Па-першае, гэта людзі, што маюць ад гэтага добры прыбытак. Выходзяць на працу яны абсалютна добраахвотна, нават з радасцю, бо навагодняя ноч корміць калі не год, то наступны месяц дакладна. Астатнія навагоднія работнікі – гэта абраннікі лёсу, каму святочную занятасць вызначыў банальны графік змены.
ГЭТА ДОБРА, КАЛІ ЗАПРАШАЮЦЬ…
Кацярына Граноўская – вакалістка. Дадзены прыродай чароўны голас яна даўно навучылася выкарыстоўваць на карысць сабе ды іншым. Падпрацоўвала ў кавярнях, пакуль вучылася ва ўніверсітэце. Хоць прафесія філолага, якую яна атрымлівала, ніяк не была звязаная са спевамі, менавіта падчас вучобы Каця назбірала найбольш узнагарод з разнастайных конкурсаў. Пры наяўнасці музычнай адукацыі Граноўскую ўжо даўно пераманіла б якая-небудзь установа культуры. Але талент, не пацверджаны дыпломам, у нас застаецца запатрабаваным толькі ў бізнэс-сферы.
Каця не кінула спяваць, нават калі пачала адпрацоўваць размеркаванне ў родным універсітэце. Калі ж нарадзіла дачку і пайшла ў адпачынак па доглядзе за ёю – праца ў рэстаране і ўвогуле ператварылася ў адну з асноўных крыніц папаўнення сямейнага бюджэту.
На Новы год Кацярына працуе штогод. Прызнаецца, што ёй гэта нават падабаецца: “Гэта заўсёды плюс, калі цябе запрашаюць працаваць на навагоднія святы. Па-першае, гэта зусім іншыя грошы. А па-другое, людзі неяк па-іншаму ўспрымаюць маю працу. Калі вакол атмасфера свята, яны становяцца больш шчодрымі на эмоцыі, больш удзячнымі”.
“НАВАГОДНЯЯ ПРАЦА НЕ АДРОЗНІВАЕЦЦА АД ЗВЫЧАЙНАЙ”
Так пра свае шматразовыя святочныя дзяжурствы адгукаецца дыспетчар падстанцыі хуткай медыцынскай дапамогі “Усход” Людміла Мартынюк. Звычайна ў розных кантэкстах узгадваюць дактароў ды медыцынскіх сясцёр, зусім забываючыся пра іншы медыцынскі персанал. А праца дыспетчара – таксама адказная. Трэба не толькі прыняць званок ды хутка зарыентавацца, якую з брыгад выслаць, але і даць пры неабходнасці параду, ад якой можа залежаць жыццё чалавека.
Для Людмілы Мартынюк выходзіць на працу ў навагоднюю ноч – не такая і радасць: “Майму сыну 17 год. Чатыры гады запар у мяне былі навагоднія дзяжурствы, і ён пастаянна прасіў, каб я замянілася, каб была з ім у гэтую ноч. Але хто ж захоча замяняцца?”. Сёлета Людміла была, нарэшце, дома, але сыну па ўзросце ўжо цікавей адзначаць Новы год з сябрамі.
Закранула Людміла і набалелае, актуальнае як для яе святочных дзяжурстваў, так і самых шэрагавых: “Часам складваецца ўражанне, што людзі не разумеюць, што такое “хуткая дапамога” і што яе трэба выклікаць пры выключнай неабходнасці. А не тады, калі ў цябе тэмпература 37,1 ці 36,4. А колькі ў нас пастаянных кліентаў! Бабулек ды дзядулек, якія выклікаюць “хуткую дапамогу” ад самоты. Вось і хацелася б папрасіць, карыстаючыся магчымасцю, каб людзі думалі перад выклікам – “хуткая дапамога” ім патрэбная ці проста ўчастковы тэрапеўт”.
ПЛАЦЯЦЬ СВЯТОЧНЫЯ ГРОШЫ
Гэты бонус і аргумент на карысць працы ў навагоднюю ноч называе машыніст Уладзімір Гадун. На чыгунцы ён усё жыццё, уключаючы дзяцінства, паколькі і дзед, і бацька Уладзіміра таксама былі чыгуначнікамі. “Стаць машыністам не проста, — скупа характарызуе ён сваю прафесію. – Спачатку трэба каля 10 год адпрацаваць памочнікам машыніста. І толькі тады, калі добра сябе адрэкамендуеш, табе давераць лакаматыў”. Яму даверылі. “Спачатку страшна – такая адказнасць… А пасля прывыкаеш”.
Па адчуваннях Уладзіміра, праца ў навагоднюю ноч усё ж трохі іншая. “З аднаго боку, весела. Феерверкі кругом, людзі весяляцца. А з другога боку, і адказнасці больш, таму што шмат людзей нецвярозых, за бяспеку якіх ты па-ранейшаму мусіш адказваць”.
Але нічога супраць працы ў навагоднюю ноч машыніст усё ж не мае. Прывык за столькі гадоў, калі верыць яго словам. “Працуем жа мы не толькі на Новы год. Працуем і ў іншыя святы, і ў Дзень нараджэння. Такая праца”.
Рэагаваць так спакойна на святочныя змены дапамагае і згаданы бонус ад чыгункі. Праца ў святочныя дні аплочваецца па двайным тарыфе. Таму, каго асабліва не цягне да навагодняга стала, могуць зарабіць на свяце, хоць і не столькі, як таксоўшчыкі ці артысты.
Ответить