВАЛАСЮК,
член ГА “Беларускі саюз мастакоў”
Ответить