“Доброта” жыве за кошт ахвяраванняў. Без іх ніяк – на нейкія сродкі трэба купляць корм для катоў і сабак, плаціць за арэнду тэрыторыі, дзе знаходзіцца пункт часовай ператрымкі падабраных жывёл, аплочваць паслугі ветэрынара. У іншых краінах прыюты для бяздомных жывёл утрымлівае дзяржава, у нашым жа горадзе гэта ўпала на плечы некалькіх дзясяткаў актывістаў, раскіданых як па грамадскіх аб’яднаннях, так і проста юрыдычна не аформленых суполках. Нямала ў нас і валанцёраў-адзіночак, якія даўно для сябе перафразавалі пытанне “А чаму я?” на пытанне “А чаму не я?”. Часцей за ўсё жывёл, што апынуліся ў крытычнай сітуацыі, проста забіраюць дадому, там лечаць, падкорліваюць і ці пакідаюць у сябе, ці знаходзяць ім новых гаспадароў.
“Доброте” ж удалося арганізаваць невялікі часовы пункт ператрымкі бяздомных жывёл, дзе робіцца ўсё тое ж самае, але ў большых маштабах. Адначасова тут можа знаходзіцца паўсотні сабак і да сотні катоў. Зразумела, што ў справе дапамогі жывёлам вельмі важнае значэнне мае пастаянная ветэрынарная дапамога. Яна неабходная як для хворых і пакалечаных асобін, якія пераважна сюды і трапляюць, так і для элементарнай кастрацыі і стэрылізацыі бяздомнікаў. Праз гэтую працэдуру абавязкова праходзяць усе падабраныя жывёлы, бо толькі так можна замарудзіць іх непадкантольнае размнажэнне ў выпадку, калі яны зноў апынуцца на вуліцы.
Да таго ж самага, змагаючыся з цемрашальствам, заклікаюць актывісты зоаахоўнага руху і гаспадароў дамашніх жывёл. У нас жа дагэтуль кастрыраваць сабаку лічыцца здзекам над істотай, а выкінуць на сметніцу шчанят – нормай. Між тым намеснік старшыні “Доброты” Алена Оргіш зазначае, што асноўная крыніца папаўнення шэрагаў бяздомнікаў – гэта менавіта нашчадкі дамашніх жывёл. Па той жа прычыне арганізацыя вымушана трымаць у сакрэце адрас пункта часовай ператрымкі. “Нас проста заваляць кацянятамі ды шчанятамі, ад якіх хочуць пазбавіцца гаспадары”, — гаворыць Алена.
Невялікіх унёскаў, што атрымлівае грамадская арганізацыя ад ахвяравальнікаў, не хапае, каб пакрываць пералічаныя артыкулы выдаткаў. Тым больш што ў ролі ахвяравальнікаў найчасцей выступаюць самі валанцёры. Не выратоўвае нават тое, што ветлячэбніца дае грамадскаму аб’яднанню 50-працэнтную зніжку на свае паслугі. Даўгі перад “Радушным лекарем”, на жаль, пастаянныя.
Таму “Доброта” ў асобе намесніка старшыні Алены Оргіш звяртаецца да неабыякавых берасцейцаў з просьбай аказаць пасільную фінансавую дапамогу для пакрыцця доўгу і функцыянавання пункта часовай ператрымкі жывёл. Грошы можна пераводзіць на рахунак грамадскага аб’яднання па наступных рэквізітах: БГАДЖ “Доброта”, УНП 290927236, р/р 3015730009012 у ЦКА Дырэкцыі ААТ “Белинвестбанк” па Брэсцкай вобласці, МФА 153001739. Прызначэнне плацяжу – добраахвотнае ахвяраванне.
Акрамя таго, для пункту часовай ператрымкі будуць дарэчы непатрэбныя цёплыя рэчы і тканіны, газеты, корм для сабак і катоў.
“Доброта” была б радая бачыць у сваіх шэрагах таксама новых валанцёраў. Усю неабходную інфармацыю пра дзейнасць Брэсцкага грамадскага аб’яднання дапамогі бяздомным жывёлам “Доброта” можна атрымаць па тэлефоне 8 033 3189318.
Ответить