Як паведаміла намеснік загадчыка метадычнага кабінета аддзела адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна г.Брэста Ніна Дрык, былі ўзнагароджаныя пераможцы 2-га этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры і конкурса творчых прац да 130-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа. Акрамя таго, вучні школ раёна ў гэты дзень згулялі ў правапісную гульню “Буслік”, якая праводзілася ва ўсёй краіне.
Што да гасцявога 2-га “Б”, то патлумачу больш. Гэтыя трое хлопчыкаў і дзве дзяўчынкі склалі адзіны ў горадзе беларускамоўны клас. Ёсць у народзе такое выслоўе: “да торбы дакаціцца”. У гэтым сэнсе, факт, што мы да яе даплылі, — прыбіла плынню. Мабыць, мала чыталі Купалу і зноў папыталі ў Прарока грошай.
Гэтыя класы, групкі, вочкі – яны для мяне паўтараюць лёс бульбы. Прыйшла вясна – і яна неадпрэчна пачынае расці, у якой цемры ні ляжала б. Да сонца цягнецца. Дык вось, каб не абрываць парасткі, — адкрыйце ім таго сонца. Месца падрыхтуйце, куды перасадзіць.
Ад прафесуры, за добра прачытаныя вершы, дасталі дзеці белкласа на Свяце шакаладкі. Перадала іх загадчык кафедры філалагічнага факультэта Брэсцкага дзяржуніверсітэта Марыя Новік. Дастаткова нечаканы жэст зрабіла грамадская арганізацыя “Белая Русь”: пяцёра дзетак атрымалі 10 кніжак, “Беларускія народныя казкі” і тлумачальны слоўнік.
Вельмі спадабаўся Маргарыце Вялічкінай, маці беларускамоўнага школьніка, канцэрт. “Выдатныя песні! — кажа яна. — Чысты спеў. Вялікая праца педагогаў, практыкаваліся шмат, няйначай, а нагрузкі гэтай – не адчуваецца. Лёгкае выкананне”. Пагаджуся: нашы дзеці прыгожа гавораць па-беларуску. Калі параўнаць са школьнікамі-беларусамі ў Польшчы, дык тыя гавораць можа і з большай ахвотай, але , як правіла, з акцэнтам. Не суцяшаюся тым, што ёсць яшчэ горш, чым у нас. Маю на ўвазе іншае: выраўноўваць усё роўна спачатку трэба нам, бо называемся Беларусь.
Фота: беларускі клас 2”Б” школы №34 на Свяце роднай мовы
Ответить