“Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае” – гэта трохкілаграмовы фаліянт на 400 старонак і больш за 2000 ілюстрацый. Яе можна чытаць, а можна проста разглядаць малюнкі. Такім чынам, яна падыходзіць для рознага чытача – як навукоўцы, так і малодшага школьніка.
Арыгінальнасць кнігі ў тым, што яна насамрэч не вельмі прывязана да такой гістарычнай з’явы, як Вялікае Княства Літоўскае. ВКЛ прачытваецца як сама ідэя беларускай дзяржаўнасці ў лепшым яе выглядзе. Таму цалкам лагічна аповед пачынаецца з часоў засялення Беларусі індаеўрапейскімі плямёнамі і заканчваецца ХХ стагоддзем. Сучаснасць аўтары вырашылі не чапаць.
Прыемна, што многія берасцейцы аказаліся ў стане адшкадаваць за “ВКЛ” 350 тысяч – усе прывезеныя экзэмпляры былі раскупленыя. Па словах Сержука Бахуна, які прывёз Арлова ў Брэст, амаль разышоўся і агульны наклад кнігі ў 5 000 экзэмпляраў, пачаліся перамовы пра давыданне. “Кніга “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае” павінна быць у бібліятэцы кожнага беларуса. Варта аднойчы на чымсьці сэканоміць і набыць яе, каб яна засталася і дзецям, і ўнукам,” – гаворыць Бахун.
Хто ўсё ж быў не гатовы набыць каштоўнае, але дарагое выданне, мог купіць таннейшае. Уладзімір Арлоў умудрыўся выпусціць сёлета ажно тры кнігі і ўсе прывёз на прэзентацыю ў абласную бібліятэку. Акрамя згаданай, гэта яшчэ аўтабіяграфічная проза “Пакуль ляціць страла” і зборнік паэзіі на кірыліцы і лацінцы “Сьвецяцца вокны, ды нікога за імі”. “Я граю на розных фартэпіяна, — прызнаецца пісьменнік. – У мяне выходзіць і мастацкая проза, і паэзія, і гістарычныя нарысы. Няма адказу, што пісаць лягчэй. Проста так сыходзяцца зоркі, што ты адкладаеш адно і пачынаеш пісаць зусім другое”.
Вялікую колькасць выдадзеных за адзін год кніг Уладзімір Арлоў тлумачыць даволі проста: “Нарэшце выйшлі кнігі, якія даўно былі падрыхтаваны”. Найперш ён мае на ўвазе ілюстраваную гісторыю, з’яўлення якой чакалі яшчэ ў 2008 годзе. Ёсць надзея, што сёлета выйдзе і чацвёртая кніга пісьменніка, пра якую Арлоў адмаўляецца гаварыць, спасылаючыся на сваю прымхлівасць.
Імпрэза ў абласной бібліятэцы імя М.Горкага паказала, што Уладзімір Арлоў ужо з’яўляецца народным пісьменнікам. Як заўсёды, на яго прыйшла поўная зала людзей самых розных узроставых і сацыяльных катэгорый. Сустрэча, улічваючы аўтограф-сесію, цягнулася ажно 4 гадзіны.
0 комментариев
Anonymous User
22.11.2012 в 19:09Яўген
22.11.2012 в 19:09У наш час народ добра рэагуе на загаловак кшталту «ПІСЬМЕННІК ПРЭЗЕНТАВАЎ КНІГУ ВАГОЙ ТРЫ КГ