Розных бабулек у якасці гераінь я вельмі люблю. З імі атрымліваюцца цікавыя рэпартажы і інтэрв’ю, яны не надта задумваюцца, як хто на іх словы адрэагуе, і вельмі дасціпна адказваюць на пытанні. Часам абрагочашся, пакуль зманціруеш сюжэт на радыё. Асабліва калі гераіні размаўляюць на дыялекце.
Але ў выпадку з Янінай Ліхадзіеўскай смяяцца надта не выпадала. У гэтай 89-гадовай бабулі я мелася распытаць пра яе лагернае мінулае. Найбольшую цікавасць выклікаў факт, што Ліхадзіеўская атрымала свае 10 гадоў за ўдзел у тым самым неадназначным Саюзе беларускай моладзі, які існаваў на акупаванай немцамі тэрыторыі Беларусі.
Пачытайце Салжаніцына
Яніна Аляксандраўна аказалася маленькай, худзенькай, але вельмі жвавай жанчынай з няўрымслівым характарам. У дзве гадзіны я знайшла яе на шпацыры ў дворыку, і яна рашуча адмовілася ад дапамогі занесці яе складное крэсла ў дом. “Я ўжо сябе, канешне, раздражняю. Там рассыплеш, там разальеш… Не слухаецца ўжо цела”. Гэтыя словы гаворыць тая, што тут жа ставіць крэсла ля кухоннай шафы і збіраецца ўжо лезці за прыборамі ледзь не пад столь. У мяне з жахам праносяцца ў галаве карціны пра пераломы шыйкі бядра, і я нейк паспяваю падбегчы і перахапіць ініцыятыву.
− Дык пра што Вы хацелі пагутарыць? Пра лагер? Магу сказаць Вам адно: пачытайце Салжаніцына, і будзеце ведаць пра лагер усё. Я б таксама пачытала, каб там не была.
Больш я не задавала Яніне Аляксандраўне ніводнага пытання. З дзіўнай паслядоўнасцю, лагічнасцю жанчына паўтары гадзіны расказвала мне пра “вялікі лагер” пад назвай Савецкі Саюз, пра шчаслівае дзяцінства ў ім і ўсё, што з таго шчаслівага дзяцінства вынікала.
Як у Васіля Быкава, гісторыя пачыналася ў эпоху калектывізацыі.
Тады яшчэ быў горад Менск
“Нарадзілася я пры Польшчы,60 км ад Мінска, Мар’іна Горка – Пухавічы. Дзяцінства маё там прайшло да 7 год. Я не памятаю, якое там было дзяцінства. Напэўна, як ва ўсіх.
А вось з 8 год, калі і прыйшлі да нас Саветы, то я гэтае дзяцінства запомніла. Такі быў час – усе чакалі Саветаў. Думалі, што спусціцца нехта з неба і дасць нам такое жыццё, што будзем мы, як сыр у масле, плаваць.
Прыйшлі яны. А ў майго бацькі брат служыў у польскай арміі, ён адступіў, калі Саветы займалі тэрыторыю Беларусі. Тады яшчэ быў горад Менск. Мой дзед па маме быў у Менску начальнікам вялікім.
Бацькаў брат быў нежанаты і адступіў, пераехаў у Польшчу. А ў бацькі трое дзяцей, стары наш дзед (ляснічы ў пана Катовіча) і паралізаваная бабуля, то ён і застаўся на хутары. Гаспадарка ў нас была. Каровы, конь – ну вы самі ведаеце, што бывае ў сялянскай гаспадарцы, каб селянін жыў. І каб краіна жыла.
Бацьку забралі ў 1929-м. Мы нават не ведалі за што. На 3 гады выслалі ў Архангельскую вобласць, горад Волагда. Маці засталася з траімі дзецьмі, малодшаму – паўтара гады.
