Наступны этап “Вёскі, якая не павінна знікнуць” будзе доўжыцца, як і папярэдні, два гады. Але за гэты прамежак часу арганізатар, кім выступае грамадская арганізацыя “Тур”, мяркуе ахапіць не чатыры, а толькі тры вёскі з розных раёнаў. Такі крок яны тлумачаць жаданнем больш часу працаваць з адной аўдыторыяй. “Самае балючае ў гэтым праекце – тое, што мы з’язджаем, а людзі застаюцца, − гаворыць аўтар ідэі праекта Ларыса Быцко. − Мы таксама да іх прырастаем. Таму вырашылі працаваць у адной вёсцы не паўгода, як раней, а крыху больш”.
Праграма праекта істотна не зменіцца і па-ранейшаму будзе складацца з выбару вёскі ў раёне (на гэты раз Жабінкаўскім, Маларыцкім і Іванаўскім), экспедыцыі ў вёску, майстар-класаў з удзелам мясцовых умельцаў і прафесійных майстроў ды заключнага этнаграфічнага канцэрта. Навінкай праграмы новага этапу праекта будзе толькі экскурсія для мэтавай аўдыторыі ў вядомыя мясціны Беларусі. “Па тэлевізары мы толькі і бачым, як еўрапейскія пенсіянеры вандруюць. Нашыя ж бабулькі нікуды не ездзяць. Уявіце, якой прыгодай для іх будзе наведаць той жа Нясвіжскі замак!” — слушна зазначае Ларыса Быцко.
Мінулы этап праекта “Вёска, якая не павінна знікнуць” завяршыўся ў выходныя выніковым круглым сталом. За два гады творчыя людзі Берасцейшчыны працавалі ў чатырох вёсках Камянецкага, Кобрынскага, Бярозаўскага і Драгічынскага раёнаў.
Праект накіраваны, у першую чаргу, на працу з былымі вязнямі фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў. Рэальна ж ён ахоплівае ўсю сталую аўдыторыю абранага населенага пункта. Праектныя мерапрыемствы спланаваны такім чынам, каб узнік дыялог паміж гараджанамі і вяскоўцамі, а таксама паміж моладдзю і старэйшым пакаленнем. Менавіта за гэта праект і атрымаў высокую ацэнку ад міжнародных каардынатараў.
Ответить