Опт кульгае
Начальнік упраўлення гандлю і паслуг Уладзімір Краўцоў зрабіў выснову, што у мінулым годзе на рынку вобласці прысутнічала стабільнасць. Аднак рост дабаўленага валавага кошту ў 104,5% дасягнуты перш за ўсё станоўчай дынамікай у рознічным гандлі – 113,3% замест зададзеных 105%. Зварот жа прадпрыемстваў аптовага гандлю не дасягнуў нават узроўню крызіснага 2011 года і склаў усяго 91,3%. Прычым пацягнуў статыстыку ўніз менавіта дзяржаўны опт, доля якога на рынку складае 40%.
Кожнай буйнай краме – па сялу
“Бясконца казаць ім “не” мы не зможам”, — сказала на калегіі намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч, маючы на ўвазе прыход буйных крам у малыя гарады. Падобна, што больш дзяржава і не збіраецца адмаўляць супер- і гіпермаркетам у пакарэнні новых даляглядаў, аднак распаўсюдзіць на іх прынцып сістэмы спажыўкааперацыі, калі абслугоўванне сельскага насельніцтва ў многім адбываецца за кошт прыбытковых крам у раённых цэнтрах. У Жабінкаўскім раёне на такіх умовах пачаў працаваць “Евроторг”, які, маючы гандлёвае памяшканне ў горадзе, з 4 лютага па пэўных вёсках пусціў яшчэ і аўтакраму. Гэта першы такі вопыт у краіне, але, па словах Ірыны Наркевіч, хутчэй за ўсё ён будзе падтрыманы і атрымае развіццё па ўсёй рэспубліцы.
Папера ў пашане
Чыноўнікаў са сферы гандлю засмучае, што Брэсцкая вобласць займае апошняе месца ў рэспубліцы па ўдзельнай вазе безнаяўных грошай – усяго 10% разлікаў ў таваразвароце супраць агульных 13% па краіне. Тэрміналамі для разліку пластыкавымі карткамі абсталявана толькі 33% гандлёвых аб’ектаў. Але ва ўпраўленні гандлю і паслуг аблвыканкама ўпэўнены, што колькасць тэрміналаў узрасце ў сувязі з новымі, больш жорсткімі патрабаваннямі да іх усталявання. Ужо распрацаваны праект пастановы Савета Міністраў і Нацыянальнага банка, які прадугледжвае, што да 2016 года электронныя разлікі будуць складаць палову ад агульных разлікаў у рознічным таваразвароце і аб’ёме платных паслуг.
Рэанімацыя “Брэсцкага піва”
На калегіі быў прадстаўлены новы дырэктар ААТ “Брэсцкае піва”. Ім два тыдні таму стаў былы намеснік генеральнага дырэктара канцэрна “Мясамалпрам” Валерый Мацкевіч. Перад новым дырэктарам стаіць нялёгкая задача – за паўгода, згодна з указаннем прэзідэнта, узнавіць эканоміку прадпрыемства. 2013-ы год “Брэсцкае піва” сустрэла з вялізнымі стратамі і адмовай кіраўніка дзяржавы прадаць яго інвестару. Зараз абласным чыноўнікам, прымяняючы адміністратыўны рэсурс, належыць ператварыць прадпрыемства са стратнага ў прыбытковае.
Ответить