Неяк да нас прыехала маладая дама ў скураной тужурцы, з пісталетам, на добрым кані. І заявіла, што ў нас 3 дні, каб сабрацца да бацькі ў Волагду. Да нас прыставілі канвой, каб з хлявоў нічога нікуды не дзелася. Тады ж яшчэ не было калектывізацыі.
З’ехаліся ўсе родныя. Нехта шые, нехта вяжа. Мы, дзеці, не маглі зразумець, што вакол адбываецца. Сядзім на печы і назіраем, як па хаце носіцца мама, плача, крычыць, рукамі за галаву хапаецца.
Тут маме брат яе гаворыць: “Аня, едзь хутчэй у Менск, прыехала Крупская”. Мама паехала і дабілася, каб нас пакінулі.
Праз 3 дні прыязджае тая ж дама і гаворыць: “Развязвайце свае вузлы”. Мы, дзеці, нават крыху расчараваліся. Мы ж, наадварот, радаваліся, што кудысьці едзем.
І гаспадарку нам таксама пакінулі”.
У нас быў сусед…
“Праз 3,5 гады вяртаецца бацька. Мы яго ўжо забыліся. Гулялі ва двары ды пабачылі, што нейкі дзядзька сядзіць пад каштанам ды плача, на нас гледзячы.
У нас быў сусед, які раней вельмі чакаў Саветаў. І майго бацьку ён не палюбіў, бо той быў каталік і за яго багацейшы. Мой бацька працуе, а той ляжыць ды чакае Саветаў. І калі яны прыйшлі, ён ім і сказаў пра бацькавага брата. Аказваецца, за гэта майго бацьку і пасадзілі – абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Польшчы. Гэта быў першы данос.
Другі данос быў, калі бацька вярнуўся. У нас ваўсю калектывізацыя. Мы толькі бачым, як ноччу вывозяць адных, другіх… Даходзіць чарга і да нас. Прыходзяць: “Усю гаспадарку аддавайце ў калгас і самі ўступайце”. Бацька, напэўна, адмаўляўся.
Што ж. Яны прыязджаюць, зноў ставяць варту, усё за дзень вывозяць і гавораць, каб да вечара духу нашага не было. Дзед пытае: “А куды ж мне і дзецям ісці?” – “Ну ты ж быў ляснічым у пана. Да ваўкоў іх і вядзі”. Мы пайшлі ў лес, і адтуль нас забралі сваякі ды адвезлі да бабулі.
Бацька знайшоў працу ў Асіповічах, і мы туды перабраліся. Здымалі невялікую частку доміка. У 1937 годзе другі раз забіраюць бацьку. Прыйшлі ноччу, мама нас нават не будзіла. Зноў не ведалі, за што і куды.
Мама ўладкавалася на працу прыбіральшчыцы на бойні, але мы ж сям’я ворага народа. Прыходзіць аднойчы мама з работы, а ў нас акно выстаўленае і частка сцяны зрэзаная. І мы сядзім усе трое, як вераб’і, адзін да аднаго прыціскаемся. Было холадна, кастрычнік на дварэ. Мама адразу здагадалася, што гаспадар дома гэта зрабіў для таго, каб мы з’ехалі. Мама ў роспачы кажа: “Я вас аддам дзяржаве, а сама пакончу жыццё самагубствам!”. Мы пачалі крычаць, і нас пашкадавалі суседзі-габрэі, забралі да сябе. У іх была кантора, маму ўзялі прыбіральшчыцай. Там у калідоры мы і цясніліся. Без усялякай мэблі. З рэчаў толькі вопратка і штосьці з пасцельнай бялізны.
Дзяцінства, канешне… Бачыце самі. Бацька сядзіць, раскулачаныя, у школе на нас глядзяць па-іншаму. Мы бачым, як апранаюцца, што ядуць, а ў нас такога няма. Але мы толькі і чуем, што ў нас самае шчаслівае дзяцінства, што “нет больше страны, где так вольно дышится человеку”. Я гэта добра запомніла.
