На яе існаванне можна было і забыцца. Так, працягвалі жыць і дзейнічаць яе калектывы (не вельмі шматлікія для такой установы), арганізоўваліся гастрольныя канцэрты музыкантаў з іншых гарадоў і краін, але сваёй базы з-за доўгага рамонту ў філармоніі не было. Цяпер, абнавіўшы і знешняе ўбранне і кіраўніцтва, яна гатовая стаць паўнавартасным асяродкам культуры.
У будынак былога Дома афіцэраў філармонія пераехала яшчэ ў 1991 годзе. Неўзабаве пасля гэтага тут пачаўся рамонт. Хутка, аднак, стала відавочна, што толькі касметычнымі зменамі будынку 1901 года не дапаможаш. Таму ў філармонію ў пачатку 2000-х прыйшлі рэстаўратары.
Дырэктар падраднай арганізацыі “Брэстрэстаўрацыя” Сцяпан Прыходзька ўдзячны К.Сумару, што той на ўрачыстым адкрыцці падкрэсліў: рэстаўрацыя цягнулася доўга не таму, што рэстаўратары зацягнулі справу, а таму, што яны зрабілі ўсё тэхналагічна. “Гэты будынак, як і кожны гістарычны, патрабаваў асаблівага падыходу, — расказвае “БК” Сцяпан Прыходзька. – Мы не працавалі па гатовым праекце, як гэта бывае на новым будаўніцтве. Мы прыходзілі і на кожным кроку сустракалі пытанне. Трэба было ведаць, як павітацца з кожнай трэшчынкай. Перабралі фактычна кожны сантыметр, пачынаючы з фасада – фундамент, сцены, дах, перакрыцці. Перакрыцці запатрабавалі асабліва шмат увагі і нялёгкай ручной працы. Вы ўяўляеце, як без крана зацягнуць у акно металічную бэльку паўтоны вагой, неяк падняць, замацаваць, усё вывярыць і спакойна спаць, што мы ўсё зрабілі правільна?”.
Па меры таго, як дырэктар “Брэстрэстаўрацыі” прыводзіць новыя прыклады цяжкасцяў, з якімі сутыкнуліся яго падначаленыя, яго голас становіцца ўсё больш упэўнеўненым. Адразу відаць, што здадзеным аб’ектам кіраўнік ганарыцца.
Але будаўнікі з філармоніі сышлі і пакінулі тут толькі тых, каму належыць ажывіць прыгожыя, але пакуль не сагрэтыя публікай мармуровыя сцены. Па словах намесніка дырэктара па гастрольна-канцэртнай дзейнасці Уладзіміра Круцікава – выдатнага музыкі, які заступіў на гэтую пасаду ўсяго некалькі месяцаў таму, філармонія ўжо мае пэўныя планы на новую залу на 150 месцаў. Праўда, нічога канкрэтнага Валодзя не сказаў, паабяцаўшы, што берасцейцы ўбачаць усё з афіш. Пэўна ж пры дыфіцыце ў горадзе якасных канцэртных залаў філарманічная пуставаць не будзе – як і новая студыя гуказапісу, абсталяваная па апошнім слове тэхнікі. Па крайняй меры музыканты Валодзя Круцікаў і Ілья Курачкін, што будзе працаваць тут гукарэжысёрам, як прафесіяналы, задаволеныя.
Гаворачы пра новыя кадры, нельга не заўважыць, што памяняўся ў філармоніі і дырэктар. Ім стаў былы намеснік дырэктара Брэсцкага музычнага каледжа імя Р.Шырмы Ігар Рубацкі. Злавіць яго для шчырай размовы падчас адкрыцця не ўдалося – на правах гаспадара ў яго для гэтага было замала часу, — але падначаленыя яго хваляць. І за чалавечыя якасці, і, найперш, за прафесіяналізм.
Так што ёсць нагода спадзявацца, што Брэсцкая абласная філармонія хутка дасць джазу.
Ответить