Разведзены? Дакажы!
Любая дзяржава зацікаўленая, каб грамадзяне стваралі сем’і. Так грамадства становіцца больш дысцыплінаваным, здаровым, маральным і дэмаграфічна абароненым. Наша дзяржава тут наўрад ці адрозніваецца ад іншых. Але малады чалавек Алег мае на гэты конт іншае меркаванне.
− Мы з маёй дзяўчынай вырашылі зарэгістраваць адносіны. Прыйшлі ў раённы аддзел ЗАГС падаваць заяву і сутыкнуліся з нечаканай перашкодай. Паколькі я быў жанаты, у мяне папрасілі дакумент аб скасаванні шлюбу. Яго ў мяне няма. Атрымліваецца, мне трэба выпісваць новы, аддаць за гэта 130 тысяч, каб толькі адзін раз пакарыстацца? Няўжо ЗАГС не можа сам запытаць неабходныя звесткі? Дзе славуты прынцып аднаго акна?
Гэтыя пытанні мы пераадрасавалі начальніку аддзела ЗАГС Брэсцкага гарвыканкама Таццяне Семянюк, якая патлумачыла, чаму ў дадзеным выпадку прынцып аднаго акна не дзейнічае.
− Мы можам запытваць толькі дакументы, выдадзеныя ЗАГСам. Гэта значыць, калі шлюб маладога чалавека быў скасаваны да 1 верасня 1999 года, то мы можам запытаць патрэбныя звесткі самі. Пасля 1 верасня 1999-га шлюбы скасоўвае выключна суд, таму неабходныя дакументы грамадзяне павінны прадстаўляць самі.
Відавочна, усё больш не хапае ў нашай дзяржаве адзінай базы, якая б пазбавіла нас ад лішніх хаджэнняў за разнастайнымі пасведчаннямі, даведкамі ды выпіскамі. Праўда, у многіх ўстановах, дзе гандлююць такімі дакументамі ў якасці платных паслуг, са мной, напэўна, не пагодзяцца.
У бак з ліхтарыкам
Адразу два чалавекі пазванілі з адной і той жа нагоды. Вадзіцеляў транспартных сродкаў на газавым паліве напружвае, як брэсцкія мытнікі аглядаюць паліўныя бакі. Мытнікі, па словах вадзіцеляў, раней выкарыстоўвалі для агляду шлангі, цяпер жа яны свецяць у бак ліхтарыкамі. Гэта і выклікае вялікі непакой уласнікаў аўтатранспарту. “Такі агляд да першага пажару”, − упэўнены адзін з кіроўцаў Алег Юр’евіч. “Работнікі кажуць, што кіруюцца ўказам начальніка мытні. Што за ўказ?” − пытаецца Людміла.
Пра ўказ начальніка Брэсцкай мытні мы спыталі ў кіраўніка прэс-службы ведамства Сяргея Малева, які адказаў, што ніякіх новых указаў ды інструкцый па аглядзе транспартных сродкаў не было. Але больш пільны агляд газавых паліўных бакаў сапраўды мае месца і выкліканы тым, што частымі сталі выпадкі, калі ў гэтых баках нелегальна правозяцца забароненыя рэчы. Ускосна начальнік прэс-службы мытні пагадзіўся, што агляд з ліхтарыкам можа быць небяспечны для таго, хто гэты агляд праводзіць.
Затое памочнік начальніка абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Машноў выказаўся, што з пункту гледжання пажарнай бяспекі парушэнняў у дзеяннях мытнікаў няма.
Ужо калі каментары ад чыноўнікаў былі атрыманыя, у рэдакцыю прыйшла яшчэ адна ўладальніца машыны на газавым паліве. Яе ўвогуле развярнулі з мяжы, таму што ў яе “крайслеры” не знайшлося дадатковага люка ў бензінавым баку. Мытнікі такім чынам не змаглі праверыць, ці ёсць у яе машыне бензін, і замест таго, каб даказваць, што ён там ёсць, проста адмовілі ў выездзе. Наталля пацвердзіла ўсё сказанае папярэднімі вадзіцелямі і дадала, што такі шмон на мяжы з мінулага тыдня. Відавочна, што праблема выходзіць за межы “Бюро дзяжурнага рэпарцёра” і будзе разгледжана шырэй.
Сімвал у тумане
У рэдакцыю пазваніў назіральны Іван Сямёнавіч:
− Хачу звярнуць увагу на сімвал Брэста – вежу з гадзіннікам каля ЦУМа. Складваецца ўражанне, што яна нікому не патрэбная. На ёй перагарэлі амаль усе лямпачкі, адна толькі гарыць. Як глядзець на час? А ўвогуле маглі б і тэрмометр павесіць, зараз жа гэта не праблема.
Імкненне берасцейца да святла мы пераказалі адпаведнай арганізацыі. Галоўны інжынер КУПП “Брэстгарсвятло” Юрый Рыжанкоў адказаў на гэта лаканічна: “Усё паправім”. Так што ёсць надзея, што пытанне вырашыцца яшчэ да выхаду нумару.
Ответить