Школьныя святы. Усё лепшае апранаем і нясем “бацьку роднага”. Мы глядзім на яго і крычым: “Дзякуй табе за нашае шчаслівае дзяцінства!”. Мы думалі, што і на самай справе мы такія шчаслівыя, і краіны другой такой няма, як наша краіна.
Вось у гэтай краіне я заканчваю 7 класаў і паступаю ў школу медсясцёр. Думала, павучуся і, калі ўсё будзе добра, паеду паступаць у Мінск. Вельмі хацела быць урачом”.
Наляцелі месершміты
“Я закончыла першы курс, калі пачалася вайна. Якраз здала апошні экзамен.
Людзі бегаюць, нешта купляюць… У нас грошай няма, таму мы проста чакаем. Аб’явілі эвакуацыю ў вёску.
Мы ідзём у вёску. Там нас ніхто не корміць, бо каму мы патрэбныя ў той вёсцы? У нас жа нічога няма, каб мяняць на ежу. Тры тыдні мы прасядзелі ў нейкім хляве, пасля мама кажа: “Дзеткі, трэба ісці ў горад”.
Ідзём, бачым, а там ужо немцы. Невялікая рэчка, яны там купаюцца, мыюцца. Мама непакоіцца: як жа міма іх прайсці? Вельмі за нас хвалявалася з сястрой. Яны нас і напраўду перапынілі, але распыталі, куды ідзем, далі шакададку і адпусцілі.
…І вось нас забіраюць у Германію. У сям’і дзве дзяўчыны, значыць, адну трэба забраць. Забралі сястру. Яна там зрабіла сабе, калі па-лагернаму казаць, мастырку – раздрапала нагу і чымсьці памазала. Яе камісавалі і адправілі дадому. Забіраюць мяне”.
Саюз беларускай моладзі
“Я ўжо чакаю адпраўкі, але тут прыходзіць чалавек і выклікае траіх дзяўчат — мяне, Ядзвігу Сушынскую і Вольгу… не памятаю прозвішча. У Мінск на курсы. Мы не ведалі, што за курсы, нам ніхто не казаў. “А калі не паедзеце, адправім вас заўтра ў Германію”.
Я маме ўсё пераказала. Мама кажа: “Дачушка! Калі цябе адправяць у Германію, мы цябе ўжо ніколі не ўбачым. А калі паедзеш на курсы – будзеш жывая”.
Еду на курсы.
Барак. На беларускай мове ўсе размаўляюць. Вітаюць адзін аднаго “Жыве Беларусь!” Спяваюць песні. Мы гэтага ўсяго не ведалі. У нас быў адзін урок беларускай мовы на тыдзень, але мы да яго так ставіліся, разумееце?.. Усё ж перавялі на рускую мову. А мы палонныя, нічога з намі не паробіш.
Спяваем. Павадзілі нас па Мінску. Моладзь закідвае нас каменьчыкамі і крычыць: “Белая гусь! Жыве Беларусь! Жыве Беларусь! Белая гусь!” Нам расказвалі пра Бярэсце, расказвалі, як паўставала і развівалася Беларусь. Хацелі ўзнавіць сваю нацыянальную прысутнасць. Мы гэтага не маглі ўспрыняць, таму што ў нас ужо было савецкае выхаванне. Мы тое выхаванне таксама не прымалі, але страх ад таго выхавання ў нас ужо быў. Савецкая ўлада і наш любімы бацька – гэта была такая страшылка для нас, што мы нават падумаць нешта баяліся.
Прайшло два тыдні. Мяне прызначылі быццам галоўнай і адправілі дадому. Я прыязджаю ў свае Асіповічы. Арганізоўваць няма каго: яўрэяў прыбралі немцы, астатнія пайшлі ў партызаны. Няма з кім спяваць, няма з кім займацца. Яны мяне разжалавалі, я ўжо радавы член Саюза беларускай моладзі.
