Нават у сучаснай Літве, да якой падзея мае хіба тэрытарыяльнае дачыненне, 2013 год абвешчаны Годам паўстання 1863-64 гг. Што ўжо казаць пра Польшчу, калі там гэтае паўстанне так і называецца – польскае? Вось і ў нас прадстаўнікі польскай дыяспары, запрошаныя консульствам, наведалі мясціны, звязаныя ці то з самім паўстаннем, ці то з адной з ключавых яго фігур — Рамуальдам Траўгутам. Рытуалу запальвання знічак, урачыстага паднашэння кветак і малітвы за ўпакой не перашкодзілі нават неспрыяльныя атмасферныя ўмовы.
Але больш уразіла невялікая брашурка з пералікам 12 памятных мясцін паўстанцкай тэматыкі, што знаходзяцца на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. Вось чаго нам катастрафічна нестае – сістэматызацыі пошукавай працы шматлікіх паасобных краязнаўцаў! Сістэматызацыі не энцыклапедычнай, а навукова-папулярнай, у выглядзе мапак і брашурак, якія можна было б раздрукаваць ці за капейкі набыць у кніжных шапіках. Рознай тэматыкі і па розных падзеях.
З польскай дэлегацыяй мы наведалі толькі 4 мясціны, але і пра іх існаванне мала хто з нас здагадваўся.
Астроўе
Ля самай шашы на павароце ў гэтую вёску Маларыцкага раёна знаходзіцца крыж і памятная дошка ў гонар Рамуальда Траўгута. Надпіс на дошцы гаворыць, што адзін з кіраўнікоў паўстання жыў тут у 1862-63 гг.
Пацвярджаюць тое і гістарычныя крыніцы. Род Траўгутаў даўно прапісаўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Дзед Рамуальда быў паплечнікам знакамітага Тадэвуша Касцюшкі падчас яго паўстання 1794 года. Бацька ж паўстанца меў маёнтак Шастакова, што на Камянеччыне. Там і нарадзіўся будучы польска-беларускі герой.
З маёнткам Востраў (пасля разарэння маёнтка вёска атрымала сучасную назву Астроўе) Рамуальд Траўгут быў звязаны не менш шчыльна – у 1861 годзе ён атрымаў яго ў спадчыну ад дзеда па мацярынскай лініі. Як паведамляе рэсурс radzima.org, менавіта тут яго наведала дэпутацыя арганізатараў нацыянальна-вызваленчага руху 1863 г. на Беларусі і прасіла ўзначаліць паўстанцкі атрад. Пасля кароткіх ваганняў Рамуальд Траўгут прыбыў на канспіратыўную сустрэчу ў маёнтак Божы Дар (пад Кобрынам), дзе даў згоду на ўдзел у паўстанні.
Сабалі
Не толькі ў вобласці, але і за яе межамі пра Сабалі ведаюць, што тут, у Бярозаўскім раёне, на грошы кампаніі “Трайпл” будзе будавацца вялікі этнаграфічна-турыстычны комплекс. І берасцейскі мастак з “сабалінымі” каранямі Анатоль Жалудка ў гэтым праекце заангажаваны як генератар ідэй менавіта па этнаграфічнай частцы.
Аднак Жалудка спрычыніўся і да таго, што вядомасць набыла брацкая магіла паўстанцаў, месца якой увесь час ушаноўвалі мясцовыя жыхары. Афіцыйнага статуса крыж, сімвалічна агароджаны па вуглах сялянскімі косамі, як памятнае месца не мае, хоць, па словах мастака, ён неаднаразова звяртаўся з такой прапановай да мясцовага кіраўніцтва. Пры нагодзе звярнуўся і да консула РП Станіслава Зарчыньскага, які займаецца месцамі польскай народнай памяці. Цікава, хто хутчэй адгукнецца на покліч Анатоля Жалудкі?
Дарэчы, крыж на брацкай магіле каталіцкі, але мастак мяркуе, што павінен побач з ім стаяць і праваслаўны, паколькі ў паўстанні Каліноўскага актыўна прымалі ўдзел і артадоксы.
Косава
На старых каталіцкіх могілках можна знайсці не толькі прыгожую каменную капліцу, якая сама па сабе кідаецца ў вочы падарожніку. У самым дальнім куце могілак знаходзіцца яшчэ адна брацкая магіла. Палякі ўшанавалі гэтае месца ў 1928 годзе – на гадавіну сваёй новай незалежнасці. Гаворка ў надпісе ідзе, канешне, выключна пра польскіх паўстанцаў, на што мы крыўдаваць не будзем.
Згодна з іншымі крыніцамі, ёсць у Косава і яшчэ адна паўстанцкая мясціна. Пра гэта паведамляе радыё “Свабода”: “Ніяк не пазначанае месца, дзе Мураўёў-вешальнік распраўляўся з беларускімі патрыётамі. Гэта сасоннік на вялікім узгорку, што побач з Косавам. З часу паўстання тутэйшы люд не забыўся і назвы гэтай гары − “шыбельная”.
Мілавіды
З Івацэвіцкага раёна зручна перамясціцца ў Баранавіцкі. Не з’язджаючы з шашы, можна бачыць высокую агароджаную каплічку ў памяць пра бітву ў раёне вёскі Мілавіды, што адбылася 3 чэрвеня 1863 года. У ёй паўстанцы здабылі поўную перамогу, хаця па колькасці і па якасці ўзбраення саступалі расійскім жаўнерам. Бітва пад Мілавідамі лічыцца адной з самых значных у ходзе паўстання.
Але калі быць дакладным, сёння на Мілавідскім полі пра бітву нагадваюць ажно 3 помнікі. Першы з іх – праваслаўны крыж – пастаўлены яшчэ ў 1913 годзе для расійскіх салдат. Каталіцкая капліца з’явілася ў 30-х, калі гэтыя землі перайшлі да Польшчы. А ў 90-х мінулага стагоддзя расстараліся і беларусы, усталяваўшы камень у гонар беларускіх касінераў з надпісам “За вашу і нашу свабоду”.
Трэба выдаткаваць дзень часу як мінімум, каб наведаць хаця б пералічаныя мясціны. А колькі ў нас іх яшчэ! Брацкія і адзіночныя магілы паўстанцаў, іх радавыя маёнткі, лясы, дзе яны хаваліся, палі, дзе прымалі няроўныя баі з ворагам. Дадайце сюды яшчэ адзнакі пра людзей, якія ім, як Эліза Ажэшка, дапамагалі.
Гэта цэлае падарожжа, якое тым цікавей, чым больш ведаеш сваю гісторыю.
Ответить