Тэма дыскусіі, што ўзнялася 23 лістапада ў гасцініцы “Беларусь”, гучала даволі пакручаста: “Культура для грамадства ці грамадства для культуры?”. Дыскутаваць у гэтым накірунку пагадзіліся два творцы – мастак Аляксандр Грыгор’еў і пісьменнік Алесь Паплаўскі – ды два грамадскія дзеячы ў асобах каардынатара кампаніі “За вела-Брэст!” Уладзіміра Красько і старшыні грамадскага аб’яднання “Наследие” Алега Голаса. Прадстаўнікі высокай культуры і прадстаўнікі грамадскасці маглі сысціся ў двубоі, вырашаючы, згодна з тэмай дыскусіі, хто для каго павінен існаваць. Аднак перад імі ляжала ўсё ж іншая задача – артыкуляваць сваё бачанне таго, ці можа грамадская актыўнасць уплываць на прасоўванне культуры.
І тут удзельнікі дыскусіі выказалі бадай адзінадушнае меркаванне: можа і павінна. “Ёсць вельмі сціплыя творцы, якія не будуць хадзіць ды прасіць грошы на сваю дзейнасць. І тады патрэбна грамадская ініцыятыва, важная таксама і ў стварэнні піяру для культурнага прадукта. Сам жа па сабе творца на густы грамадства арыентавацца ні ў якім разе не павінен”, — упэўнены Алесь Паплаўскі.
Не менш важнае пытанне – ці варта кантактаваць пры гэтым з уладай, якая апрыёры адштурхоўвае ўсякую грамадскую актыўнасць як пагрозу свайму спакою, − таксама знайшло станоўчы адказ выступоўцаў. Кожны з іх мае свой досвед падобных кантактаў і мог адразу зарыентаваць, на што звярнуць увагу і якія аргументы на карысць сваёй ініцыятывы прывесці, каб паход ва ўладныя кабінеты завяршыўся поспехам. Найбольш аўтарытэтна тут выглядаў Уладзімір Красько, які мае немалую заслугу ў тым, што гарвыканкам нарэшце пачаў прыслухоўвацца да ляманту роварыстаў. “Не з усякай ініцыятывай, канешне, трэба ісці да ўлад, − гаворыць грамадскі дзеяч. − Калі вы хочаце сабрацца, каб разам паглядзець фільм ці схадзіць у тэатр, вам не трэба нікуды звяртацца. І гэта будзе прыклад паўнавартаснай грамадскай ініцыятывы, накіраванай на прасоўванне культуры. Калі ж вам неабходныя нейкія механізмы прасоўвання культуры – памяшканне, грошы ці хаця б проста неразгон вас на вуліцы, то тут, хочаце вы ці не хочаце, а да ўлад звярнуцца прыйдзецца”.
Аляксандр жа Грыгор’еў і ўвогуле яўляе сабой прыклад, калі творца і грамадскі актывіст сумяшчаюцца ў адной асобе. Гэта і дапамагло яму прабіць шыкоўны праект міжнароднага конкурсу-выставы графікі, які знайшоў падтрымку ў аблвыканкаме. Праўда, адной чыноўніцкай падтрымкай справа не зварухнулася б, тут прыйшлося папашукаць і спонсараў, аднак хто сказаў, што грамадская актыўнасць павінна скіравацца адно толькі на супрацоўніцтва з уладай?
Толькі досвед удзельнікаў і зрабіў дыскусію здзейсненай, паколькі абстрактныя размовы на тэму культуры і яе неабходнасці для грамадства завяршаліся, як правіла, нічым. Без адказу, напрыклад, засталося пытанне вядоўцы Змітра Кісяля пра тое, наколькі сучасны культурны прадукт адпавядае патрэбам грамадства. Спікеры проста разгубіліся, не разумеючы, пра якую менавіта культуру трэба весці гаворку. Змястоўна адказаў на гэтае пытанне хіба Уладзімір Красько: “Таго прадукту, што прапануюць установы культуры, у нас хапае. Бракуе вулічнай культуры, якую робяць самі грамадзяне”.
Зрэшты менавіта дзелавая канкрэтыка мелася на мэце і арганізатарамі ток-шоу. “Дыскусіі вельмі неабходныя нашаму грамадству, каб тэмы, якія ўздымаюцца на такіх мерапрыемствах, працягвалі сваё жыццё ў далейшых абмеркаваннях, − лічыць кааардынатар ГКК “Будзьма беларусамі!” Ніна Шыдлоўская. – Паколькі кампанія мае культурніцкі накірунак, то і тэмы мы выбіраем культурніцкія, важныя для асобных рэгіёнаў. Не абстрактныя разважанні пра культуру ўвогуле, а менавіта пытанні, актуальныя для таго ці іншага горада”.
Калі летась кампанія правяла ўсяго два ток-шоу, у тым ліку, дарэчы, і ў Берасці, то сёлета яны плануюцца ва ўсіх абласных гарадах. Відавочна, будучыня ў мерапрыемствах такога фармату ёсць.
З гэтым пагаджаюцца і ўдзельнікі, для якіх афлайнавыя ток-шоу – пляцоўка не толькі для выказвання, а яшчэ і для знаёмства з сабе падобнымі.
Ответить