З прывітальнымі словамі і падарункамі завіталі мэр горада Аляксандр Палышэнкаў і кіраўнік адміністрацыі Леніскага раёна Міхаіл Еўтух, з Мінска прыехаў старшыня праўлення Белкаапсаюза Сяргей Сідзько, які цікава расказаў пра сваё першае знаёмства з спажыўкааперацыяй яшчэ ў раннія школьныя гады… Шматлікія настаўнікі былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі і дыпломамі, а Сяргей Ахрымук і Валянцін Шэйко – нагруднымі знакамі “Выдатнік адукацыі” Міністэрства адукацыі Беларусі.
Са словамі падзякі і гонару выступалі кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, былыя настаўнікі, былыя вучні… А будучыя выпускнікі школы – цяперашнія вучні – радавалі прысутных канцэртнымі нумарамі. Непрыкметна праляцелі амаль чатыры гадзіны юбілейнай вечарыны, гадзіны ўспамінаў і радасці сустрэчы…
Але ўсё, канешне, пачыналася значна раней у гісторыі маёй школы, бо 16-й яна стала ў 1961 годзе ў будынку па вуліцы Гурава, што суседнічае з вуліцай Карасёва. І знаходзілася там усяго адзін год, бо ўжо ў наступным 1962-м адчыніў дзверы па вуліцы Чырвонагвардзейскай новы будынак школы, дырэктарам якой стаў цудоўны чалавек — франтавік Макараў Іван Васільевіч. З 1963 года школа стала ўжо маёй роднай, хаця давялося год-другі вучыцца ў драўляным будынку былой школы №40, дырэктарам якой быў да 1962 года Трутнеў Арцём Касьянавіч.
У мінулым ужо стагоддзі надышоў час, калі маёй школе сталі патрэбнымі новыя памяшкані для вучобы, новыя карпусы. Таму будаўнікі спачатку пачалі разбураць старую драўляную школу №40, без якой цяжка было ўяўляць і цагляны будынак. І калі там корпаліся старэйшыя вучні, то лабарантка кабінета хіміі і аматар-краязнаўца Раіса Пятроўна Буланда папрасіла іх прыносіць цікавыя старыя рэчы. Пад абшыўкай сцяны натрапілі на вялікую колькасць кніжак, сшыткаў і розных іншых паперак. Але асобнай знаходкай стала латунная гільза, запаяная з аднаго боку. У ёй аказалася пасланне да нашчадкаў, напісанае на польскай мове на вашчонай паперы-тканіне. Яно выдатна захавалася. Пераклаў той польскі тэкст на расейскую мову настаўнік фізікі СШ№16 Генрых Тамашавіч Стыбаневіч. У тым пасланні была цікавая інфармацыя пра школу і пра регіён горада .
Тэрыторыя сучаснай Граеўкі горада Брэста з’яўлялася некалі часткай вялікіх зямельных уладанняў, гаспадаром якіх быў Мяржэўскі, арганізатар паўстанчаскіх атрадаў у 1831 годзе, згнаны з дзяржавы з канфіскацыяй зямель рускімі захопніцкімі ўладамі. Адабраныя землі расійскія ўлады аддалі тым мясцовым жыхарам, якія аказвалі дапамогу ў пераследванні паўстанцаў і ў падаўленні нацыянальнага народнага руху. На месцы палаца былога гаспадара яшчэ не так даўно стаяў каталіцкі крыж на вуліцы Чырвонагвардзейскай ( былая вуліца Легіёнаў), які паставіў у памяць ідэй Мяржэўскага адзін з адданых яму прыдворных слуг.
Так раптам школа стала ўладальніцай унікальнага дакумента пра гісторыю Граеўскага прадмесця, пра гісторыю старой школы. А аўтарам таго паслання ад 16 ліпеня 1932 года быў дырэктар драўлянай польскай школы Францішак Чэрнак.
Другім дырэктарам новай 16-й школы стаў Георгій Уладзіміравіч Ліневіч, які выкладаў у нас фізіку. Праз год ужо дырэктарам была жанчына – Вера Уладзіміраўна Жураўская. Георгій Уладзіміравіч потым яшчэ зноў працаваў дырэктарам, але наступнымі дырэктарамі сталі ўжо зноў жанчыны: Наталля Сяргееўна Гарай і цяперашняяя Таццяна Уладзіміраўна Саланенка, пры якой непасрэдна і быў дабудаваны новы корпус школы і зроблена рэканструкцыя старога.
Цяпер мая шаснаццатая школа мае адпаведны прывабны выгляд. На рагу вуліц Чырвонагвардзейскай і Карасёва на тэрыторыі школы знаходзіцца перанесены з глыбіні двара бюст Герою Савецкага Саюза Карасёву, які прымаў удзел у 1944 годзе ў вызваленні Брэста ад намецка-фашысцкіх захопнікаў.
У свой час у школе была цудоўна пастаўлена пашуковая праца, якой кіравала заслужаная настаўніца БССР Антаніна Васільеўна Башчук, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, якой шмат паспяхова дапамагала лабарантка Раіса Пятроўна Буланда. Быў пабудаваны на сродкі ад збору металалому і макулатуры помнік загінулым вайскоўцам і партызанам ля дарогі непадалёк ад Белага возера. Быў створаны і Музей баявой славы. Знаходзіўся ён пэўны час у будынку драўлянай (былой польскай) школы. Антаніна Васільеўна шмат прапагандаавала і родную мову і літаратуру, запрашаючы берасцейскіх літаратараў на сустрэчы з вучнямі старэйшых класаў, арганізавада паездку ў 1973 годзе да паэтэсы Ніны Мацяш , калі тая яшчэ жыла ў роднай вёсцы ў бацькоўскай хаце. Доўгі час працаваў у школе і былы франтавік-афіцэр паэт Мікалай Рыгоравіч Цялічка, які родам з Украіны, а вершы пісаў на расейскай мове (ужо пэўны час выдае кніжкі на роднай украінскай). Вядома, у той час жыццё ў школе віравала ў іншым накірунку, бо такі быў момант увогуле ў жыцці краіны і школы. Яны зрабілі вельмі вялікі адбітак на мяне, як школьніка і чалавека ўвогуле.
Памяць моцна трымае ўспаміны пра настаўніцу геаграфіі, нашага класнага кіраўніка, Ганну Міхайлаўну Машкоўскую, першую настаўніцу Людмілу Кляменцьеўну Федарук, настаўнікаў Сяргея Міхайлавіча Пашкевіча, Ніну Аляксандраўну Смалеўскую, Майю Васільеўну Васільеву, Вету Уладзіміраўну Грыбоўскую, Алу Аркадзеўну Рубленка і іншых, якія давалі нам веды, якія выхоўвалі з нас, дзяцей, паўнавартасных грамадзян сваёй краіны. За гэта ім назаўжды шчырае дзякуй!
Леанід ВАЛАСЮК,
выпускнік 16-й школы Брэста
Ответить