Спадарожнікавы тэлеканал “Белсат” распачаў сваю працу ў дзень прыняцця Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека 10 снежня 2007 года, і барацьба за правы чалавека стала адной з асноўных задач канала. Праект рыхтаваўся разам з польскім тэлебачаннем, і сёння канал існуе як яго структурная адзінка. Гэта дазваляе “Белсату” мець фінансаванне і стварае добры сімбіёз: на канале працуюць як беларусы, так і палякі. Да таго ж супрацоўнікі “Белсата” бачаць, як развіваюцца сучасныя медыі, і рухаюцца ў нагу з часам. У студыі навінаў, якія на “Белсаце” завуцца “Аб’ектыў”, днямі гасцілі журналісты “БК”.
“Белсат” адрозніваецца ад большасці каналаў тым, што вымушаны распавядаць пра падзеі ў роднай краіне з замежнай тэрыторыі. Але за гэтыя гады праца настолькі добра наладзілася, што рэпарцёры канала ёсць фактычна ў кожным буйным горадзе Беларусі. Што б ні здарылася, у дзевяць вечара на “Белсаце” выйдзе галоўны выпуск “Аб’ектыва”. Як заўжды, па-беларуску і без цэнзуры.
Прыемна, што на такім уплывовым канале працуюць і нашы землякі. Пінчанін Аляксей Дзікавіцкі сёння ўзначальвае рэдакцыю інфармацыйных праграм “Белсата”. І мы, канешне, не маглі не задаць Аляксею некалькі пытанняў.
— Аляксей, “Белсату” ўзімку споўніцца пяць гадоў. Чаго за гэты час удалося дасягнуць?
— Дасягненняў шмат. Калі гаварыць пра інфармацыю, за якую я адказваю, дык дастаткова сказаць, што на самым пачатку гэта былі тры хвіліны ў дзень, а цяпер – больш за гадзіну. Прычым, зробленыя прафесійна, паводле сучасных стандартаў. Яшчэ адно значнае дасягненне – культурніцкі ўплыў. Прыкладам няхай будзе дакументальнае кіно.
— Наколькі канал сёння з’яўляецца ўплывовым СМІ? Наколькі з ім лічыцца ўлада? Як адносіцца да яго грамадства?
— Калі нашых вядоўцаў пазнаюць на вуліцы, у транспарце, калі нам пішуць лісты з усёй краіны з просьбай прыехаць, паказаць нейкія недахопы, несправядлівасць у надзеі, што пасля нашага сюжэта чыноўнікі выправяцца, – значыць даволі ўплывовае. Вельмі важная рэч: нам удалося выпрацаваць імідж не «апазіцыйнага» ці «антыбэтэшнага» канала, а тэлебачання перадусім аб’ектыўнага, вартага даверу.
— Ваш профіль на канале – навіны. Якіх прынцыпаў прытрымліваецца канал пры падачы інфармацыі, да чаго імкнецеся?
— Усебакова асвятляць важныя працэсы ў жыцці краіны. Менавіта ўсебакова, наколькі гэта магчыма. Даць слова ўсім бакам, а не толькі хваліць кагосьці ці ганьбіць, як гэта выглядае ў большасці дзяржаўных СМІ.
— Колькі людзей глядзіць “Белсат”, і якую аўдыторыю рэальна ахапіць у сённяшніх умовах?
— Прыкладна кожны дзясяты дарослы беларус з рознай частатой глядзіць “Белсат”. Гэта перадусім жыхары малых ды сярэдніх мястэчак (там няма такой колькасці кабельных сетак), што, думаю, важна. Бо ў сталіцы інфармацыю знайсці лёгка, у правінцыі – цяжэй. Абмежаванне – колькасць спадарожнікавых талерак.
— Рэдакцыя “Белсата” знаходзіцца ў Варшаве, але вялікая колькасць супрацоўнікаў працуе ў Беларусі. Наколькі гэта ўскладняе працу?
— Гэта працу, напэўна, не робіць лягчэйшай, але памятайце, што мы жывем у век новых тэхналогій. Шмат практычных, штодзённых рэчаў, якія 20 ці нават 10 гадоў таму зрабіць на адлегласці было б нерэальна, цяпер – без праблем.
— Ці шмат на “Белсаце” людзей з Берасцейшчыны? І што Вы пра іх можаце сказаць?
— Ну, канешне, людзі з Берасцейшчыны ёсць. З Кобрына, Пінска, Берасця… Што я магу сказаць пра сваіх землякоў-палешукоў? Працавіты і кемлівы народ.
— Вы самі нарадзіліся ў Пінску, але па палітычных матывах не можаце прыязджаць на Радзіму. Сумуецца без Беларусі?
— Няма дня, каб не думаў пра Радзіму.
Яшчэ адзін наш зямляк – Сяргей Скулавец нарадзіўся ў Давід-Гарадку, што на Століншчыне. Сёння ён — вядоўца і журналіст інфармацыйных праграм “Аб’ектыў”, “Сальда” і “Гарачы Каментар”.
— Сяргей, у свой час ты працаваў у Берасці, у тым ліку пісаў для “БК”. Якія ўспаміны пакінулі тыя часы?
— Праца ў “Брэсцкім кур’еры” (таксама я працаваў паралельна карэспандэнтам “Радыё Свабода” па Берасцейшчыне) была вельмі насычанай. І хаця быў пазаштатным карэспандэнтам, але, шчыра скажу, атмасфера, якая пануе ў рэдакцыі, надзвычай цёплая. Таму з прыемнасцю наведваўся туды, стараўся адшукаць цікавыя тэмы. Было адчуванне, што працую ў камандзе, добрым і прафесійным калектыве, за што вельмі ўдзячны.
— Чаму ты абраў тэлевізію?
— “Белсат” на сёння – адзінае незалежнае тэлебачанне ў Беларусі. Акрамя гэтага – беларускамоўнае! Тэлебачанне мае больш шырокія магчымасці для фармавання грамадскай думкі. Калі ў газеце аснова – слова, у радыё – гук, то ў тэлебачанні прысутнічаюць гэтыя элементы, але дадаецца відэа і вобраз. Што складана апісаць словам, тое можна паказаць. А што да асабістых момантаў, то толькі ў незалежных медыях сёння існуе магчымасць для развіцця і прафесійнага росту журналіста.
Фота Міланы ХАРЫТОНАВАЙ
Ответить