Беларуская выспа
Беларусаў у Польшчы часам параўноўваюць з выспай у моры. Яе ўсё больш залівае вада, а сушы становіцца менш ад года да года. Па розных ацэнках беларусаў на Падляшшы жыве да 80 тысяч, з якіх толькі 46 тысяч прызналі сваю нацыянальную меншасць як беларускую. Астатнія – гэта праваслаўныя, што этнічна калісьці належалі да беларусаў, але з цягам асіміляваліся і пачалі называць сябе праваслаўнымі палякамі.
Дарэчы, вось вам і першае адрозненне польскіх беларусаў, у тым ліку і вясковых, ад насельнікаў вялікай радзімы: нацыянальная самаідэнтыфікацыя вызначаецца тут найперш не тэрыторыяй, а рэлігіяй. Па-іншаму, відаць, і быць не магло. Беларусы ўвогуле як нацыяналісты вельмі спецыфічныя людзі. Пра сябе як народ яны ведаюць мінімум, таму шукаюць такі крытэр для аб’яднання па агульнай прыкмеце, які б не патрабаваў капання ў гісторыі ці культуры. У самой Беларусі гэтым крытэрам з-за адсутнасці агульнай актыўнай мовы з’яўляецца пражыванне на тэрыторыі дзяржавы, а ў польскіх беларусаў – праваслаўе.
Увогуле ж Падляшша, дзе пераважна пражываюць нашыя землякі, лічыцца самым кансерватыўным рэгіёнам Польшчы. Можа, дзякуючы гэтаму кансерватызму, праз 70 год пасля раз’яднання мы можам яшчэ весці гаворку пра нейкіх беларусаў у краіне-суседцы?
Гуворат пу-свойму
Пра тое, што гаворкі Камянеччыны і Падляшша аднолькавыя, мне расказвалі і раней, але ўсё не верылася. Ну як можа быць, што дзяржаўная мова іншай краіны не наклала адбітак на дыялект?
Упэўнілася ў тым, што такое магчыма, я яшчэ падчас “Бардаўскай восені” ў Бельску-Падляшскім. Пакуль я фатаграфавала гарадскія пейзажы, мной зацікавіўся мясцовы булдос. Па крайняй меры знешні выгляд гэтага чалавека выдаваў у ім менавіта хранічнага алкаголіка. Але не закончанага, таму мы разгаварыліся. Выдатна разумеючы маю беларускую, булдос пахваліўся, што валодае ўкраінскай мовай. І канешне ж, пачаў размаўляць на палескім дыялекце. Аказваецца, некалі ён працаваў шафёрам, аб’ездзіў паў-Украіны, адтуль і ўпэўненасць, што яго дыялект з’яўляецца ні чым іншым, як літаратурнай украінскай мовай.
Бельск-Падляшскі – гэта адзін з асноўных беларускіх гарадоў у Польшчы. Але сустрэць нават у такім горадзе чалавека, з якім можна паразумецца без пасярэдніцтва польскай мовы, з’яўляецца вялікім шансаваннем. Другая справа — падляшская вёска. Упэўнена, што запісаных на дыктафон тамтэйшых старых нашыя людзі “паселяць” не далей, як у Вярховічы. Вось, да прыкладу, пра свой узрост расказвае Сямён Пацяйчук:
− Вжэ хутко мны будэ вусім. Вусьмы дысяток. Коб був малэй, то вжэ до другіі класы худэв.
Але пранікненне ў беларускую гаворку польскай мовы ўсё ж адбываецца. Асабліва гэта тычыцца маладзейшых беларусаў і старых, да якіх часта прыязджаюць з горада дзеці. Беларуска-польская трасянка ўтвараецца па той жа схеме, што і беларуска-руская – за кошт увядзення ў актыўную мову запазычанай лексікі. Але чысты палескі дыялект на Падляшшы яшчэ пачуць можна.
За мяжой – Расія
Прадстаўнікі беларускіх культурніцкіх суполак, якіх у Польшчы не так і мала, лічаць Беларусь сваёй радзімай, хоць ніколі тут не жылі. Для іх гэта своеасаблівая Мекка. Яна прыцягвае, але ў той жа час не мае аніякай зацікаўленасці ў сваёй адарванай частцы. Такая зараз палітыка ў вышэйшага кіраўніцтва краіны – закрытасць ад свету, у тым ліку і ад свайго. Гэта праяўляецца ў цяжкасцях, з якімі актыўныя беларусы атрымліваюць нацыянальныя візу. Ці не атрымліваюць, як кіраўнікі беларускіх зямляцтваў у Польшчы і Літве Яўген Вапа і Хведар Нюнька. Але да Беларусі яны працягваюць ставіцца неабыякава.
У простым жа народзе гэтая настальгія выяўляецца або з меншай сілай, або не выяўляецца зусім. Старэйшыя добра памятаюць, як усталёўвалі мяжу, але не прыгадваюць, каб гэта выклікала асаблівае абурэнне. На фоне толькі скончанай вайны гэта была так сабе падзея. Сваіх былых аднавяскоўцаў польскія беларусы навучыліся называць рускімі, бо за мяжой для іх пачыналася Расія.
Засталася ў свядомасці памежнікаў яна і дагэтуль. Ад рускай Расіі яна адрозніваецца хіба Лукашэнкам. “То вітэ ду нас уд Лукашэнкі прыіхалі?” – такім пытаннем мяне сустракалі некаторыя беларусы, якія гэтага шчасця – жыць пры нязменнай уладзе – не зазналі. “А мны він нравіцця! Хоць юго всі крытікуют, мны він нравіцця!” – гаворыць мясцовая жанчына, сама не ўяўляючы, наколькі яна ў гэты момант падобная на землякоў з вялікай радзімы.
Бязлюддзе і курс на цвярозасць
У цэлым казаць пра нейкую арыгінальнасць беларускіх вёсак з польскага боку даволі цяжка. Яны вельмі падобныя да нашых сваім архітэктурным абліччам і сваімі насельнікамі. Гэтак жа, як і ў Беларусі, большасць нашых суайчыннікаў засяродзілася ў гарадах, а маленькая вёска імкліва старэе і становіцца бязлюднай. У вёскі Войнаўка, Доўгі Брод і іншыя памежныя ўжо два гады, як гавораць месцічы, не ходзяць аўтобусы – нерэнтабельна. Дабрацца да горада можна толькі на прыватным транспарце.
Праўда, горад вяскоўцам патрэбны толькі дзеля медыцынскага абслугоўвання. Усё астатняе ёсць на месцы. Штодзень сюды прыязджаюць аўтакрамы, якія дастаўляюць як звычайны асартымент, так і тавары на замову.
Бліжэй да гарадоў вёскі населеныя значна больш. Сказваецца еўрапейская тэндэнцыя сяліцца ў прыгарадзе. Жыць утульней і на працу дабрацца можна даволі хутка.
З’яўляецца заробак і ў вёсках. Нехта працуе сам на сябе, а нехта ўмудрыўся нават пабудаваць прадпрыемства і даць працу іншым. Наяўнасць жа працы і нешта іншае, непадуладнае разуменню з першага позірку, паўплывала на тое, што паміж нашымі вёскамі намецілася адно сур’ёзнае адрозненне – па той бок мяжы значна меней п’юць. Яўген Вапа распавядае, што праблема прысутнічае, але больш не з’яўляецца вызначальнай: “Пік п’янства мы перажылі ў 90-х. Зараз у людзей з’явіліся нейкія памкненні”.
Гучыць аптымістычна. Будзем чакаць, калі нейкія памкненні з’явяцца ў вёсках па наш бок мяжы.
Ответить