Праз нейкі час выклікаюць мяне ў Мінск. “Мы збіраем групу для адпраўкі ў Германію на экскурсію. Ты паедзеш таксама”. Павазілі па нейкіх гарадах, пазнаёмілі з гітлерюгенд. Яны нам песні паспявалі, мы на іх паглядзелі, яны на нас паглядзелі, і на гэтым развіталіся. Гэта цяпер бы я зразумела, для чаго мяне адпраўляюць. Я, можа, яшчэ б і папрасіла застацца. А тады быў зусім іншы час. Мы былі наіўныя. Нам хацелася дамоў – вайна ж ідзе.
Вяртаемся ў Мінск. Я хачу ехаць у свае Асіповічы, але мне кажуць, што тэрыторыю занялі партызаны. Нас саджаюць у вагоны і зноў адпраўляюць у Германію. Я нават з роднымі не сустрэлася”.
“Не думала, што за СБМ мяне пасадзяць”
“Прывезлі нас у Патсдам і ўладкавалі на працу. Працую там, працую ў Берліне, з такімі ж, як я, чакаю перамогі. Калі нашы наступалі, з падвала не вылазілі. Тут ужо немцы кажуць: “Фройляйн, выходзьце. Гітлер капут!” Мы выйшлі і сапраўды – нашыя войскі.
Мяне пакінулі ў Германіі. Спачатку я была перакладчыцай у СМЕРШы, у тройкі. Але сышла, яны сябе вельмі некультурна паводзілі.
Адкрыўся рэстаран “Масква”. Адабралі шмат дзяўчат, якія хацелі ехаць дадому, працаваць там афіцыянткамі. Нагледзелася там на пераможцаў. Пілі, елі, паводзілі сябе так, што і гаварыць не хочацца. Запомніліся добра.
Нарэшце выязджаю дадому. Там я ўжо была на заметцы. Мне нават падаслалі ў Германію Галачку Кагачэўскую, якая прыехала нібыта таксама ў рэстаран працаваць. Прыехала і так да мяне прычапілася! Я з ёй мала размаўляла, бо мне гэта падавалася дзіўным, але нешта за Саюз беларускай моладзі я ўсё ж ёй расказвала.
Я прыязджаю дадому, заяўляюся ў органы, і тут забіраюць маю сястру, хоць ні ў якім саюзе яна не была. Яна жыла ў Роўна, выйшла за ўкраінца замуж. Іх дзіцю было толькі паўгода, калі яе забіралі. Мама забрала сына Рэгіны да сябе, і я марыла, што выхаваю яго. Я ж і падумаць не магла, што мяне пасадзяць за Саюз беларускай моладзі. Але муж Рэгіны патрабаваў, каб мы прывезлі сына яму, я так і зрабіла.
Калі вярнулася з Роўна, арыштоўваюць і мяне. 29 студзеня 1946 года. Якраз нядаўна прыйшоў бацька, я нават пагаварыць з ім не паспела, распытаць, дзе быў і за што яго пасадзілі. Сказаў толькі, што браў ежу ў сабак.
Як можна гэта ўсё забыць? Яно запісана ў мазгу так, што я забуду толькі тады, калі зраблю апошні выдах.
Прывозяць мяне ў Мінск. Кароткі допыт. Мяне кідаюць у камеру да рэцыдывістак. Яны ўсе распісаныя, размалёваныя, размаўляюць на сваім жаргоне. Я не ведала, што такія ёсць. Я ў дзвярах так і стала. Яны на мяне паглядзелі. Я ж толькі з Германіі, ды яшчэ з рэстарана, дзе працавала. У мяне выгляд тады быў прыгожы. Яны кажуць: “Нямецкая падсцілка” — і паказваюць, што спаць буду пад нарамі. І ўсё. Больш яны са мной не размаўлялі.
