Пачалі, натуральна з некалі закладзенай Нінай Мацяш “Жырандолі”. Хоць выйшаў усяго толькі чацвёрты нумар, часопіс стаў своеасаблівым фірмовым знакам Брэсцкага аддзялення – іншыя рэгіянальныя філіі СБП пакуль не маюць падобнага выдання. У спіну берасцейцам дыхаюць хіба гарадзенцы, якія, па словах намесніка старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Эдуарда Акуліна, задумалі выпускаць штомесячнік.
Праўда, далёка не ўсімі “Жырандоля” ўспрымаецца як салідны часопіс. Многія мясцовыя пісьменнікі крытыкуюць яго за тое, што туды даволі лёгка трапіць, і з-за гэтага зніжаецца зместавая якасць выдання. Ёсць нараканні і на тое, што Брэсцкая філія Саюза беларускіх пісьменнікаў несправядліва ігнаруе Саюз пісьменнікаў Беларусі. Маўляў, палітыка палітыкай, а часопіс трэба ствараць на аснове лепшых твораў, якія з’яўляюцца ў абодвух саюзах.
Дзіўна, што хоць палярнасць меркаванняў у ацэнцы “Жырандолі” прысутнічае, яна ніяк не выліваецца ў грамадскую дыскусію. Рэдактар апошняга нумара часопіса Мікола Сянкевіч з жалем адзначыў, што дагэтуль няма не тое што рэцэнзіі на выданне, але нават абмеркавання ў сеціве. Між тым часопіс сабраў больш за 60 аўтараў (толькі 14 з іх члены Брэсцкага аддзялення СБП) і творы самых розных жанраў, акрамя буйных.
Акрамя апошняга нумара “Жырандолі”, пісьменнікі пахваліліся і даволі прыстойнай колькасцю аўтарскіх кніг. Сярод іх зборнікі вершаў “Сказаць хачу” Івана Арабейкі, “Скрозь дождж” Васіля Дэбіша, кніга прозы “Вяртанне берасцейскай стралы” Лявона Валасюка, кніга ўспамінаў былых малалетніх вязняў фашысцкіх лагераў “На абпаленых крылах”, супольны зборнік пісьменнікаў Расіі, Украіны і Берарусі “Триединство”, кнігі Алеся Каско, Сяргея Амельянчука ды Міколы Сянкевіча.
Старшыня Брэсцкага аддзялення СБП Іван Мельнічук расказаў, як сябрам аддзялення ўдаецца выдаваць кнігі, нягледзячы на нулявыя датацыі з боку дзяржавы: “Хтосьці знаходзіць спонсараў, хтосьці выдае сам, але вельмі маленькім тыражом. Напрыклад, Мікола Сянкевіч выпусціў шыкоўную кнігу, але тыраж у яе толькі 50 экзэмпляраў. Але выдаюць, варушацца. Дапамагаюць адзін аднаму ў рэдагаванні, афармленні. А гэта таксама многа значыць”.
Эдуард Акулін, развіваючы тэму адсутнасці дапамогі дзяржавы, з упэўненасцю кажа, што так быць не павінна нават пры рыначных умовах: “Паэт – гэта такі ж грамадзянін, як і іншыя. І нармальная дзяржава павінна клапаціцца не толькі пра хакеістаў і трактарыстаў. Яна павінна клапаціцца і пра літаратараў. Так ёсць у Швецыі, Польшчы, нават Украіне. І толькі Саюз беларускіх пісьменнікаў існуе без аніякай падтрымкі дзяржавы”.
Прэзентацыя адбылася ў адноўленай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А.Пушкіна 9 лістапада.
0 комментариев
Anonymous User
17.11.2012 в 20:17аб'ектыў
17.11.2012 в 20:17не так і лёгка туды трапіць. Наколькі ведаю, траціна адсяваецца. Плюс сярод гэтай траціны неабавязкова з афіцыйнага саюзу творшчыкі. Яны проста ня надта імкнуцца, калі не наадварот, з вядомых прычынаў. Хто пры ЭсЭс эры жыў, здагадваецца, з якіх. І па-трэцяе, рэдактура якая-ніякая е (што вынікае з першага). Так што, у гэтай частцы, неадэкватна.
А што вартае было крытычнасці, дык гэта літмантажаўска-студэнцкая форма падачы. АЎТАРАЎ трэба паказваць публіцы, не сябе.
Дарэчы, быў такі грэх і ва Уладз.Андр., праўда, «пад настрой». Раз з Нілам Гілевічам гадзіну балабонілі са сцэны, а іншыя ўдзельнікі ёрзалі на крэслах унізе ў чаканьні, калі і йім абломіцца мінутка…