Несуседскі канфлікт узнік у аграгарадку Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна. Сям’я Глушчанкаў купіла тут у 1991 годзе ўчастак зямлі, маючы на той момант у суседзях з аднаго боку такую ж сям’ю, а з другога – сельскі магазін.
Як расказвае Людміла Глушчанка, яшчэ пры мінулых гаспадарах сельскі савет з дазволу ўласнікаў забраў кавалак участка для арганізацыі пад’езду да крамы. Такім чынам прыватная тэрыторыя (тады там быў агарод) значна звузілася, а асфальтаваная дарожка папаўзла ўздоўж участка да сельпо, што размяшчалася ў сотні метраў ад асноўнай вуліцы. Такія зямельныя аперацыі ў савецкія і першыя постсавецкія гады ў асноўным не фіксаваліся дакументальна.
Новыя ўласнікі ўчастка пачалі грунтоўна гаспадарыць на сваёй зямлі. Яны ўцяплілі дом, пабудавалі гараж, выкапалі калодзеж. Выезд са двара зрабілі якраз на тую дарогу, на якую іх папярэднікі ахвяравалі частку агарода. Мясцовыя ўлады, як сведчыць Людміла Глушчанка, не былі супраць такога рашэння, усе выдатна разумелі, што вузасць участка адносна вуліцы патрабуе нестандартнага падыходу да яго планіроўкі. На пытанне, ці трэба змены рэгістраваць у сельскім Савеце, гаспадары чулі толькі адмоўныя адказы. “Гэта ваша зямля, што хочаце, тое і рабіце”, − казалі ім.
Канец сервітуту
Сельпо даўно адышлі ў нябыт, у тым ліку і ў Чарнаўчыцах. На месцы магазіна некаторы час была мэблевая крама, пасля будынак пуставаў. Чатыры гады таму памяшканне аддалі для швейнага прадпрыемства «СпортМир», якім валодае Марыя Аёвіч.
Якая котка прабегла паміж суседзямі, ведаюць толькі яны самі, мы ж можам адно фіксаваць рэальную сітуацыю: фірма адгарадзіла ад вуліцы сваю тэрыторыю, у тым ліку і былую пад’язную дарогу, і заблакавала такім чынам выезд Глушчанкам са свайго двара. Апошнія лічаць узвядзенне агароджы самаўправай, і неаднаразова звярталіся да мясцовых, раённых і абласных улад за дапамогай у вырашэнні канфлікту. Ім усюды адказваюць, што фірма дзейнічае па законе, нагадваюць пра “самавольна ўзведзены” гараж і раяць засыпаць калодзеж, каб мець магчымасць зрабіць выезд адразу на вуліцу Брэсцкую. У якасці альтэрнатыўнага варыянту чыноўнікі ўсё ж прапануюць Глушчанкам дамовіцца з новымі суседзямі пра сервітут – права абмежаванага карыстання іх тэрыторыяй. Аднак такі варыянт не задавальняе кіраўніцтва фірмы.
Другая праўда
Уладальніца фірмы «СпортМир» Марыя Аёвіч асвятляе канфліктную сітуацыю так:
− 4 гады таму я спрабавала дамовіцца з суседзямі. Дваром карысталіся ўсе, а прыбіраць трэба было мне. Старшыня сельсавета ўвесь час рабіў мне заўвагі, каб я ўпарадкавала тэрыторыю, пасадзіла клумбы. А як пасадзіць клумбы, калі тут па 8 машын стаіць? У рэшце рэшт у райвыканкаме мне прапанавалі рабіць праект упарадкавання. Сказалі, што дадуць згодна з праектам дадатковую тэрыторыю. Так што суседзі самі мяне вымусілі. Але толькі дзякуй магу ім сказаць за гэта.
БК: А чаму вы не можаце дамовіцца пра сервітут?
− Дамаўляцца трэба было 4 гады таму. Цяпер гэта мая ўласнасць, і я маю права не пускаць на сваю тэрыторыю пабочных асоб. Іх заезд у свой двор – гэта не мая праблема. Няхай вырашаюць яе з уладамі, а не са мной. Я раблю ўсё па законе. Калі ў мяне не будзе агароджы, я не здам аб’ект у эксплуатацыю. Гэта патрабаванне санстанцыі і райвыканкама.
Як кажуць, справа гаспадарская. Сервітут – гэта толькі права, а не абавязак уласніка. Калі Марыя Аёвіч не давярае суседзям ключы ад брамы, ніхто яе прымусіць не можа.
Чый пракол?
Што сапраўды не зразумела, як кавалак спрэчнай зямлі трапіў у прыватную ўласнасць. Хто-хто, а ўпаўнаважаныя органы пры адводзе павінны былі паглядзець, што маюць справу з агульнай тэрыторыяй. Няхай нават і не засталося дакументаў, што тая спрэчная зямля належала раней папярэднікам Глушчанкаў.
− Я не падпісваў ні адзін дакумент, − адразу папярэджвае старшыня Чарнаўчыцкага сельсавета Аляксей Алесік.− І прапаноўваў галоўнаму архітэктару пакінуць былы пад’езд да магазіна ў якасці агульнай тэрыторыі. Але не я ж вырашаю. У кампетэнцыю сельсавета не ўваходзіць прадастаўленне зямельных участкаў пад гандаль ці вытворчасць.
Галоўны архітэктар у райвыканкаме паспеў памяняцца, новы працуе менш за два гады. Але і Аляксандр Федчык у курсе спраў. Праўда, сказаць нешта новае асабліва не можа. Участак зарэгістраваны ў агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры, і адмяніць рэгістрацыю можа толькі суд. Тое ж самае засведчыў і начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Сяргей Гульцоў, таксама знаёмы з чарнаўчыцкай гісторыяй.
Усе чыноўнікі пра гэта прамаўчалі, але між радкоў яны прызнаюць, што пры адводзе ўчастка была дапушчаная памылка. Першапачаткова «СпортМиру» была выдзелена меншая плошча, астатняя была далучаная пазней пад праект упарадкавання. На гэтым этапе адказным асобам не захацелася разбірацца ў характары зямлі, значна прасцей было аддаць усё, што знаходзіцца між дамамі 47 і 49. А цяпер райвыканкам проста не мае паўнамоцтваў выступіць арбітрам у канфлікце.
Атрымліваецца, выхадаў, гэта значыць выездаў, з сітуацыі ў Глушчанкаў усяго два: або засыпаць калодзеж, што для вёскі нечуваная справа, або абскарджваць рашэнне райвыканкама ў судзе. У гэтым быў бы дадатковы ўрок службоўцам свядома падыходзіць да выканання сваіх абавязкаў.
Ответить