Зноў выклікаюць на допыт. Я ўсё расказваю. Нікому ніколі не спавядалася, а тут спавядаюся перад гэтымі д’ябламі. Зараз бы я сказала, навошта я паехала ў Германію! А тады казала ўсё, як ёсць, па-чэснаму.
Доўга следства не вялося, напэўна, з тыдзень. Тая ж тройка, на якую я працавала, толькі ў іншым складзе: “Вы прызналі сябе вінаватай. 10 год аддаленых лагераў. Апошняе слова”.
А што я павінна сказаць? Кажу, калі буду жывая-здаровая, паспрабую апраўдаць сваю віну. Якую віну? А яны мне такую віну напісалі!.. Што я змагалася супраць бальшавізму, што збірала атрад у 100 чалавек, спявала антысавецкія песні, вербавала за мяжой людзей не толькі ў СБМ, але і нейкую Краёвую армію”.
Уся краіна – адзін ГУЛАГ
“Прывозяць нас у Іркуцк, пагружаюць на баржу і па рацэ Лене, Ангары вязуць у Бадайбо. Спачатку працуем на земляных работах, а зімой – на павал. Абмундзіравалі ў страшную вопратку. За 9 год я ні разу не атрымала новай куфайкі, новага бушлата, сукенкі, штаноў. Усё было ўжо скарыстанае. Начальнік прама сказаў: “Нам патрэбна вашае прыніжэнне. Але праца таксама”. Нормы былі вялізныя, а кармілі вельмі мала. Сёй-той не вытрымліваў і сыходзіў з жыцця.
А сястру маю (прашу прабачэння, забылася сказаць) адправілі на Усход. Таксама далі 10 год. Яе абвінавацілі, што выдала партызанскі атрад. Яна пра гэта даведалася толькі пасля рэабілітацыі. 7 год прабыла ў лагерах і не ведала, за што. Сына, бедная, страціла – яго выхавала іншая жанчына. Жах адзін!
Пасылкі нам дазваляліся раз у год без ніякай перапіскі. З гэтай пасылкі я не магла сабе нічога ўзяць, усё забіралі на месцы. Сваю вопратку бачыла на іншых.
Калі я ўжо не магла ўстаць з нар на лесапавал, тады пераводзілі ў іншы атрад і там давалі крыху больш кашы. На ноч распранутую выводзілі ў наручніках у карцэр. І гэта зімой. Не ведала, ці дажыву да раніцы, але мне было ўсё роўна. І я ж выжыла. Разумееце? Выжыла! Во чалавек – звер загіне, а ён выжыве.
Летам мы па калена ў вадзе будавалі нікому не патрэбную дарогу. Выкарчоўвалі такія пні ад дрэў, якія зімой пілавалі… Уручную!
У 1950-м нас (не ўсіх) адпраўляюць у Іркуцк. Пагружаюць у сталыпінскі вагон. Гэта як купэ, толькі з нарамі. Трэба залазіць нагамі, а галавой класціся ў праход. І мы толькі ляжым, сядзець мы не можам.
Вязуць нас у бухту Ваніна. А там ужо мая сястра, ў іх лагеры таксама групу сабралі. І вось яна мяне знайшла. Падхапіла і панесла, бо я ўжо ісці не магла. І нас разам адпраўляюць на Калыму. Сястра яшчэ нядрэнна выглядала, на Усходзе ў іх быў добры начальнік. А я была мерцвяком.
Прыплылі мы ў Нагаева, там прапуснік. Нас з сястрой разлучылі. Яна застаецца ў Магадане, на будаўніцтве, а мяне адпраўляюць на Будугучас. Там дабывалі касцерыт. Вельмі прыгожы чорны матэрыял, яго ў ваенных мэтах выкарыстоўвалі. Тут доўга ніхто не затрымліваўся таксама. Усё-такі радыяцыя. Я там пабыла, напэўна, гады 2.
