Ініцыятыва грамадскага аб’яднання аматараў мастацтваў “Тур”, накіраваная на сацыяльную рэабілітацыю былых вязняў вайны і проста пажылых насельнікаў маланаселеных вёсак, у мінулым годзе мусіла закончыцца. Аднак міжнародная грамадская арганізацыя “Узаемапаразуменне”, што дзейнічае супольна з нямецкім фондам “Памяць. Адказнасць. Будучыня” дала магчымасць яму рэалізоўвацца на працягу яшчэ трох гадоў. І вось цяпер “Вёска, якая не павінна знікнуць” занава стартуе на Жабінкаўшчыне.
Самы малы з раёнаў рэспублікі ўяўляе для праекта не меншую цікавасць, чым большыя яго суседзі. Па той простай прычыне, што былых вязняў – цяпер імі лічацца як насельнікі канцлагераў, так і вывезеныя на прымусовыя працы “остарбайтэры” – тут пад 50 чалавек. Большая іх частка жыве ў самой Жабінцы і праз гэта не з’яўляецца мэтавай групай праекта, а 22 чалавекі селяцца па вёсках раёна.
Першы этап працы праекта на новым месцы – гэта заўсёды азнаямленчая экспедыцыя з мэтай знаёмства з былымі вязнямі і выбарам вёскі, у якім надалей будуць развівацца ўсе падзеі. Адна з аўтараў ідэі “Вёскі, якая не павінна знікнуць” Ларыса Быцко зазначае, што пакуль на Жабінкаўшчыне такі населены пункт не абраны. Магчымым кандыдатам з’яўляецца вёска Мажэйкі, дзе пражываюць ажно 3 былыя ваенныя вязні, аднак за ёю па пятах ідуць Баранцы з бабулямі, што спявалі раней у фальклорным калектыве і паслужылі б апорай праекта на наступных этапах. Таму выбар, што належыць зрабіць каардынатарам праекта, абяцае быць нялёгкім.
Ответить