…Скрыні − згодна і на гэта − хай бы з’явіліся не ў нашым, а ў суседнім двары – абы данесці туды запасы макулатуры і разнастайных баначак, якія балюча проста выкінуць у сметніцу.
І вось пакуль я, жыхарка абласнога цэнтра, аддаюся такім марам, усё гэта становіцца рэальнасцю ў раённым цэнтры Кобрыне.
Праект
Наш Кобрын ды горад Масты Гродзенскай вобласці ўдзельнічаюць у сумесным пілотным праекце Еўрапейскага саюза і Праграмы развіцця ААН у накірунку абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адыходамі. Сутнасць праекта досыць простая – перадаць Беларусі накоплены Еўропай вопыт у гэтай галіне. Дапамога пры гэтым аказваецца як чыста кансультатыўная, так і матэрыяльная. Кобрынская ЖКГ, у прыватнасці, па праекце атрымлівае абсталяванне для паасобнага збору смецця і тэхніку на суму 858 600 еўра.
15 лістапада, у Сусветны дзень другаснай перапрацоўкі смецця, якраз адбылася ўрачыстая перадача 600 новенькіх скрынь для паперы, шкла, пластыку і змешанага смецця Кобрынскай жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Яна ж атрымала 2 новыя смеццявозы ды магутны бульдозер, з дапамогай якога плануе прадоўжыць тэрмін эксплуатацыі цяперашняга гарадскога сметніка на 4 гады. Гэтага павінна хапіць, пакуль распрацоўваецца праект і будзе рыхтавацца месца пад новую звалку.
Тэматычны кансультант праекта ў галіне абыходжання з цвёрдымі адыходамі Іна Ермаковіч гаворыць, што перадача абсталявання і тэхнікі – не галоўнае ў праекце, паколькі само па сабе смецце ў скрыні залятаць усё ж не будзе. Асноўнае – гэта інфармацыйныя і адукацыйныя мерапрыемствы, якія павінны паўплываць на экалагічную культуру мясцовага насельніцтва. Пры паспяховай рэалізацыі задуманага актуальныя для Кобрына на сённяшні дзень 5-7%, якія прыходзяцца на паасобны збор смецця, павялічацца да 25% ужо ў бліжэйшыя два-тры гады.
Пілотны праект, што рэалізуецца ў Кобрыне, з’яўляецца часткай вялікага еўрапейскага праекта “Садзейнічанне развіццю ўсеабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь”. Ён уключае ў сябе цэлы шэраг мерапрыемстваў і падпраектаў, накіраваных на павышэнне экалагічнай культуры ў нашай краіне. Агульны бюджэт яго – больш за 5 мільёнаў еўра.
Даюць – бяры
Навошта Еўропе клапаціцца пра нашу экалогію – больш-менш зразумела. Цяжка самім быць чыстымі, калі твой сусед не робіць элементарных гігіенічных працэдур, хоць і славіцца пры гэтым вялікім чысцюлем.
Цікава, наколькі мы гатовы рабіць крок насустрач. Паназіраць за гэтым можна было ўсё на той жа цырымоніі дарэння.
З выступлення намесніка старшыні аблвыканкама Леаніда Цупрыка, напрыклад, можна было зрабіць выснову, што наша вобласць – проста казка для эколага. Праблем ніякіх, улады толькі і робяць, што клапоцяцца ў тым жа Кобрыне пра навакольнае асяроддзе. Сарціровачную станцыю вось пабудавалі… І навошта нам тыя еўрапейцы з іх праектамі? Але раз прывезлі свае крыні, так і быць — забярэм.
Больш прадметным у сваім выступленні і ў размове з прэсай быў намеснік міністра Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Анатоль Ліс, які заадно аказаўся нядрэнным дыпламатам. Ён заўважыў, што праект для Беларусі вельмі важны, але не трэба ўсё да яго аднаго зводзіць. Еўропа, дзякуй. Твой вопыт мы прызнаем і ім карыстаемся, але і самі не лыкам шытыя. У нас ёсць свая дзяржаўная праграма па выкарыстанні другасных прыродных рэсурсаў, ёсць сёлетні ўказ прэзідэнта адносна адказнасці вытворцаў за перапрацоўку ўпакоўкі, ёсць закон “Пра абыходжанне з адыходамі”. На сённяшні дзень 25% адыходаў трапляе ў другасную перапрацоўку. Праўда, з улікам сыравіны, што ідзе ад нарыхтоўчых кантор. Аднак у гэтым накірунку мы актыўна працуем.
Карацей, нармалёвая такая дзяржаўная і партнёрская пазіцыя, падобная на аб’ектыўнасць. Менавіта Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя з’яўляецца выканаўчым агентам праекта ЕС і ПРААН. “У нас агульныя мэты – мінімум пахавання, максімум выкарыстання. Так у нас, так у Еўропе і так ва ўсім свеце”, — рэзюмуе Анатоль Ліс.
Зусім канкрэтна і па-гаспадарску расказвае пра смецце дырэктар ЖКГ Кобрына Сяргей Ялец. Што было, што будзе, чым сэрца супакоіцца. І што ад сябе, незалежна ад сродкаў Еўрасаюза, робіць Кобрынская ЖКГ: “Яны нам абсталяванне, а мы пляцоўкі пад скрыні. Яны таксама добрых грошай каштуюць”. Адну такую ўзорна-паказальную пляцоўку журналістам нават прадэманстравалі. На агароджанай з трох бакоў плошчы размяшчаюцца два вялікія кантэйнеры для змешаных адыходаў і тры для асобнага збору. Побач не забыліся пасадзіць ёлкі.
Як выявілася, гаспадарлівасць дырэктара Кобрынскай ЖКГ стала ключавым фактарам для таго, каб праект рэалізаваўся менавіта тут. Кансультант Міністэрства ЖКГ Ірына Сафронава, якая ўдзельнічала ў выбары горада, так і сказала: “Шукалі, каб старшыня раённага выканкама быў нармалёвы, не тармозіў такія рэчы, і каб дырэктар гаспадаркі не баяўся новаўвядзенняў. Многія адмаўляліся, як толькі мы казалі, што праект тычыцца паасобнага збору смецця. А тут адразу пагадзіліся”.
Праект у Кобрыне і Мастах працягнецца да канца наступнага года. Прадстаўнікі ЕС і ПРААН, што прысутнічалі ў Кобрыне, вельмі спадзяюцца, што ідэі паасобнага збору смецця тут прыжывуцца і будуць распаўсюджвацца па ўсёй краіне.
Дайце выбраць
Я далёкая ад думкі, што ў Кобрыне ўсе адразу пачнуць сартаваць смецце па розных скрынях. Аднак скрыні ў многіх дварах там з’явяцца, а значыць, перад жыхарамі прынамсі паўстане выбар, што і куды выкідаць. У мяне, у маёй сястры, у большасці маіх сяброў выбару пакуль няма, бо няма і сметніц з надпісамі. Нам іх не ставяць, а мы і не просім. Хаця недзе ў Брэсце яны ёсць, і камунальшчыкі нават жаляцца, што не паспяваюць за бамжамі іх апаражняць. Тыя ж бамжы часам вельмі нядрэнна спраўляюцца з дэфіцытнай функцыяй сарціроўкі адыходаў з агульнай сметніцы.
Толькі бамжы і ратуюць наша сумленне.
Ответить