Не памятаю, у якім годзе вярнулася ў Магадан. На будаўніцтва адміністратыўнага комплекса. Увогуле выкарыстоўвалі нас… Я працавала на цагляным заводзе, на лесапільні… На якіх цяжкіх працах! І ніводнага дня не была на бальнічным. За 9 год ні катару, ні тэмпературы. Даходзіла толькі таму, што дрэнна харчавалася.
І нас заўсёды суправаджала група рэцыдывістаў, якая не працавала. Мы за іх адпрацоўвалі. Калі я не паспею свае100 гхлеба з’есці, то яны могуць забраць. Яны сядзяць каля труб у бараках, нас блізка да цяпла не падпускаюць. А якія халодныя былі баракі! Першыя тры гады нам ніякай пасцелі нават не выдавалі. З травы рабілі падушкі. Толькі ў Магадане нам упершыню выдалі коўдры. Гэта жах адзін! А там жа спрэс 20-гадовыя дзяўчаты.
Там я знаёмлюся са сваім мужам, такім жа гулагаўцам. Там у мяне дачка нараджаецца. Ніякага не было дэкрэтнага адпачынку, да самага канца прымушалі працаваць. І ўсё-такі дачка ў мяне з’явілася. А пасля яшчэ і другая.
Увогуле ГУЛАГ гэты… Я ўсім кажу, што вучылася ў МДУ, але з практыкай. Не можаш – навучым, не хочаш – прымусім…
Можа, нешта забылася. Усё-такі шмат год прайшло. Але што я ніводнага дня не была на лёгкай жаночай працы – гэта дакладна.
…Я з начальствам была не ў стасунках. Не магла іх бачыць. Яны гэта ведалі і бачылі ўва мне сапраўднага ворага. Я не магла ім ні ўсміхацца, як іншыя, ні прайсці міма, каб не плюнуць. Я пераканалася ў іх несправядлівасці, іх жорсткасці, іх хамстве. Гэта перавярнула ўсё. Я нарадзілася занава. Я згубіла веру ва ўсё.
Мяне пыталі, ці я галасавала на апошніх выбарах. Я адказваю: “Гэта вам трэба галасаваць і патрабаваць са сваіх абраннікаў. А ў мяне ўжо ёсць свая ніжняя і верхняя палата”. Нас заўсёды падманвалі. Як жа я буду галасаваць, калі ведаю, што абяцанняў ніхто не выканае?
Я веру, што ёсць нешта найвышэйшае, але ў касцёл больш не хаджу. Я зайшла адзін раз, там быў музей. У касцёле музей! Зараз там зноў касцёл, але на яго паказвае “мой дзядуля”, і я не магу туды пайсці. Гэта ж быў “мой дзядуля”! Я прыходзіла са школы і роднаму дзеду казала: “Ты не мой дзядуля – вось хто мой дзядуля!”. Дзед казаў, што калі-небудзь патлумачыць. Але я ўсё зразумела сама.
Я б ніколі не паверыла, што зараз таксама ёсць палітычныя вязні. Аказваецца, яны ёсць. Я магу ім толькі пажадаць заставацца са сваёй марай, верыць сабе і людзям, якім давяраеце. Мне б хацелася, каб найхутчэй выйшаў апошні з магікан. Таму што турма – гэта турма”.
Так плаўна размова перайшла на дзень сённяшні. Праўда, надзённыя тэмы мы абмяркоўвалі ўжо без дыктафона. “Мне гэта не падабаецца”, — часта паўтарала Яніна Ліхадзіеўская. Цэны растуць штомесяц – “мне гэта не падабаецца”. “Хіба гэта зефір? Не падабаецца мне якасць цяперашніх прадуктаў”.
Сваёй шчырасцю, прынцыповасцю і прагай справядлівасці Яніна Аляксандраўна нагадала той самы ідэальны вобраз камуніста, да якога самі бальшавікі крочылі-крочылі, ды так і не дакрочылі.
Ответить