Папялушка без туфелькі
Алена расказвае, што ў верасні яна набыла ў ЦУМе туфлі. “Калі я прыйшла дадому і памерала іх, аказалася, што правы туфель вялікі мне ў вобласці пяткі. Менавіта правы. На вуліцы я іх не насіла, і праз тры дні мой муж панёс у ЦУМ мяняць іх на іншыя або забраць грошы. Але прадавец сказала, што туфлі ношаныя, і не прыняла іх. І дадала яшчэ, што 14 дзён я ўвогуле не мела права іх насіць”.
Алена тлумачыць, што правы туфель меў адзнакі носкі яшчэ пры пакупцы, паколькі стаяў на вітрыне. Аднак даказаць гэта аказалася немагчыма. Маладая жанчына звярталася нават да адваката, які дапамог ёй скласці зварот у краму, але гэта таксама нічым не закончылася. Алена Дзьяканава атрымала адказ прыкладна такі ж, які атрымаў яе муж у вуснай форме ад прадаўца. “У выніку я не магу насіць гэтыя туфлі зусім – правы проста спадае з нагі. І перапрадаць не магу, бо хто ні мераў, меў тую ж праблему, − гаворыць спажывачка. – Да таго ж мне проста крыўдна. Мяне абвінавацілі фактычна ў падмане – што я насіла туфлі па вуліцы і толькі пасля прынесла. Можна было б заплаціць грошы і аддаць тавар на экспертызу, але дзе гарантыя, што арганізацыя, якая гэтую экспертызу робіць, не мае стасункаў з ЦУМам?”.
З аповеду паўстае цэлы шэраг пытанняў. Адкуль узялося патрабаванне не насіць абутак 14 дзён? Якое значэнне мае тое, ці апраналі абутак, калі у ім ёсць дэфект? І, нарэшце, самае цікавае: ці ўлічваецца за ўжыванне шматлікая прымерка ў краме?
Закон не думаў пра прымеркі
За адказамі мы звярнуліся да адваката юрыдычнай кансультацыі Маскоўскага раёна Ігара Рабцэвіча, які спецыялізуецца менавіта на праваадносінах спажыўцоў і прадаўцоў. Згодна з законам “Аб правах спажыўцоў”, абутак можна вярнуць і калі ён якасны, і калі няякасны.
Вярнуць няякасны тавар можна цягам гарантыйнага тэрміну, незалежна ад таго, ці карысталіся ім. Калі прадавец нязгодны, што дэфект мае месца, ён за свой кошт павінен зрабіць экспертызу. Праўда, калі наяўнасць дэфекту экспертамі не пацвердзіцца, то раскашэліцца за праверку прыдзецца пакупніку.
Працэдура вяртання якаснага тавару фармальна яшчэ лягчэйшая. Цягам 14 дзён тавар возьмуць нават без тлумачэння, чаму ён перастаў задавальняць спажыўца. Але тут ёсць строгая ўмова: абутак не можа мець адзнак носкі. Вось таму работнікі крам часам папярэджваюць, што два тыдні абутак лепш апранаць толькі дома.
Засталося разабрацца з неардынарнай перашкодай – адзнакамі носкі, якія мог набыць якасны тавар яшчэ ў краме. Тым больш што гэта становіцца ўсё больш актуальным са з’яўленнем вялікай колькасці вялікіх крам. “Тут ёсць пэўная праблема, − кажа Ігар Рабцэвіч.− Закон дакладна не распісвае механізм набыцця тавара з вітрыны. Але пакупнік усё ж можа падстрахаваць сябе, папрасіўшы прадаўца ўнесці ў таварны чэк паметкі, што тавар на момант пакупкі мае тыя і тыя адзнакі носкі. Калі прадавец адмаўляецца гэта зрабіць, пакупнік можа зрабіць запіс у кнігу заўваг і прапаноў і апісаць усё сам. Пажадана пад запісам паставіць не толькі дату, але і дакладны час, каб пасля можна было суаднесці яго з часам на чэку”. Такім чынам, лічыць адвакат, пакупніку, які захоча памяняць тавар, будзе прасцей даказаць, што ён гаворыць праўду.
Імідж − усё
У ЦУМе даволі аператыўна знайшлі пісьмовую прэтэнзію ад Алены Дзьяканавай і нават прыгадалі сам выпадак. Загадчык гандлёвым комплексам крамы Наталля Жаркова пацвердзіла, што абутак мяняць прыходзілі, але абмену ён не падлягаў з-за свайго знешняга выгляду. Намеснік генеральнага дырэктара ЦУМа Таццяна Клюка зачытала і сам зварот пакупніцы. Па тэксце скаргі адчуваецца, што юрыдычны радца Алены цалкам паставіў на тое, што гэта якасны тавар, які не быў ва ўжыванні і таму павінен быць абменены цягам 14 дзён. Адказаць на такую скаргу адмовай юрыдычна было вельмі лёгка ўсё з-за тых жа адзнак носкі. “Мы б вялі зусім іншую гаворку з пакупніцай, калі б яна прыйшла і сказала, што адзін бот большы за другі. Мы б узялі тавар і ці аддалі б на экспертызу, ці высвятлялі б пытанне ў пастаўляльніка, − запэўнівае Таццяна Клюка. – Для нас найважнейшае − імідж прадпрыемства. Людзі ведаюць, што ў ЦУМе вырашаецца любое пытанне”.
Алена Дзьяканава вырашыла, што даказваць сваю правату далей бесперспектыўна. Але расказаўшы сваю гісторыю, Алена зрабіла добрую справу для іншых пакупнікоў. Нават не зразумеўшы, хто ў спрэчцы мае рацыю, яны мусяць звяртаць увагу на падобныя нюансы пры пакупцы прамысловых тавараў у любых крамах. Прыемных вам пакупак!
Ответить